Выбрать главу
Ня меў свабоды ён ад іх ніколі. Шукаў, пытаў — нічога не знайшоў. Глядзеў на ўсё зь нявычарпаным болем I піў ваду зь гліняных гладышоў.
Суцішыў смагу з рэк Дняпра і Сожа, Дзьвіны і Нёмну, безьлічы крыніц. А ці душу пакрыўджаную зможа Ён перазвонам струнаў напаіць?
Навакол людзі быццам скамянелі. Ці-ж будуць слухаць сьціплую ігру? А тут яшчэ і старасьць стогне ў целе, Ламае косьці ў золкую пару.
Няўжо ляжыць жалоба на пачуцьцях, I ты адзін адкінуты людзьмі, Навошта думкі горкія снуюцца? Зайграй ты перамогу, загрымі!
Яшчэ па струнах спрытна ходзяць рукі, Ты іх з цымбальнай радасьцю зрадні! I за табою пойдуць твае ўнукі, I загарацца восенскія дні.
Няхай зямля абсыпаная лістам, I голы сад у холадзе заснуў. Ідзі ў жыцьцё вясёлым цымбалістам, Іграй пра ветласьць, вусны і вясну.
1927

Вершы з Капры

НА ТЭРАСЕ
На шырокай тэрасе — Радасьць звонкай гітары. Нехта сэрцам стараўся Дагадзіць маёй мары, Дагадзіць маёй песьні На сулад, адмыслова. I спляталіся цесна Гукі струнаў у слова. I я слухаў той голас — Сілу тонкай прынады. На жыцьця майго полюс Паплылі сэрэнады, Паплылі нада мною, Над маёю самотай Хараством, цяплынёю I салодкай пяшчотай. Я ў пакуце пакора, Засмучоны салоўка. Непазбытае гора, Як на горле вяроўка. Боль праходзіць праз прызму, У пачуцьцях — замова. I на Капры капрызна Ў песьню просіцца слова.
АГАВА
Выразаеш сэрца на агаве I гаворыш любай пра пачуцьці... Ты разьбою памятку паставіў, Як разбой эротыка ў закуцьці.
Ты красу зялёную параніў Беднай жыцьцярадаснай расьліне. I стаіць яна ў набожным стане, Чуе ў садзе музыку Расьсіні.
I свае мясістыя далоні Разьвінае, молячыся сонцу. Вось любоў у залатым палоне, А твая палошчацца ў палонцы!
Лёгкадумнасьць. У руцэ сьцізорык. Сок густы і сьмяга маладая... Колькі розных літараў і зорак 3-пад ляза на зеліва спадае!
Калі маеш сэрца, дык навошта Выразаеш сэрца на агаве? Усёроўна гэтым дзікім коштам Не заслужыш прыязьні і славы.
НА ПЛЯЖЫ
Мы з табою ляжам Блізу хвалі. Над бязьлюдным пляжам Сінь, каралі...
Гэта твае вочы, Твае вусны, I твой сьмех дзявочы Так спакусны.
Ці ня раз плячыма Паціскала: Тут усё магчыма Ў гордых скалах.
Тонкі шоўк бікіні Скраў твой сорам... Мора пену ўськіне, — Мы паўторым,
Лясьнем даланямі Па тэй хвалі, У якой мы днямі Пал хавалі.
* * *
Даўно завялі анэмоны... Чужая прыйдзе — ў сьвет пакліча. У Рафаэлявай Мадоны Зазьзяюць вочы таямніча.
А я зірну і усьміхнуся, I позірк мой спляту зь дзявочым, I мы ў сьпякоце і спакусе Напэўна шмат чаго захочам...
I разам радасьць, боль і мукі, I ўсё, што ёсьць на белым сьвеце, Адзіным рухам схопяць рукі Ў гарачым поціску, прывеце.
* * *
Цыкады ў перазвоне. I яшчаркі на скале. Ля выспы Фаралёні Пяюць, сьмяюцца хвалі.
Круты ўзьбярэжжа выступ У мокрай парусіне... Навокал урачыстасьць Зямлі і чыстай сіні.
I небасхіл і мора Зьвязала сонца гужам. Дармо ад сьпекі змора — Я выглядаю дужым.
Басонаж на каменьні, На войстрым і шчарбатым, Стаю, і ў захапленьні Пяю з блакітным сьвятам.
НА ЛЁГКІМ ЧОЎНЕ
Я раніцою ў белай вілі Адчуў усё: і кветак пах, I рыбы смак, што налавілі, I сілу сьвежасьці ў руках,
I кіпень песьні ў кіпарысе, I ў сонным моры сонца ўсход... Душа, жаданьням пакарыся, Вядзі мяне ў блакітны грот.
На лёгкім чоўне зь сіньёрынай Мы паплывем паўз берагі, Зь імкненьнем, з мэтаю адзінай Убачыць сёньня сьвет другі,
Прыгожы сьвет, гульню прыроды, Пячору з казачным сьвятлом, Дзе па вадзе, здаецца, бродам Пайшоў-бы зь любай за чаўном.
Там дно глыбокае паднялі Праменьні дзіўнай сінявы. Там цішыня празрыстай хвалі, Там шлях губляецца крывы.
СІНЬЁРЫНА
Даўней харошая мая Цьвіла ў маёй краіне. А сёньня рыхтык, бачу я, — Сястрыца ў сіньёрыне.
I саламяны капялюш, I ў гэткі-ж колер кудры; I у вачох — лясная глуш, Пагляд спакойна-мудры.
Я перайшоў вялікі мост Адлегласьці і часу. I падымала песьня тост За дзень вясельля шчасных.
Так зразумелай мовай мне Сьпявала сіньёрына. Ласкавы голас зазьвінеў Далёкім успамінам.
I маладосьць ізноў са мной, I сонца ў кіпарысе... I ў сьне стаяла пад сасной Вясёлая Марыся.
АЗАЛІЯ
Вясна ў цябе, Італія! А Капры — сьветлы кут. Цьвіце, гарыць азалія — Пунсовы гэты цуд. Вунь краскамі вясёлымі Штурмуецца гара. Пялёсткаў іхных полымя, Як раньняя зара. I сонца над азаліяй, I морскі вецер дзьме: — Азалія, — сказалі ёй, — Ты ў залатым вязьме. Цьвет ружаў, радасьць гэтая Прынесена вясной. Цьвіці, цьвіці, сагрэтая Паўдзённай цяплынёй. Пясьняр з ваколіц Случчыны Нязнаным тут хадзіў, — Вясёлы, і засмучаны, I ўзрушаны наўзьдзіў... Я ўсё тут бачу іншае — Садоў інакшы строй, Над Капры неба сіньшае... I песьні нада мной Пяшчотнымі ды звонкімі Зьліваюцца ў салют.