Выбрать главу

ВЕЛАСІПЕД

У свайго брата сярод хламу Я экспанату ўгледзеў след, Паўвеку маючую раму — Калісьці мой веласіпед.
Стары быў, ды яшчэ талковы, Прадаў яго сусед Максім За нашу чорную карову, У школу ездзіў я на ім.
Бывала, у гнілую восень, Якіх было шмат у жыцці, Татулька на плячы даносіў Веласіпед мне да пуці.
І з хваляваннем я таксама Узяў, як тата, на плячо Старую дарагую раму... Пачуўся зноў малым хлапчом.

СЯМЕЙНЫ СТОЛ

Ён быў і бедны, і багаты, Багаты рэдка быў — на святы. За тым сталом пілі і елі, А елі найчасцей, што мелі. Быў на стале і хлеб наш чорны З мукі, намолатай у жорнах, Заўжды настольніцай накрыты З родным узорным каларытам. За тым сталом, пад абразамі, У вэлюме бялюткім мама І тата між гасцей сядзелі — Гулялі на сваім вяселлі. Тут за сталом псалтыр чыталі, Калі дамашнія ўміралі, Свячу грамнічную свяцілі Прад сном іх вечным у магіле. Падоўгу мама на каленях Штодня стаяла ў час малення Перад сталом, пад абразамі, Каб Бог апеку меў над намі. І пад сталом з малодшым братам Гуляў і ў будні я, і ў святы. А за сталом выконваў потым Усе дамашнія работы. Наш стол — сямейнае багацце, Стаіць у апусцелай хаце. І згадкі пра яго не згінуць У нашых цёплых успамінах.

СЯМЕЙНЫ ЗДЫМАК

Дзядзьку вайна ў Сібір загнала І ён абжыўся за Уралам. Пісаў ён брату: — Як магчыма, Прышлі ты мне сямейны здымак. У Вілька — атэлье, мы скора Паехалі ў суседні горад. Фатограф спраўна, з пачуццём, У кадры затрымаў жыццё, А з ім надзей і згадак столькі — Бацькам было па сорак толькі І ўжо з дзесятай гадавінай Сустрэлася сястрычка Ніна. А я на ім, русагаловы, Быў хлапчуком шасцігадовым. А Пецю нашаму тады Было найменей — два гады. І гэты здымачак — адзіны З маіх дзіцячых успамінаў.

Бацькі адзіныя на свеце

ЗАПАВЕТ

Памяці Маці

Жыцця апошнія хвіліны, Як свечка, гаснуць уваччу. Чакаю я з Варшавы сына, Яшчэ пабачыцца хачу.
Той далікатнае, мястовай Не абсталёўвайце труны. Збудуйце домік адмысловы Мне з дошак смаляной сасны.
Не абувайце мне на ногі Ніякіх чаравік, галёш — Без іх схадзіла ўсе дарогі, Ісці найлепей басанож.
А пахавайце ля Мікіты, Хачу быць разам з мужыком, З якім усё жыццё пражыта, Каб разам спаць апошнім сном.
Бывайце, дарагія дзеткі, І белы свет мой — будзь здароў. А на магілах часам кветкі Злажыце, помнячы бацькоў.

ДЗВЕ МАТКІ

У сестрыной хаце век дажывалі дзве маці родныя: яе і мужа. Адна кволая, нядужая, другая — сляпая. Тая, што мела зрок, вяла сляпую ў садок, збірала грушы ў кошык. Сляпая несла ў хату ношу. Радасць на тварах у маці: яшчэ патрэбныя ў хаце.

СУШАНЫЯ ГРУШЫ

Я памятаю час асенні, Мне і дагэтуль пахнуць грушы, Што ў печы хлебнай на чарэні Матуля безупынку сушыць.
І пах мядовы ў нашай хаце, І выгляд груш сухіх харошы, Што выгартае з печы маці І спакваля ссыпае ў кошык.
Яны зімуюць у каморы, І асабліва калі святы, Іх мама прыгаршчамі дорыць Усім, хто толькі прыйдзе ў хату.
Матуля, помню, грушы варыць, Ямо, ажно трасуцца вушы... Зноў у мінулым мае мары, Мне сняцца сушаныя грушы...

СЕМАЧКІ

Сэрца матулі цудоўнае: Усё для сына, для сына. Семачак рэшата поўнае Вынесла мама ў машыну.