Выбрать главу
Яна, як маладая, Пад сонечным вянцом Сягоньня выглядае Вясёлым дзераўцом.
У радасных настроях, Як дружкі, чарадой Ігрушкі ў белых строях Стаяць ля маладой.
I выслаўляюць сьлівы Бяз слоў сьвяточны лад. Сьпявае час шчасьлівы, Цьвіце вясельны сад!
Ці чуеш, дарагая, Як пчолкі загулі, Як вецер нам іграе Пяшчотна у гальлі?
Выходзь-жа на дарожку, Вясеньні вальс кружы! Так мала дзён харошых, Дый тыя — міражы.
Па гэтым ня журыся, Кружыся матыльком, Я за табой, Марыся, Вячорным сьветляком
Пад засьцей зазігцею I яскай паляту. Мы сьветлую надзею Ня кінулі ў слату.
Мы павіншуем вішню, I зложым хваласьпеў. Ён пажадаць ня лішне, Каб ураджай сасьпеў,
Каб скрозь плады віселі Вясёлаю гурбой... Між цьвету на вясельлі Закружымся з табой.
1952
У МIЖЗОР'Е
Адвячоркам я выйду за весьніцы Насустрэчу табе і вясьне. Будзе мара блакітная песьціцца У паглядзе тваім для мяне. Прытулю цябе, мілая, горача. I на ставе, пад ніцай вярбой, Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы, Я ўсю ноч прасьпяваю з табой. Мы — упрочкі ад явы. Ня змрочыцца I ня згіне імпэт малады. У міжзор'е далёкае хочацца, Дзе няма ні вайны, ні бяды. Мы абое, галубка дрыжоная, Напляцем лятуценьняў вянкі. Ночка гэтая прыйдзе бяссонная, Праглыне і прасьцяг і вякі. Дробна зоры на небе накрышацца, Замігцеюць і ў цёмнай вадзе. Возьмем човен, і ён закалышацца, Паплыве, у сусьвет павядзе. Прытулю цябе, мілая, горача, Станеш ружай пунсовай цьвісьці. Будзе Муза, са мною гаворачы, Працінаць маладосьць да касьці. Твае вусны, як цукар у ягадзе, Будуць таяць, запальваць мяне... Адчуваю спатканьне я загадзя I каханьне між зор на чаўне.
10.4.44
ПАЛЕСКАЯ ТАМАРА
Тану я ў моры мараў, На сэрцы хваль прыбой. Палеская Тамара, О сьветлы вобраз мой! Не мімаходзь заскочыў Я ў госьці да цябе. Ты васількамі вочаў Цьвіла ў маёй журбе. Твой мяккі кужаль косаў Спавіў маю душу. Не паглядай-жа скоса, — Я радасьці прашу. Ня высахне, ня зьвяне Пялёсткаў белы цьвет. Пад сонечнае зьзяньне Каханьне выйдзе ў сьвет. Я буду ў гэтым годзе Гарэць, як у вагні. Маўчаць пачуцьцям годзе! Тамара, працягні Ты мне насустрач рукі... Я познаю парой Прыйшоў, каб вызнаць мукі I поўны супакой. Аб гэтым часта мару I любую маю Палескую Тамару П я ю.
1942
РУСАЛКА
Бачу ў люстры жывую русалку, Чэша косы кужэльнага лёну. Пацьвяляецца горача-палка Цела белае ў дымцы вялёну.
Паланее зарою аблічча. Зноў ахвяры асьмягнена прагне. Надзіць, кліча мяне і казыча Ды, чаруючы, ў возера цягне.
3.4.56
У ГУМНЕ
Там чароўнай любжы зельле З расьцярушаным насеньнем. I ніводзін нат асьцюк Ня трывожыў целаў грэшных. У гумне мурог сухі Шчасьце ведае чыё Так салодка енчыць.
Як гулялі, як дурэлі, Як куляліся на сене, Толькі бачылі — павук Із-пад крокваў на падстрэшшы Ды праз шчыліну страхі Залатое зайчанё — Сонечны праменьчык.
4.4.56
* * *
У пустой капліцы сэрца Сьвечку-памяць запалі: Мелі шчасьце на талерцы, Пелі родныя палі.
Там — прыветныя рамонкі I драсён, і каласы, I дзявочы голас звонкі Ад суседняй паласы.
А няхай-жа адгукнецца Сьпеў рамонкавы цяпер. У пустой капліцы сэрца Ты мой прывід ашчапер.
16.4.56
* * *
Як матуля, пяшчотай мяне атулі I сагрэй прамяністым паглядам. Мне ўжо мроіцца: роем лятуць матылі, — А ня сьнег — над аквечаным садам.
Гэта-ж тая вясна, у якой дзяцюком Я сьпяваў залатую заранку. Ах, завея мяце белы цьвет за вакном. Апусьці, дарагая, фіранку.
Гэтак лепш. Гэтак будзе куды спакайней... Маладосьць зацяпліцца... паўстане. Я пачую ў запеве зімовых завей Нашу чыстую споведзь каханьня.
1949
* * *
Ня трывожце маю маладую спакусамі, Не чапайце рукамі, паглядам, замоваю. Гэта я маю права гарачымі вуснамі Пражыць ейнае цела пругкое, вясновае.
I гарэць у натхненьні ад палкага дотыку, Аднаўляць маладосьцi забытую драму... Я іду, перахмелены мёдам эротыкі, Праз дзявочае сэрца — праз Войструю Браму.
15.4.56
* * *
Гляджу на косы сьветларусыя I гладжу кужаль гэты. Ізноў я мару Беларусяю, Тваім цяплом сагрэты.
Ты моцна тулішся. Ты згодная. Я цісну кволы локаць. З табой прыемна ў хату родную Ўвайсьці і сесьці ў покуць.
16.4.56
ЛЯ РАКІ
Я з табою сядзеў ля ракі, Між чароту плылі шчупакі... Над вадою трымцеў плавучок. — Можа плотку падчэпе кручок?
А што думала ты — ня ўгадаць. Твой пагляд лашчыў водную гладзь. I сьпявала ты ціхенька мне: — Ці кахаеш, мой любы, ці не?
Раптам голас узрушаны сьціх, Ты танула ў абдымках маіх. I ў той момант, нібы назнарок, Патануў на вадзе плавучок.