Выбрать главу
Гэта ціхі лямант беднай маці Па сынох, што гінуць дзесьці ў сьвеце, Па разбуранай вайною хаце, Па сьвятыні, кінутай у сьмецьце.
На дзядзінцы — чортава ігрышча. А з выгнанцам ходзіць цень галечы. Плача вечар. Горкі вецер сьвішча. Горад смуткам цісьне мае плечы.
1955
НАД СТАЎКОМ
Над стаўком лятаюць нізка ластаўкі, Лашчаць дзень пахмуры. Я гляджу — Гэта-ж бо трывога крыльлем шастае Ў набліжэньні буры і дажджу.
Прыйдзе ноч, няйначай — з навальніцамі I асушыць сьлёзы на зары. Вунь цьвіце лілея. Дзіўна сьніцца мне: Ты стаіш у белым каптуры.
Сны і ластаўкі лятаюць нізенька Над стаўком, над пеністай бруёй. Жаль на сэрца пацеры нанізвае, А няма суцешніцы маёй.
1954
ЧАСIНАЙ
Вечар пляце, як павук, Цемрадзі сетку. Адвечнае: Гоман у горадзе, грук, Небясьпечнае.
Прывіды, прочкі ідзеце! Як страшна самотным увечары Паэтам і дзецям.
1955
ГЭТАК ЧАСТА...
Калі я адзін, Гэтак часта бывае, Зь мінулых гадзін Менск зазвоніць трамваем. У гэту пару Так няўтульна ў пакоі. Сабе і пяру Не даю супакою. Крычыць аўтабус I падземка грукоча. I грукат угруз У бяссонныя ночы. У сэрцы ляжыць Неўгамоўнае гора. Ня Менск, а чужы Хмарачэплівы горад. Кладзецца на брук Пыл, як цьвіль на скарынку. I гусь, i вяпрук Няжывыя на рынку. I сьмягне трава У глухім панадворку. I нельга трываць, Як пачуеш гаворку Сваіх землякоў. Мроя ўспыхне і сьніцца: Палеская зноў Выбягае крыніца. Кусты і блакіт — Зеляніна і неба. Замовы ракіт Над сугліністай глебай. Балота. Трысьцё. I праз поле гасьцінец... Ну, як пачуцьцё Заглушыць і адкінуць? I хочу я, ледзь Не пазбаўлены веры, У прышлае мець Незамкнёныя дзьверы.
1955
АПОСТАЛ КАХАНЬНЯ
Прырода Палесься Яго напаіла Крынічнаю песьняй, Зарой небасхілу.
I выйшаў ён проста Зь вясковага раньня, Як новы апостал Людзкога каханьня,
Такога зямнога Жывога каханьня, Аж болю замнога, Трывог і згараньня.
Ці ў гэтым загана? Ці-ж доля схлусіла? Пад сэрца загнана Прыгожая сіла.
Палескіх гушчараў Ён мовы ня кінуў. Ня страціў тых чараў На бруку Брукліну.
1957

Пад сузор'ем Стральца

ПАД СУЗОР'ЕМ СТРАЛЬЦА
Ляжыць Стральца сузор'е На недасяжным шчасьці. Хачу агню раскласьці Ў халоднае надвор'е.
Няхай у паляваньні Страла нясецца песьняй. Штораз яна балесьней Мяне нізае, раніць.
Я пад Стральцом ахвяра... Таму і неспакойны Іду, любоўю ўпойны, У мройныя абшары.
1944
ТЫ МЯНЕ КАЛІСЬЦI ПЕСЬЦІЛА
Ты мяне калісьцi песьціла Ў жарскім полымі жыцьця. Ты была маёю песьняю, Дыямэнтам пачуцьця.
Мы ішлі шляхамі рознымі, Але з мэтаю аднэй, I завеямі марознымі, I ў спякотны сухавей.
Шмат мінула дзён, атручаных Горкім чэмерам ілжы. Да цябе я зноў залучаны. — Ці ты ўсьцешана, скажы?
Хай апошняй кропляй горычы На душы зыходзіць ноч... Я нічога не гаворачы Буду ў неба тваіх воч
Пазіраць, каб ціха цешыцца, I таіць салодкі стогн. Не знасіць вады у рэшаце, А каханьня у лістох.
Я на гэтым пераконаны... Я прынёс зялёны май. Ты пастаў букет у конаўку, Як даўней, мяне прымай.
I усьмешкаю ты весьняю Надары свайго гасьця. Станеш зноў маёю песьняю, Дыямэнтам пачуцьця.
Я, — нічога не гаворачы, Бо на словы не ахвоч, — Пазіраць з мальбою горача Буду ў неба тваіх воч.
1943
У ЗАЦІШКУ
З табой я ў зацішку ізноў. Прыходзіць раньне. Таюць зоркі. Для пачуцьця ня трэба слоў, Ня трэба лішняе гаворкі.
Нам сьцеле ў росах сенажаць Кілімы з кветкавых карункаў. А вусны смаглыя дрыжаць I моляць палкіх пацалункаў.
Шугае слодычы агонь У зачарованым палоне. Твая гарачая далонь Ляжыць даўно ў маёй далоні.
I нам ня трэба лішніх слоў, Мы больш паглядамі гаворым... Плыве чароўны сьпеў лугоў, Рамонкам пахне і чаборам.
1943
МОРСКАЯ СКАЛА
Сьмехам мне сказала: — Кінь залёты рупныя! Я — з граніту скала Надта недаступная.
Я — ты бачыш — скала Морская, халодная. А сама ласкавая... I папраўдзе — згодная.
Тонкі стан дзявочы, Хараство сардэчнае. Пазірала ў вочы Ласка супярэчная.
Мне руку сьцiскала: Бура падымалася... I на ўзмор'і скала Хваляй сагравалася.
1952
ВЯСЕЛЬНЫ САД
Мы ў сад з табою выйшлі З будзённасьці пустой. Зірні на гэту вішню! Убраная фатой,