У паўцемры заўважыў дзве цёмныя постаці, якія ўвіхаліся ля Антосевых бяроз. Адна з іх — мажная, плячыстая была падобная на Макара. Няўжо Макар, няўжо Ігар ці Серафімавіч?! Няўжо гэта іх работа?! Але навошта?.. Мусіць, набраліся, як свінні, і падурэлі...
Яны былі так захоплены сваёй работай. што і не заўважылі, як ён наблізіўся за тры крокі.
— Што ж гэта вы робіце, хлопцы?!.
— А-а-а, гэта ты... — уздрыгануўся і амаль узрадаваўся Макар. Міколу ўразіла, што ён быў зусім цвярозы. Падышоў Серафімавіч. Відаць было, што і ён таксама не браў ні кроплі.
— Во рашылі зваліць.— спакойна растлумачыў Макар.— На дровы...
— Вы-ы што, хлопцы, падурэлі? — Мікола хваляваўся, нерваваўся, голас яго дрыжэў.— Нашто вам дровы?! Хіба ж мо-ожна гэта на дровы-ы?!
— Панімаеш...— памяркоўна пачаў Макар, убіўшы сякеру пяткаю ў бярозавы ствол.— Абжуліць намерыўся ваш старшыня. Плаціць не хоча. То мы во...— Паказаў жэстам на зваленую ліпу.— Нас, браце, не абжуліш...— Раптам ажывіўся: — Слухай, Мікалай, а мо ты купіш. На карані. Во дровы! I ў лес ехаць не нада. 3 дастаўкай на дом. Загонім па дзяшоўцы, па-суседску. Па дзесятцы за штуку — і забірай усе оптам... Ладна, восемдзесят... Дровы-то якія — чыстая бяроза!.. Чорт з ім — дзесятку яшчэ скінем...
Мікола не знаходзіў слоў, навалілася нейкае аняменне, нейкі шок, горкая, шорсткая спазма падкаціла, душыла горла. Толькі цяпер, калі вочы добра прызвычаіліся да паўцемры, ён заўважыў, што ліпа рэгхнула на сад, падмяла, пакарэжыла тры яблыні, а самую знакамітую — Федзькаву — разадрала напалам аж дя самага камля. I раптам прарвала горкі камяк у горле, як стогн, як боль вырвалася наверх з самай глыбіні Міколавай душы:
— Не-елю-юдзі-і!!! Сво-о-олачы!!! Што ж вы-ы нарабілі?!
— Ідзі, Мікалай, спі,— спакойна, але з пагрозлівымі ноткамі ў голасе, параіў Макар. — Не твая справа, і не совайся...
— Як гэта не мая сарава?! Не-е-е. даражэнькі! Мая! Тут не твая, а мая зямля! Тут не ты, а я гаспадар! — раз'юшваўся Мікола.— Ану-у прэч адсюль, прыблуды! — Выламаў кол, бесстрашна пайшоў на Макара і Серафімавіча. — Прэ-эч! А то ўкладу абодвух!..
— Я т-табе ўкладу-у...— узяўся за тапор Мзкар.— Падыдзі толькі!..
На крык сталі збягацца пабуджаныя затрывожаныя суседзі — і мужчыны, і кабеты. У руках некаторых з іх былі дручкі, калы, нават вілы. Трэ было быць сляпым, каб не бачыць. не разумець, чым усё можа скончыцца...
— Браточкі, браткі, гзта ж нам заплаціць не схацелі... А мы... Мы-ы... Даруйце, калі так, браточкі!..— паніклым, напалоханым голасам стаў апраўдвацца, прасіць літасці Макар, і, о дзіва: у яго пачалі прарывацца, здавалася, даўно выкарчаваныя з душы і памяці тутэйшыя вясковыя словы.— Калі так, браточкі, то мы-ы-ы...
— Ну й гад жа ты! — акружалі і акружалі яго і Серафімавіча шчыльнай варожай сцяною вяскоўцы.— Ну, гэты прыхадзень-прыблуда,— зняважліва тыцкалі на Серафімавіча, які ад страху пазбавіўся мовы.— А каб ты-ы, Антосеў сын, так наглуміўся?! Вылюдак ты, а не сын! Сукін ты сын!..
Пакуль яны заняты былі, прабіралі пераважна Макара, напалоханая да паўсмерці Галя, якая разам з Нінай гэтаксама прачнуліся, прымчалі на крыкі, наблізілася да ачмурэлага ад страху мужа, пацянула за рукаў, і яны паціху, неўпрыкмет шмыгнулі за хату, потым — у хату. Макар краем вока заўважыў гэта, і яшчэ большы страх, нават жах ахапіў яго, з’явілася крыўднае, горкае пачуццё, што яго жорстка падманулі, яму подла здрадзілі, кінулі аднаго на суд раз'ятранага натоўпу. Падмогі цяпер чакаць няма ад каго...
— Ну-у, хлопцы, ну-у, што вы-ы... Дальбог жа, нейкі д’ябал паблытаў...
— Ты сам горшы за д’ябла...
Антосева ліпа з шапкай-буслянкай узвышалася не толькі над вёскай, але і над ўсёй ваколіцай. Адкуль, з якога б боку ні падыходзіў ці ні пад’язджаў, яна заўсёды ўзнікала-маячыла на даляглядзе, дазваляла амаль дакладна вызначаць, які кавалак дарогі застаецца праехаць ці пратэпаць пехам, пакуль з’явяцца франтоны і стрэхі хат. Антосева ліпа была тут мясцовай знакамітасцю, мо нават помнікам прыроды, хоць наўрад ці хто заносіў яе ў які-небудзь рэестр. У ранг знакамітасці яе можна залічыць, канечне ж, перш за ўсё таму, што была тут самая старая, самая высокая, з’яўлялася самым адметным арыенцірам і для людзей, і для птушак. Вучоныя людзі сцвярджаюць, што менавіта па такіх прыкметах-арыенцірах пракладваюць свае складаныя, іншы раз непадуладныя ніякай логіцы, трасы птушкі, летучы ў вырай і вяртаючыся, гнаныя спрадвечнымі інстынктамі, да сваіх родных краёў. Без гэтай ліпы нават цяжка было ўявіць сабе тутэйшы ландшафт, таму, вядома, раніцой кожнаму кінулася ў вочы, кожны здзіўлена задаваў пытанне самому сабе, любому стрэчнаму: што сталася, куды падзелася Антосева ліпа?