Выбрать главу

Адыходзіць у нябыт былое

ПОЎНА ХАТА ЭКСПАНАТАЎ

Дзедаўская хата Поўна экспанатаў. З карэнняў калыска, Гліняная міска, Драўляная лыжка, Двайная гладышка, Святыя іконы, Круглы серп зублёны, Вялікія кросны, Кадаўбец дзівосны, Каменныя жорны, Дзяжа на хлеб чорны, Стары калаўротак, Са сноўніцай мотак, Гладкая качалка, Крэсіва-запалка... У нябыце хата І ўсе экспанаты.

ДАРОЖНЫ АРНАМЕНТ

Арнаментальны вышываны ўзор Заўсёды бытаваў у нашай хаце. Шэдэўры рук умелых і фальклор — Народа шматвяковае багацце.
А сёння атрыбуты даўніны З сяліб вясковых выціскае горад. Са сцен ручнік спаўзае ільняны І песні заглушае гул матораў. Воз, трактар, матацыкл, веласіпед, І нават бот гумовы селяніна Штодзённа дзіўны пакідаюць след На ўсіх дарогах, сцежках, каляінах.
Вандрую я сярод палёў, лугоў, І ўсюды бачу мноства ўзораў свежых. Арнаменты сыходзяць з ручнікоў На пасмы палявых дарог і сцежак.

АГУЛЬКІ

Агулькі, агулькі, Народныя песні. Спявалі бабулькі Іх з подыхам веснім. Красуні-дзяўчаты Цудоўна спявалі На лаўках ля хаты, Бывала, сядалі, І песні-вяснянкі Ліліся па вёсках, Да самага ранку Плылі адгалоскі.
А дзе ж вы, агулькі, Дзе песні-вяснянкі?
Памерлі бабулькі, Старыя сялянкі. Бабулькамі сталі Пявуні-дзяўчаты І ўжо задрамалі Ля печак у хатах. Дзе моладзь вясковая З голасам звонкім? Яна песні ловіць Сучасныя з плёнкі.
Не хоча фальклору, Народнае песні, Яе не паўторыць Ужо на прадвесні. І будзе такое: Адыдуць бабулькі, І возьмуць з сабою Навечна агулькі.

ЗАМОВЫ

Памяці бабулі

Калі прыйшло дахаты ліха, Хвароба кінула у ложак, Тады, вядома, Малешыха У кожным выпадку паможа.
І памяць добра захавала Шмат успамінаў хлапчуковых: Як нада мной яна шаптала Свае дзівосныя замовы.
Замоваў тых было без ліку: І ад спалохаў, і ад ранаў. Найбольш дык ад хвароб шматлікіх, Хварэлі людзі пастаянна.
А як бабулю, несумненна, Усе цаніць яе павінны. Не аднаму тут пакаленню Яна вязала пупавіны.
Бабулі нашае не стала. З сабой забрала ўсе замовы. Цяпер у хаце родзяць мала, Замовы ў нас — пустыя словы.
Змяніўся побыт наш вясковы, І ў новым свеце мы адчулі: Былі патрэбны і замовы, Былі патрэбны і бабулі.

ГАНЧАРЫ

Ганчары прыехалі, ганчары! І так стала весела на двары. — Гладышы купляйце ды збанкі... І бягуць за возам хлапчукі. А які ў збаноў пузатых звон! Вабіць да сябе вяскоўцаў ён. Колькі іх, збаноў і гладышоў, Панясуць жанкі сабе дамоў! І пад спраўнай матчынай рукой Зацурчыць у посуд сырадой. Колькі ж выклікаў дзіцячых мар З гладышамі звонкімі ганчар!

АПОШНІ РАМІЗНІК

Паўзе ў глухі горад ноч чорнаю кошкай, У зрэнках свіціцца агонь. Рамізнік стары дрэмле ў вулцы на дрожках, І дрэмле рамізніцкі конь.
Так мроіца ім: пасажыраў хоць трошкі І грошыкаў трошкі ў далонь. Чакае рамізнік, чакаюць і дрожкі, Чакае рамізніцкі конь.
А побач машыны снуюць, нібы мошкі, І звоняць трамваі: дзынь-дзонь. Сумуе рамізнік, сумуюць і дрожкі, Сумуе рамізніцкі конь.