Выбрать главу
КРУШЫНА
Расла крушына на Палесьсі. Зьвінеў і цьвіў хмызьняк густы! Азёрны шум блакітнай плесі Прыносіў вецер праз кусты. I войстры пах травы і цьвілі, I воўчых ягад горкі сок Паветра вогкае паілі, Бы ў навальніцу дождж пясок. Прырода шчодрая на ласку Вітала птушняй песьняй бор, Які складаў лясную казку I разьвінаў жыцьця прастор. Дый раптам сьціхла ўсё жывое. Прыйшоў нядобры чалавек, Ён залатыя спляжыў хвоі, Дубы карэньністыя сьсек. Ён вырваў дзікую крушыну Зь лясной глушы і ў сад прынёс. Няхай расьце там каля тыну, Яе інакшай зробіць лёс. Ажно дарэмныя надзеі! На дзікі куст не пазірай! Зямля чужая не сагрэе Таго, хто любіць родны край. Крушыне лес далёкі сьніцца, Нядоляй нудзіцца сваёй. I сьпеюць воўчыя чарніцы Яшчэ гарчэйшыя на ёй.
4.2.45
ПАГАСЛА, ЯК ЗОРКА
На санках абое, — далёкі міраж! — Імчымся насустрач мы ветру дарожнаму. А сонца мядовае коціцца ўсьцяж... Сьнег — цукар... I соладка сэрцу трывожнаму.
I хустка расхутана, i кажушок, I сьмехам угрэтыя грудзі гарэзныя. Раптоўны закрут, на сумёце штуршок, I потым... Я сьцiплую памяць вырэзваю:
Было... Маладосьць нам сьпявала тады. Цьвілі, пацяшаліся нават драбніцаю... Сівую зіму прыгадалі гады, I далеч бязрадна глядзіць чужаніцаю.
I сонца муштарднае ў злоснай імгле, I горкай салетрай Лёг сьнег затварожаны. На санях самотны імчуся, але Ці сёньня сьмяюся я ветру дарожнаму?
Лілейная люба, туляешся дзе? Якою, скажы мне, ты ходзіш сьцяжынкаю? Паблізу і поруч ня бачу нідзе. Пагасла, як зорка, растала сьняжынкаю.
1955
ПАД ДАЖДЖОМ АГНЮ
Прысьвячаецца сыну Iгару
Супакойся, мой сыночак, У вакно не пазірай! Там у ботах кот грукоча, Там вядзьмар чаруе край.
Пад гарою ў царсьцьве сонным Ян-царэвіч на кані Б'ецца з волатам-драконам, Меч гартуецца ў вагні.
На грудзёх таго дракона Заламаны чорны крыж. А пад ім няма закону, — Паліць, нішчыць... Ты дрыжыш?
Ты спалохаўся? Ня бойся! Ён слабы на гэты раз, Ён загіне! Супакойся... I мінецца страшны час...
Суцяшае бацька сына, Моцна туліць да сябе. Ноч за вокнамі няспынна Ў шале поцемкі скрабе.
Паланіца ў небе зоры Пагасіла. Полах б'е. Пад дажджом агню ўвесь горад Звышлюдзкое гора п'е.
22.10.44.
МОЖА ПРЫЙДЗЕШ?
Занямелі ў садзе апусьцелым Вогкасьцю набраклыя кусты. Я чакаю... Я дрыжу ўсім целам. — Можа прыйдзеш ты?
Не. Няма... Няўжо чужой дзяўчыне Я зірнуў усхвалявана ўсьлед? Мроя тчэцца лёгкім павучыньнем I ляцiць у сьвет.
Можа прыйдзеш? Я цябе чакаю З роднай а далёкай стараны. Мо з табой, жаданай, Зноў спаткаю Дні былой вясны.
10.9.44.
ЧУЖАЯ ЗIМА
Толькі словы, а песьні няма. Толькі сьнег, а ці гэта зіма!
Ні марозаў, ні белых завей, Ні жаданьняў, што меў я даўней.
Тут гнілая, чужая зіма. Слова мякне, і песьні няма...
1950
ТЫ СЬПЯВАЛА МНЕ
Ты сьпявала мне «Перапёлачку». На ўспамін дала кветку-зёлачку.
За гады яна сьцярушылася, Толькі песенка не забылася.
На чужыне мне, як пачуецца, Аж да сьлёз магу я рашчуліцца.
Кінуў родны край і каханую, Боль заходлівы рвецца ранаю...
Каб-жа ведала маю долечку, Ці сьпявала-б ты «Перапёлачку».
8.6.44
ЗАЦЬВIТАЮЦЬ ВЯРГІНI
Зацьвітаюць вяргіні Дый ня цешыцца маці. Сын на поўначы гіне, I дачка на чужыне. Іх няма ў роднай хаце...
Маці ў даль паглядае На адплыўшае шчасьце. — Ты, дачка, маладая, Ты — у росквіце мая, Можаш сілы прыкласьці.
Здабывай сабе долю, Тчы шырокія кросны. Хай памру я зь бядою — На чужыне у мроях Для цябе уваскросну.
Я радзімай паўстану. Лепшых летаў, дачушка! Новы Сьвет акіянам Аж да дна ўсхваляваным Тваё сэрца загушкаў.
Хваляваць не пакіне... А ў гародчыку дома Зацьвітаюць вяргіні, Зацьвітаюць вяргіні... Хто іх рве — невядома.
1948
УДОВЫ БУСЕЛ
Хадзіў па атаве бусел — Цыбаты шаноўны госьць. Любілі яго ў Беларусі, Як любяць вясну й маладосьць.
Прасторна было наўкола, Спагада цьвіла на зямлі. На дрэва чаплялі кола, Каб буслы гняздо вілі.
Ды ўрэшце бяда-навала: Чужынец зьявіўся тут. I вяза-асілка ня стала, Распаўся утульны кут.
Разбойнік забіў бусьліху. Гізуе людзкі злы дух. Ніколі такога ліха Ня ведаў цыбаты птух.
Каўтаць сваю крыўду мусіў... Ці бусла каму шкада? Вандруе удовы бусел, Ня мае свайго гнязда.
1951
ПЕРАД ЛЮСТЭРКАМ
Сьмех вясёлы, і магерка, I расшпілены каўнер. Маладосьць мая ў люстэрка Заглядала, а цяпер...
Нехта іншы ў шкле няветлым, Шчасьця згінулі сьляды. Капялюш. Пад фэтрам сьветлым Цёмны твар немалады.