Выбрать главу

Такім яго, заўсёды спакойнага, разважнага, Ганна, не кажучы пра Лену, бачыла першы раз.

— Ладна, паехалі,— згадзілася яна, звярнулася да дачкі: — Лена, хуценька! — і суха да астатніх: — Будзьце здаровы!

— Ганна, ты што? — напалохалася Ніна.— Як мы без цябе... Трэба ж рашаць...

— Як сабе хочаце, так і рашайце! Сораму не абярэшся з вашым рашэннем...

— Ганна, Алесь, ну, чаго гэта вы так?..— прымірэнча пачала Галя, і яе адразу ж падтрымала Ніна:

— Чаго ж тут крыўдзіцца, Ганна, Алесь... Ды не зважайце вы на гэтага п’янтоса. I Серафімавіч таксама добры... Во рашымо і паедзем усе разам... Калектыўна, сумленна рашымо...

— Каб сумленна рашаць — трэба мець сумленне. Хоць бы перад мёртвым бацькам трэба мець сумленне. Со-о-рам!..

— Надта ж вы такія сарамлівыя! — кранула за жывое Ніну.

— Можна падумаць, што толькі вы з сумленнем? — пакрыўдзілася Галя.

— Ладна, давайце не будзем! — з жалем паглядзела на сясцёр Ганна.— Паехалі, Алесь!

Ніхто не паверыў, што гэта яны ўсур’ёз. Нават калі машына выехала са двара, з месца не крануліся, каб дагнаць, угаварыць. Кожны яхідна думаў: палохаеце, набіваеце сабе цану, спекулюеце, што стары больш за ўсё жыў у вас, хочаце прадыктаваць свае ўмовы. Ды нічога, даражэнькія, У вас з гэтага нічога не атрымаецца! Во зараз пакатаецеся па вёсцы і вернецеся, як міленькія вернецеся, і будзеце ого якія згаворлівыя. калі убачыце, што ніхто не думаў вас ганяць, на каленях упрошваць, калі што і без вас могуць абысціся. Не-е, свайго куска вы не ўпусціце...

Аднак ішоў час, а Ганна са сваімі сямейнікамі і не думала вяртацца. Падобна было па часе, што яны гэта на самай справе ўсур’ёз... На нейкі час усе, нават Серафімавіч і Ігар, адчулі збянтэжанасць, нейкую дзіўную пустату і разгубленасць. Маўчалі, чуйна ўслухоўваючыся, ці не гудзе машына, раз-пораз паглядваючы ў акно, і ніхто не рашаўся кранаць былую тэму — яна здавалася зараз яшчэ больш небяспечнай. Здаецца, кожны стаў адчуваць, што справа можа дайсці да суда, хоць ніхто яе даводзіць да суда не хацеў.

— Яй-богу, Ганна — як капрызная гувернантка,— парушыў прыгнечанае маўчанне Серафімавіч.— Што яна хоча гэтым даказаць. Што ўсе мы — гарлахваты, шакалы, адна яна — бяссрэбніца, гэтакая альтруістка, усе кепскія, адны яны са сваім Алесем і разумненькай дочачкай — харошыя. Каб сесці, як падабае сваякам, спакойна абгаварыць, выслухаць усе думкі, рашыць на дэмакратычнай аснове, яна - дыктаваць сваю волю. А не ўдалося — то ўдарыла ў хамут. Гэта, даруйце...

— I я ўдзіўляюсь: адкуда ў яе эці банапартысцкія замашкі? — прыйшла на дапамогу яму Галя.— Каб толькі яе слухалі, каб толькі яе думку ўважалі...

— Пачнеш бабу слухаць — сам бабай станеш! — з рашучай упэўненасцю і перакананасцю, з якой звычайна гавораць мужчыны, якіх трымаюць пад пятой жонкі, заявіў Макар.— Хай сабе выпендрываецца, і без яе абыдземся...

Старшыню калгаса Макар і Серафімавіч у канторы не засталі — паехаў некуды па брыгадах, але сёе-тое важнае для сябе яны пранюхалі. Даведаліся, у прыватнасці, што заатэхнік Заўялаў, якога прыслалі сюды з раёна, ужо больш за паўгода сідзіць без кватэры. А гэта значыць, сітуацыя складваецца як нельга лепш: калгас не паскупіцца, каб забяспечыць свайго спецыяліста жыллём, і калі добра патаргавацца, цвёрда стаяць на сваім, тое-сёе можна мець...

Узрадваныя добрай весткай, кінуліся на машыне шукаць старшыню, ведаючы, што калі ён у гаспадарцы, а не на якой нарадзе ў раёне, то знайсці няма асаблівай цяжкасці: спытай у кожнага стрэчнага — падскажа, дзе шукаць.

Старшынёў «уазік» перахапілі па дарозе. Старшыня сам спыніўся, здагадаўшыся, хто яны і чаго ім трэба.

— А я збіраўся пад вечар заскочыць, — прызнаўся ён. — Думаў, ачомайцеся трохі ад бяды.

— Знаеце, заседжвацца нет кагда, — сказаў Серафімавіч. — Мы з жонкай сарваліся з санаторыя, нада ляцець назад у Крым. А ў Макара — работа, самі знаеце, як на сяле...

— Ладна, чакайце, ну-у... — паглядзеў на гадзіннік. — Гадзіны праз две будзем.

Як і абяцаў, роўна праз дзве гадзіны прыехаў сам і прывёз эканаміста, бухгалтара і яшчэ некалькіх чалавек. Прывітаўшыся, выказаў усім спачуванне, мовіў некалькі добрых слоў пра нябожчыка, агледзеўся і здзіўлена запытаў:

— А дзе ж Ганна?

— Не магла чакаць, — схлусіў Серафімавіч. — У яе там нейкая камісія з цэнтра. Нехта ананімку запусціў, народны кантроль трасе. Ведаеце, як сёння ананімшчык расперазаўся! Любую брыду напіша — і едуць камісіі, а ён насміхаецца з дурняў і зноў крэмзае. У вялікім фаворы зараз ананімшчык і кляўзнік. На любую яго брыду ставяць штэмпель з парадкавым нумарам — узводзяць у ранг важнага дакумента. Ого, якія сур'ёзныя арганізацыі, лічы, толькі тое і робяць, што правяраюць па дзесяць раз адно і тое ж, далікатна ўлагоджваюць розных прайдзісветаў! А ў вас яшчэ не завялося?