Выбрать главу

А. В я р ц і н с к і. Ну, вось я ўжо магу, здаецца, меркаваць, які тып пісьменніка і якой накіраванасці літаратура Вам больш імпануюць, — пісьменнік з сваёй ясна выяўленай жыццёвай і маральна-філасофскай пазіцыяй і твор, дзе праўдзіва, з глыбокім хваляваннем паказваецца драматызм жыцця… Ці не так?

М. Я р у г і н. Бадай што так. Не выношу ўсялякай надуманасці і фальшу. Помню, яшчэ ў час вайны, пасля выхаду са шпіталя, пайшоў у тэатр. Ставілі якраз п’есу на ваенную тэму. Але я не мог яе глядзець. Як франтавік, я адразу адчуў: тут нешта не так, на пярэднім краі людзі так не размаўляюць, так не паводзяць сябе. І твары ў іх на вайне зусім іншыя… Некалькі гадоў таму назад «Известия» расказала пра мастака, які ваяваў трапіу ў шпіталь і, пазнаёміўшыся там з медсястрой, пакінуў у яе альбоме некалькі малюнкаў. Частка гэтых малюнкаў была змешчана ў газеце. І вось мяне ўразіла, наколькі дакладна былі схоплены ў іх твары салдат. Людзі знаходзяцца на апошняй грані нервовага напружання — і твары ў іх напружаныя, скаваныя. Я знайшоў некалькі сваіх фатаграфій — перадваенную, калі я быў маладым дацэнтам, і ваеннага часу — параўнаў іх і яшчэ раз пераканаўся ў тым жа. І калі мяне просяць іншы раз расказаць пра вайну, пра ваенныя ўражанні, я паказваю гэтыя фатаграфіі і кажу: вось нешта накшталт мендэльсонаўскай «Песні без слоў».

А. В я р ц і н с к і. Гэта Вы добра заўважылі наконт твараў… Напэўна, і наш час адбіваецца адпаведна на нашых тварах, кладзе на іх свой след, і задача пісьменніка ў тым, каб гэты адбітак разгледзець і зразумець.

М. Я р у г і н. У адным фільме пра вайну мне таксама кінуўся ў вочы воблік аднаго акцёра. Вельмі ўжо ён напомніў мне сапраўдныя твары салдат таго часу. Тут аўтары аказаліся на вышыні… Калі я чытаю Быкава, мне падабаюцца тыя вобразы і старонкі, якія адпавядаюць майму веданню вайны. Іншы раз ён нейкіх дэталяў не прытрымліваецца — твор жа не дакументальны, — але ўражвае моцна.

А. В я р ц і н с к і. Пачакайце, пачакайце, Мікалай Паўлавіч, — як тут разумець Ваша «але»? Ці не хочаце Вы сказаць, што мастацкасць немагчыма без дакументальнай, рэальнай асновы? Ці, можа, вы наогул аддаяце перавагу дакументальнай літаратуры?

М. Я р у г і н. Не, я лічу, што сведчанне мастака важнейшае, чым сведчанне гісторыка, чым сухая зводка падзей. Калі даваць толькі дакументы, то самае важнае, можа, будзе прападаць. Я за чэхаўскі метад. Чэхаў, як вядома, раней чым апіша якую-небудзь сваю гераіню, доўга вывучае яе, яе знешнасць, рысы яе характару. І яна ў яго потым здорава атрымоўваецца. Ён быў вельмі дакладны. Я за дакладнасць. Зрэшты, справа не ў асобных дэталях, дэталі могуць быць і зменены, нешта можа быць дадумана. Гэта натуральна. У адной з кніг, якія я ў апошні час чытаў, ёсць месцы, якія аўтар наўрад ці зможа пацвердзіць дакументальна. Але тым не менш яны пераканаўчыя. Я веру аўтару.

А. В я р ц і н с к і. Значыць, справа не ў тым, каб аўтар трымаўся за факты. Чэхаў жа ішоў ад прыватнага да агульнага і ўзнімаўся ў сваіх маленькіх, іншы раз сапраўды дакладных да дробязяў, апавяданнях да вялікіх ідэйна-мастацкіх абагульненняў. Справа ў тым, што не ўсякі факт, не ўсякую дэталь бярэ мастак. Ён падыходзіць да жыццёвага матэрыялу выбіральна.

М. Я р у г і н. Так, але ў літаратуры павінен займаць належнае месца пазнавальны элемент. Без яго яна не зможа выконваць сваёй маральна-выхаваўчай задачы. Акадэмік Красоўскі, пра якога мы ўжо гаварылі, любіць наведваць Траццякоўку. Я неяк спытаўся ў яго: «Якія творы цябе больш цікавяць — старых майстроў ці новых?» Ён адказаў: «Больш гляджу былое. Мяне цікавіць, як ім уяўляўся свет у тыя далёкія часы, якія яны былі самі».

Той далёкі свет мы бачым у творах пісьменнікаў і карцінах мастакоў мінулага. І, зразумела, у творах сучаснай літаратуры мы шукаем наш свет. Таму яны павінны быць і выразнымі, і дакладнымі. Калі пра наш час не будзе напісана так праўдзіва, як пісалі пра свой час класікі, то пра нас, пра нашы падзеі і справы з’явяцца фантастычныя раманы. Але фантастыка апраўдана і цікавая тады, калі яна глядзіць далёка наперад, імкнецца прадбачыць, куды ідзе чалавецтва. І яна нецікавая, бескарысная і нават шкодная, калі глядзіць далёка назад. У людзей заўсёды была і застаецца вострая цікавасць да мінулага, але да мінулага сапраўднага, а не выдуманага.

А. В я р ц і н с к і. Мікалай Паўлавіч, зноў апелюю да Вашага чытацкага вопыту, да асабіста Вашых адносін з літаратурай… Вось Вы гаворыце, што мы шукаем у ёй наш свет, наша жыццё. А што менавіта шукаеце Вы ў ёй як чалавек і вучоны? Што Вас больш за ўсяго хвалюе ў ёй?

М. Я р у г і н. Што мяне больш за ўсё цікавіць і хвалюе? Подзвіг, гераічны пачатак, можа быць, тут дае знаць жыццёвы вопыт, біяграфія пакалення, да якога я належу. Помню, я пачаў быў глядзець новы тэлефільм паводле рамана Астроўскага і востра адчуў, якія жывыя і блізкія мне, былому чонаўцу, справы тых дзён, як зразумелы і блізкі мне Карчагін. На жаль, — наколькі я тут у курсе, — падобных герояў не хапае нашай сённяшняй літаратуры.