Я і гэта сцярпеў.
Ну як хочаш, мне будзе больш... Дык хоць еш!.. Ах, праўда, у вас інтэлігентныя страўнікі, розныя дыэты, рэжымы, пячонкі...
«Дзе ён жыве? Хто яму мые бялізну?.. Аднак хтосьці ж церпіць яго!.. А можа, ён вечарамі нават гуляе з дзецьмі — сваімі ці чужымі?!.»
Захацелася даведацца пра сябра больш падрабязна, але я не стаў мучыць Віктара. Толькі паказаў на пусты рукаў:
Віця, ты ніколі не расказваў мне. Дзе цябе стукнула. У самалёце? Раскажы, калі ласка!
Вось і крыўдна, што на зямлі! — неахвотна кінуў ён.
Ну-у? — здзівіўся я больш чым трэба, выклікаючы яго тым самым на шчырасць.
У лесе натрапіў на леснікоў-гадаў, — уздыхнуў ён.—Вырата-вала адна полька — нямецкая перакладчыца з Вільні...— Вочы яго зацяпліліся, і ён здаўся мне ўжо добрым хлопцам.
Курносая! — крыкнуў ён афіцыянтцы.— Падай, дзетачка, папярос!
Перакладчыца?
Ага...
«Ці мала было тады ў Вільні перакладчыц-полек, якія ратавалі нашых людзей?» — супакоіў я сябе.
Збілі мяне пад Беластокам,— закурыўшы і прагна наглытаў-шыся дыму, пачаў ён апавядаць.— Прызямліўся я на агародзе, адчапіў парашут і — ходу. З сабой меў толькі пісталет. Зайшоў на нейкі хутар. Дзядзька даў на дарогу сала, торбу квашанай капусты, салдацкую коўдру, запалак, табакі, і я падаўся на ўсход. Прабіраўся ноччу. Днём вылежваўся ў гушчары і дрыжаў: макрэнь, холад, доўгія дні — мае ворагі. Ежа хутка скончылася. Вопратка каторы дзень не прасыхала. Вылеціць птушка — уздрыгваю, з-за кожнага куста так і чакаю ворага. Адным словам, становішча — хоць ты плач!
На другі тыдзень схапіла мяне яшчэ і ліхаманка. Аслабеў зусім: думаў — капут! Хоць бы на партызан патрапіць!.. I вось нехта мяне штурхае руляй вінтоўкі пад бок. Прачнуўся і доўга не магу дайсці да ладу. Ляжу зусім блізка ля шашы, між свежых сажняў дроў. Як сюды забраўся, не магу ўспомніць. Бачу над сабой двух з вінтоўкамі. Партызаны!.. Прашу: «Вады!» — «А ну, хопіць вылежвацца! — злуюцца і зноў поруць вінтоўкамі:— Уставай!» I тут бачу — леснікі!
Аднаго з іх я палажыў адразу. Другі стрэліў у мяне, перабіў косць правай рукі і скочыў, падлюга, за дрэва. Пачалася дуэль. Ён — з вінтоўкі, я — з пісталета. Абодва гарачымся. Я з левай не магу пацэ-ліць. Ён, гад, прастрэліў яшчэ мне грудзі.
Нарэшце выйшлі ў мяне патроны. Але скончыліся яны і ў лесніка. Ён схапіў вінтоўку і пабег. Я не знайшоў сілы перазарадзіць пісталет, самлеў.
Калі вярнулася прытомнасць, гляджу — я ў вясковай хаце. Нада мной схіліўся доктар і робіць уліванне крыві. Я ж трасуся, спатнеў увесь. Правай рукі — няма! Пальцы, далонь, локаць адчуваю, а самой рукі няма, от фокус!.. Ну... А праз месяц праходзіла ваша група, і мяне падабралі хлопцы. Віктар зноў прагна зацягнуўся.
Ну, а далей? — падагнаў я лётчыка.
Віктар тыцнуў акурак у талерку:
— Ачуняўшы, пацікавіўся, як жа я апынуўся ў дзядзькі. I людзі мне расказалі. На шашы ляснік спыніў нямецкую машыну і пачаў тлумачыць, што ў лесе ляжыць савецкі дэсантнік. З немцам ехала перакладчыца. Яна пераклала, быццам у лесе сасной прыдушыла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога.
Лясьнік, вядома, нічога не зразумеў. Немец пасадзіў яго ў машыну, і яны паехалі. А праз гадзіну дзяўчына вярнулася ў лес з доктарам-палякам. Дзе падзеўся ляснік — таямніца. Мяне прывезлі ў вёску, адрэзалі руку, перавязалі грудзі...
А перакладчыца якая з сябе? — замёр я.
Не бачыў. Быў непрытомны, калі прыязджала. Доктар не-калькі разоў наведваўся. Ён сказаў, што дзяўчына — дачка польскага афіцэра і што я павінен усё жыццё за яе маліцца. Я спытаўся, як зваць. «Канспірацыя!» — засмяяўся ён. Дзядзька гаварыў, прыго-жая...
Не дачка генерала?
Магчыма.
А калі гэта здарылася?
У красавіку сорак трэцяга.
Ты добра памятаеш? — не пытаўся я, а прасіў з іскрай надзеі, хоць добра ведаў і сам, што Кучэрын прыйшоў да нас праз паўгода пасля таго, як я страляў у Дануту.
Такія рэчы не забываюцца, будзь спакойны!
