Выбрать главу

Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацінавы Абруч. І вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травінцы да сярэдзіны вадаёмчыка, адчапілася і кінулася ўніз.

І набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянілася пякучым холадам, ад хуткасці падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго — апраметная цемра. Падарожніца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволілася і знізу бліснула святло: яно было белае і нібы струменілася. Каменьчык ужо не імчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымі дафніямі муць у сонечным промні. І вось нарэшце ён спыніўся, і дафнія ўпала каля белага зіхатлівага круга. Гэта быў Плацінавы Абруч.

— Ты — малая і дурненькая казяўка, — гаварыла далей Старая Дафнія, — і з гэтай прычыны табе зараз шмат чаго не зразумець, Але калі-небудзь... калі-небудзь... Ты, вядома, як мага хутчэй хочаш даведацца, што было далей, і табе зусім не цікавыя мае разважанні. Гэта ўжо так: старыя паціху мудруюць сабе, маладыя спяшаюцца... Ну што ж! Я здзейсніла сваю задуму. Дакранулася да Абруча і папрасіла яго зрабіць так, каб знік з нашага вадаёма жахлівы Чорны Жук, а народ мой быў у далейшым згуртаваны і стойкі і каб пазбавіўся ад легкадумнасці і страху. Вось якое было маё жаданне. А потым я папрасіла Абруч яшчэ пра адно. «Дай мне, — сказала я, — магчымасць вярнуцца дамоў».

Пасля гэтага яе пачало паднімаць над Абручом, імкліва пацягнула ўверх, святло прапала, і ў наступны момант яна была выкінута да самай паверхні іх жылля.

Суродзічы адразу яе заўважылі і акружылі. І яна здзівілася іх позіркам, якія зрабіліся змрочнымі, нібы яна прынесла ім бяду. Нарэшце адна з былых сябровак вымавіла:

— Вось яна, баязліўка і дэзерцірка! Заяўляю ад імя ўсіх: з гэтага часу ў цябе не будзе ні сяброў, ні спраў ніякіх. Жыві як хочаш!

Наша Дафнія разгубілася, падумала, што сяброўка жартуе.

— Чаго ты?! Ці што-небудзь здарылася?

— Ха-ха-ха! Здарылася! Гляньце на гэту прытвору!

— Прытвора! — паўтарылі ўсе. — Прытвора і здрадніца! — Ніхто не жартаваў.

— Што ж, — сказала яна. — Судзіце, калі вінаватая.

— Судзіць! — зноў засмяялася сяброўка. — Ты сама сябе асудзіла! Подлая манюка! Лепш скажы, у якой нары ты адседжвалася, пакуль мы распраўляліся з Чорным Жуком! Ганьба!

І ўсе паўтарылі: «Ганьба!» І асуджаная паплыла ў сваю хату... Ёй было крыўдна і горка, але яна плакала ад радасці, што збылося яе жаданне: няма больш Чорнага Жука, і народ яе будзе жыць, і ніхто не залічыць карычневых дафній у разрад вымерлых відаў.

Яна, якой выракліся, жыла вельмі доўга, амаль у тры разы перажыла сваіх равесніц. Ёй было цяжка, бо да яе імя ставіліся з пагардай. Праўда, з пакалення ў пакаленне пагарда гэта слабела, але нават слабая пагарда — усё-такі пагарда.

— Хіба ты не чула легенды аб здрадніцы? Дык вось, гэта легенда пра мяне. Але ўсё ж я ніколі ні на момант не пашкадавала аб зробленым. Вядома, усё можна было б змяніць — варта расказаць пра Плацінавы Абруч. Але я разумела, што гэтага рабіць нельга. Нехта не паверыў бы, нехта (і гэта страшней за ўсё) сам рызыкнуў бы выпрабаваць сілу Абруча, і невядома, чым бы скончылася яго спроба...

5

Старая Дафнія склала свае антэны.

— Маленькая Дафнія, — ціха прамовіла яна, — цяпер гэта твая таямніца, і я магу спакойна памерці. Захоўвай яе строга, не паддавайся спакусам і карыстайся ёю толькі ў выпадку вялікай патрэбы — дробнае і пустое само па сабе вырашыцца. Не апагань чараўнічай сілы Плацінавага Абруча! Але калі нашым зноў стане кепска — ты ведаеш, што зрабіць? І перадай таямніцу вартаму.

З гэтымі словамі яна лягла на бок і сціхла.

Маленькая Дафнія пахавала яе ў вузкай шчыліне суседняга кораня, вярнулася да сябе і пачала думаць.

Спачатку яна падумала: «Ах, якая мужная Старая Дафнія!» Потым яна падумала: «Якая ж яна дурная, гэта Старая Дафнія...» Але тут надышла раніца, пад пень зазірнуў праменьчык, і Маленькая Дафнія паплыла гуляць — яе сяброўкі ўжо збіралі карагод.

6

— Эксперымент скончаны? — сказаў Першы і выключыў эвальвентар.

— Усё?! — Другі быў відавочна расчараваны. — Зараз яны там пачнуць бурна размнажацца, з'явяцца кланы, якія сапернічаюць, пачнуцца змаганні за жыццёвую прастору... Так, стары Спіу быў вялікім казачнікам.