Выбрать главу

А. В я р ц і н с к і. Значыць, і размовы аб адставанні літаратуры, аб тым, што яна як быццам бы здае свае пазіцыі і г. д., маюць рэальны сэнс толькі тады, калі яна адстае ад… чалавека? Не ад якіхнебудзь пэўных тэхнічных навін і навуковых адкрыццяў, а менавіта ад чалавека, які ў сваім культурным і духоўным руху вырываецца, ідзе наперад?

М. Я р у г і н. Складанасць вызначэння тут, можа быць, заключаецца ў тым, што жыццё і людзі мяняюцца і ў той жа час, на новай аснове, застаюцца ў шмат чым такімі ж, якімі былі раней. І вось атрымоўваецца, што развіццё навукі як быццам відавочнае, а літаратуры, якая мае справу з чалавекам і чалавечым жыццём, — праблематычнае. Сапраўды, што тут змянілася ў сэнсе метадаў і жанраў? Як тут вызначыць элементы развіцця? Адсталі мы ад Пушкіна і Бальзака ці пайшлі далей, наперад? Але можна паставіць пытанне і інакш: а ці трэба вырывацца наперад? Ці ёсць у гэтым неабходнасць?

Часта ўзнікае спрэчка на тэму, што вось фізікі нешта новае адкрылі, а вы, лірыкі, не адкрылі. А пісьменніку, мне здаецца, нічога новага асабліва і не трэба адкрываць. Яму застаецца «адкрываць» усё таго ж чалавека, усё тое ж жыццё людзей. У яго павінен быць адзін крытэрый — хвалюе ці не хвалюе, захапляе ці не захапляе?

А. В я р ц і н с к і. Разумею, Мікалай Паўлавіч… І хацеў бы толькі падкрэсліць, што гэта самае бачанне мастака бывае, як правіла, не простым, не элементарна візуальным, ці што, і што яно таксама адкрывае новыя светы… Інакш бы яно, напэўна, не хвалявала.

М. Я р у г і н. Вядома. Толькі навука і мастацтва адкрываюць рознае і па-рознаму. Калі творчасць вялікіх вучоных адкрывае штосьці нечаканае, глыбока схаванае ў прыродзе, у сусвеце, то ў паэзіі інакш. Яна адкрывае ў нечакана новай форме тое, што ўвогуле ва ўсіх на вачах, што ўсе добра бачаць і ведаюць, і таму здзіўляюцца: як гэта яны не бачылі самі раней?

Праўда, заўважу, адчуванне прыгожага, разуменне мастацкага адкрыцця не ўсім дадзена ў аднолькавай меры, не ўсім аднолькава даступна, і, апрача таго, яно індывідуальнае. А вось пачуццё здзіўлення новым у навуцы, захапленне адкрыццямі ў біялогіі, матэматыцы, фізіцы даступна ўсім — гэта агульная ўласцівасць людзей.

А. В я р ц і н с к і. Адсюль і крытэрый: хто адкрывае новае, а хто не адкрывае, хто апераджае, а хто адстае?

М. Я р у г і н. Але.

А. В я р ц і н с к і. Не ведаю, як у навуцы, а ў паэтычнай і ў мастацкай наогул творчасці галоўны рухавік і самая рэальная каштоўнасць — асоба мастака. Гэтым, відаць, і вызначаюцца тут і метад, і характар адкрыцця.

М. Я р у г і н. Роля асобы, аўтарскай індывідуальнасці ў паэзіі, безумоўна, важнейшыя, чым у навуцы. Вядома, творчасць Лабачэўскага, Эйнштэйна, Каралёва — таксама з’ява рэдкая. Але яна, гэтая творчасць, яе ідэі даступныя пасля іх многім, чаго нельга сказаць аб паэзіі Пушкіна ці раманах Талстога. Мастацкая творчасць глыбока індывідуальная і ў гэтым сэнсе намнога больш цяжкая, чым даволі масавая навуковая творчасць, у тым ліку і такая, што мае цяпер шырокую і трохі няпэўную кодавую назву — кібернетыка.

У навуцы вялікую ролю адыгрывае школа. Яна тут важны дынамічны элемент творчасці. У навуцы нават лягчэй, капіруючы, даробліваючы, выйсці «ўлюдзі» і нават у вядомыя. У пісьменніка — тут Вы маеце рацыю — бачанне жыцця, свету моцна індывідуалізавана. Ды і матэрыял у яго багацейшы — неабдымны лес. Тут школа не вельмі паможа. Я падзяляю думку паэта У. Сакалова, які сказаў: «Нет школ никаких, только совесть, да кем-то завещенный дар».

А. В я р ц і н с к і. Увогуле ў літаратуры ёсць такія з’явы, як перайманне, выкарыстанне чужых матываў, эпігонства… Ды нормай лічыць іх ніяк нельга. Не так даўно адбылася дыскусія на тэму «Поэзия и стихотворчество». Гутарка, у прыватнасці, заходзіла і аб тым, што калі ў паэзіі знікае аўтарская індывідуальнасць, то разам з ёй знікае і сама паэзія.

М. Я р у г і н. Бачыце, у навуцы сур’ёзную арыгінальную працу можна разабраць, расхапаць па частках ці ўсю адразу, яна нават можа знікнуць у гісторыі (ва ўсякім выпадку, надоўга). У літаратуры, мне здаецца, такое немагчыма. «Ціхі Дон» ці «Новую зямлю» скапіраваць ці паглынуць нельга. І ў гэтым шчасце пісьменніка — яго ратуе непаўторнасць. 

І справа, можа быць, не толькі ў «кем-то завещанном даре», а і ў тым, што пісьменнік намнога больш у параўнанні з вучоным залежыць ад судакрананняў з жыццём, ад кантактаў з жывой рэчаіснасцю, ад сваёй біяграфіі. Вучоны ўвесь у краіне казак і таямніц прыроды, тут ён можа і схавацца ад непагадзі, ад жыццёвых нягод. А пісьменніку хавацца няма куды, ён на ўсіх сямі вятрах жыцця.