У якой вёсцы жыве дзядзька, дзе ты хаваўся?
Пад Вільняй. Ездзіў я да яго пасля вайны, але ўжо не застаў. У Польшчу выехаў з сям'ёй.
Не можа быць!
Чаму цябе ўсё гэта так цікавіць? Ты што-небудзь ведаеш?
4
Вярнуўся я з камандзіроўкі.
Падала жонка абед, сеў я есці, і нічога не лезе ў горла. Уключыў тэлевізар. Ішоў новы фільм з Таццянай Самойлавай, а ў мяне перад вачамі другое. Выключыў тэлевізар. Прычапіліся з нейкім пытаннем дзеці, і іх прагнаў. Жонка купіла новую пласцінку «Авэ Марыя» Баха (калісьці не любіў класічнай музыкі, не любіў з-за ўзросту), паклаў пласцінку, запусціў, але і класічная музыка не супакоіла, апарат выключыў.
Што з табой, Янка, нездаровы ты? — устрывожылася Стася.— Мо на рабоце што здарылася?
Выдумай!
Дык чаму ж ты такі?!
Я пераказаў ёй усё, што чуў ад Кучэрына. Стася прамаўчала. Толькі потым неяк занадта падазрона паведаміла:
Цяпер у мяне тры ўрокі ў восьмым і дзевятым класах. Іду ў школу. А сёмай спаткаеш мяне перад магазінам «Колас» і дапаможаш несці сёе-тое...
Добра, спаткаю...
Вечарам са Стасяй выходзілі мы з магазіна. Я нёс пакункі, кулёчкі і чакаў буры за сваё прызнанне.
Калі ласка, праходзьце! — у дзвярах прапусціў я нейкую жанчыну, высцерагаючыся, каб яна чаго-небудзь не выбіла ў мяне.
Я не памыліўся ў прадчуванні, бура хутка пачалася. На вуліцы жонка пацягнула мяне за пінжак:
Ты куды гэтак спяшаешся?
За мной не так будуць цябе штурхаць, Стась!
Вельмі ты ўжо стаў аба мне клапаціцца, што і казаць! — з хваравітым раздражненнем заўважыла яна.— Чакай, чакай яго пад магазінам, тырчы ва ўсіх на віду...
Дык не ты ж мяне, а я цябе чакаў, Стася! Ты ж прыйшла ў палове восьмай, спазнілася на цэлыя паўгадзіны!
А-га, ты мяне чакаў таму, што я цябе мелася чакаць, якая розніца!
Ну і логіка ў цябе, не дай бог! — паціснуў я плячамі.
Папрацаваў бы ў школе, тады пабачыў бы, якая ў цябе была б логіка. Падумаеш, пачакаў крыху... ногі яму адпалі!..
Я прамаўчаў.
У апошні час Стася стала занадта нервовай. Найменшае глупства можа вывесці яе з раўнавагі. Што ж, на гэта былі прычыны. Пасля вайны нам з ёю шмат давялося перажыць. Амаль на адной стыпендыі канчалі інстытут. Пажаніліся — ні кватэры, ні вопраткі, ні лыжкі. А тут пайшлі дзеці. Фактычна мы сталі на ногі за апошпія гады. На мне мінулае амаль не пакінула следу, а ёй, беднай, дасталося! Адны дзеці колькі забралі сілы і здароўя.
Я разумеў жонку і стараўся не даваць прычын хвалявацца. Як на бяду, трэба было мне кучэрынскім расказам разварушыць старую рану!..
Замкнёныя дома сыны-дашкольнікі абрадаваліся нашаму прыходу і кінуліся насустрач:
Што купілі? Семкі, ура-а!
Не лезце! — абрэзала маці і іх.
Справы дрэнь.
Я ўдзень слаба паабедаў, і мне захацелася есці. Паклікаў на кухню сыноў, разагрэў на пліце суп, заслаў стол чыстай паперай, паставіў на яго міску.
А ну, хлопцы, давайце падрубаем. З адной пасудзіны, па-партызанску, добра? Стась, хадзі перакусім да вячэры!
Садзімся за стол.
Што ты мне ўсё тыцкаеш кулаком у твар? Не мог разліць кожнаму ў талеркі? Да чужых ты клапатлівы, што і казаць...
Я хацеў, каб табе было менш пасуды мыць! I да каго чужога я клапатлівы больш, як да цябе?!
— Бачыла, з якой галантнасцю ты расшаркваўся перад прыгажуняй ля магазіна: «Калі ласка, праходзьце!»
Ну, ведаеш!..
Гэта было ўжо занадта. Я кінуў лыжку, лёг на канапу, падлажыў пад галаву рукі і ўтаропіў вочы ў столь.
Кажуць, мужык і жонка — самыя блізкія людзі. Гэта так. Але чамусьці ніхто не скажа, што яны могуць быць і самымі далёкімі. Пра некаторыя рэчы, напрыклад, скажаш чужому чалавеку, але ніколі не скажаш жонцы. Цьфу!..
Падышоў старэйшы сын, працягнуў мне жменьку семак і спачувальна запрапанаваў:
На, татка...
Я залускаў.
Ты чаму на падлогу кідаеш? — убачыла Стася.
Добра, буду на столь!
Я паклаў семкі і павярнуўся да сцяны. Не, хопіць з мяне!.. Чым я вінаваты, што на свеце была такая Данута Янкоўская, што я закахаўся?