Выбрать главу

— Дзякаваць богу, пакуль што не надта, але ёсць тут ужо адзін,— скорагаворкай адказаў старшыня, даючы зразумець, што гэтая тэма яго зараз не надта цікавіць.— Шкада, што не ўдалося пабачыцца з Ганнай Антонаўнай. Цяпер калі яшчэ стрэнемся.

— Яна даручыла нам і ад яе імені... Дарэчы, прасіла кланяцца вам,— паляпаў старшыню па плячы Серафімавіч.— I казала, каб гэтае самае... вы па-боску.

— Ну, то якая ж ваша будзе цана? — спытаў старшыня, трохі шакіраваны гэтым недарэчмым паляпваннем.

— А ваша?

— Некалькі гадоў назад мы ўжо аглядалі, ацэньвалі. Чатыры тысячы — і ўся ёй цана.

— Не-е, даруйце...— рашуча запярэчыў Серафімавіч. 3 маўклівай згоды наследнікаў ён браў усю ініцыятыву на сябе.— Даруйце, мы гэтак не сыдземся. Я лепш аддам гэтыя чатыры тысячы і пакіну сабе на дачу.

— То якая ж ваша цана? — насцярожыўся старшыня.

— Мы тут параіліся, рашылі калектыўна,— упэўнена і салідна вёў торг Серафімавіч.— Сем тысяч — хата, дзве тысячы — прыбудовы і сад. Дзевяць тысяч — і ні капейкі меней. Гэта, дарэчы, па мінімуму, каб не таргавацца.

— I Ганна назвала такую суму? — не без іроніі пацікавіўся старшыня.

— Канечне! — не міргнуў вокам Серафімавіч. — А яна-то, згадзіцеся, ведае цану. Што тычыцца мяне асабіста, то я і аддаў бы яе... Але ёсць тут адна акалічнасць...

— Што за акалічнасць такая? —— недаверліва паглядзеў старшыня.

— Мы тут параіліся на сямейным вечы і рашылі пусціць грошы за хату, сад, прыбудовы на помнікі бацьку і маці. Так што зразумейце нас па-чалавечы...

— Гэта добра, што рашылі паставіць помнікі старым,— падабрэў і памякчэў голас у старшыні.— Але зразумейце і нас: не можам мы вам заплаціць гэтакую суму. Паглядзіце, хата зусім урасла ў зямлю, згнілі падрубы, павыпучвалі бёрны. На рамонт тысячы чатыры пойдзе. За такія грошы можна цагляны катэдж пабудаваць...

— Глядзіце самі...— з робленым расчараваннем развёў рукамі Серафімавіч.— Мы за бясцэнак не намераны прадаваць. Тым больш — няма Ганнінай згоды на меншую суму...

— Ладна, пяць тысяч! — падумаўшы, сказаў старшыня.— Гэта і на добрыя помнікі хопіць, і вам прыпадзе...

Невядома, ці размякчэла яго сэрца ад таго, што дзеці рашылі паставіць бацькам помнікі — не ўсе да гэтага дадумваюцца, ці не было выйсця з-за бескватэрнага заатэхніка Заўялава, ці мо проста палохала перспектыва займець яшчэ аднаго дачніка, але старшыня ўсё набаўляў і набаўляў. Падахвочаны яго ўступчывасцю, Серафімавіч упарта стаяў на сваім.

Таргаваліся доўга і зацята — за кожную паўсотню, за кожную дзесятку, за кожны рубель. Нарэшце, стаміўшыся, сышліся на сямі тысячах ста пяцідзесяці рублях.

— Ну, цяпер ужо і на мяне ананімку напішуць, — нявесела ўсміхнуўся старшыня.— За растранжыраванне калгасных грошай.

— Тут усё па закону, без злоўжывашіяў,— супакоіў яго Серафімавіч.— Аформім усё чын чынаром...

— Ла-адна... — суха сказаў старшыня. Адчувалася, у яго на душы застаўся прыкры астой і ад іх дробязнай упартасці, і ад самога торгу. Зараз яму хацелася хутчэй закончыць, пакінуць іх, гэты няўтульны, нежылы дом, дзе пахла фармалінам, яшчэ нечым незразумелым.

Калі, нарэшце, быў складзены акт куплі-продажу, ці, прасцей кажучы — купчая і засталося толькі падпісацца, каб заўтра заверыць у сельсавеце і атрымаць грошы, Макар нечакана выставіў яшчэ адно пытанне:

— А бярозы, ліпу-то мы не ўлічылі...

Яго спачатку ні старшыня, ні нават Серафімавіч не прынялі ўсур’ёз:

— Гэта само сабой падразумяваецца!

— Не-е-е! — рашуча запярэчыў Макар.— Не падразумяваецца. Пра бярозы і ліпу ўгавору не было...

— На іх што, грушы, яблыкі ці мо слівы растуць? — з’едліва і раздражнёна ўсміхнуўся старшыня.— Вы, мусіць, Макар Антонавіч, ужо забыліся, што на бярозах і ліпах расце?

— Мы ведаем, дзе што расце... — насупіуся Макар.— I на бярозах што расце — ведаем... Мы лічыць навучаны. Дзесяць дрэў, лічы, як мінімум — па два кубы кожнае. Дваццаць кубаметраў дроў! — Глянуў пераможна: — Во што расце!

— Да, да! — рашуча падтрымаў яго Серафімавіч.— Тут мы ўпусцілі...

— Значыць, бацькавы, вясковыя бярозы вы хочаце прадаць як дровы? — з’едліва запытаў старшыня.— Вы што, новы гартоп, што прадае зялёныя насаджэнні на карані?

— Аформім па акту,— не зрэагаваў на яго тон Серафімавіч.— Усё законна...

— Ведаеш што, законнік...— нешта злое, непрыстойнае ледзь не сарвалася — затрымалася на самым кончыку старшынёвага языка. Прычынай таму, відаць, былі жанчыны.— Някіх дроў! — Змрочным, пагардлівым позіркам змераў Серафімавіча, Макара, энергічна падмахнуў купчую, жорсткім голасам дадаў: — Заўтра ў дзевяць будзьце ў сельсавеце! Заверым, атрымаеце свае грошы — і каціцеся адсюль! Каб вочы вас тут не бачылі! — I шпаркім крокам пайшоў за парог, на свежае паветра...