А. В я р ц і н с к і. Можа, некаторых з іх выцесніў у літаратуры і на экране «бліскучы» контрразведчык, які так бударажыць фантазію падлеткаў? А можа, прычына яшчэ і ў тым, што, пагадзіцеся, гераічнае ў нармальным, мірным жыцці мае нейкі іншы характар і праяўляецца інакш, чым у час ваенных дзеянняў ці ў дні рэвалюцыйных падзей? Тут большае значэнне набываюць некаторыя духоўныя якасці чалавека, яго пераконанні і маральныя прынцыпы.
М. Я р у г і н. Я і хачу агаварыцца. Карчагін не быў выдуманы, ён быў народжаны жыццём, сваім часам. І наша літаратура таксама павінна, шукаючы свайго героя, ісці ад рэальных людзей, рэальных канфліктаў, цяжкасцей, выпрабаванняў. Сапраўдны гераізм даецца толькі ў барацьбе з антыподамі ды яшчэ ў змаганні з самім сабой. Як сіла ў рыб, калі яны плывуць супраць плыні… Подзвіг — гэта перамагчы абставіны і зло. Герой той, хто выходзіць з цяжкой сітуацыі пераможцам. Вось хай літаратура і пакажа мне такі подзвіг, такога героя.
А. В я р ц і н с к і. Вы вельмі добра вызначылі ўмовы, абавязковыя для стварэння паўнакроўнага вобраза нашага сучасніка. І калі гаварыць пра паказ гераічнага тыпу, то тут, вядома, нельга без таго, каб не акцэнтаваць на маральным аспекце гераізму, на псіхалагічным абгрунтаванні яго.
М. Я р у г і н. І паколькі гераічнае праяўляецца ў выпрабаваннях, у барацьбе са злом, то не трэба баяцца, што пісьменнік паказвае дрэннае ў жыцці. Жыццё складанае, складанае ў сваёй разнастайнасці людское мора: дае ведаць сацыяльнае мінулае, даюць адчуваць інстынкты, біялагічныя асаблівасці чалавека, дае адчуваць уплыў чужой нам ідэалогіі… Словам, побач з добрым заўсёды бывае благое. Нам трэба выхоўваць нянавісць да нягоднікаў, да зла. А калі мы будзем пісаць толькі «прыгожыя» творы іпаказваць толькідобрых людзей, зыходзячы з двухсэнсоўнай формулы: «Добрае добрае і параджае», — то нічога не атрымаецца. Выхоўваюць на параўнаннях, на кантрастах…
А. В я р ц і н с к і. Так, на таннай бадзёрасці не выхаваеш сапраўдную стойкасць і сапраўдны аптымізм. Увогуле ідыліі, як вядома, глыбокага следу не пакідаюць. У той час, як драма і трагедыя закранаюць самыя глыбокія струны душы, прасвятляюць і ачышчаюць яе.
М. Я р у г і н. Да таго ж трэба яшчэ мець на ўвазе, што літаратура мае справу з такім даволі жорсткім фактарам, як псіхалагічная разнастайнасць людзей і, значыць, чытачоў. Я ўжо казаў, што ўспрыняцце мастацкіх твораў бывае вельмі розным, яно вельмі індывідуальнае. Вазьміце сто чытачоў і апытайце іх. Выявіцца, што адны больш успрымаюць станоўчы пафас, другія — крытычны, на адных мацней дзейнічаюць дадатныя прыклады, на другіх — адмоўныя. І ўвогуле могуць быць зусім розныя падыходы і ацэнкі. Магу тут нават спаслацца на свой небагаты літаратурны вопыт. Калі выйшла мая кніга «Пра тых, хто выстаяў», я праз нейкі час гутарыў пра яе з двума знаёмымі. Адзін сказаў: «Нічога кніжка, але нешта ў вас адны дрэнныя людзі, а добрых няма чамусьці». Праз тыдзень падышоў другі і кажа: «Чаму гэта ў вас усе добрыя, а няма дрэнных?» У аповесці, як вы ведаеце, было і тое і другое, я паказваў вайну, як яна ёсць, як я яе ведаў. І мяне літаральна ўзрушыла такая палярнасць ацэнак.
А. В я р ц і н с к і. На жаль, і прафесійныя крытыкі часам выказваюцца прыкладна так, як Вашы знаёмыя.
М. Я р у г і н. Успрыняцце рознае, чытач розны, і калі мы ўжо бяромся меркаваць аб выхаваўчым эфекце твора, то трэба лічыць не асобныя вынікі, а агульную энергетычную суму. І тут я мушу далучыцца да Вашага папроку ў адрас крытыкаў. Яны не заўсёды лічацца з гэтым фактарам — індывідуальна-псіхалагічнай разнастайнасцю чытача. Іх меркаванні маюць часта занадта безапеляцыйны і аднабаковы характар. Калі я рыхтаваў да другога выдання сваю кнігу, то адзін рэцэнзент напісаў, што «выданне кнігі ў такім выглядзе не будзе садзейнічаць справе выхавання падрастаючага пакалення…» і г. д. Ён абвінавачваў мяне ў тым, што я, маўляў, «расказваю пра цяжкія і змрочныя перажыванні».
А. В я р ц і н с к і. Словам, Вы сутыкнуліся з рэцэнзентамі і крытыкамі, і ўражанне не з самых лепшых. Але ж ад крытыкі ў значнай меры залежаць адносіны паміж літаратурай і чытачом — чытацкі густ і выбар, той самы ўзровень успрыняцця прыгожага, пра які ішла вышэй размова.
М. Я р у г і н. Тым больш дрэнна, у такім разе, што часам лёс твораў літаратуры вырашаюць людзі эмацыянальна бедныя, абыякавыя як да самой літаратуры, так і да нашай гісторыі, да нашага жыцця. Уявіце сябе жыхароў аднамернай прасторы. Яны рухаюцца толькі па прамой. Калі сустракаюць кропку, то лічаць, што тут свет і канчаецца. А жыхары двухмернай прасторы, плоскасці, проста абыходзяць гэтую кропку злева ці справа і ідуць далей па гэтай жа прамой. Але жыхары двухмернай прасторы, падышоўшы да акружнасці, лічаць, што тут свет канчаецца — далей ходу няма. А жыхары трохмернай прасторы проста крочаць праз акружнасць і ідуць далей… У прасторах розных вымярэнняў жывуць часам пісьменнік і крытык. Таму і ўзнікаюць у іх такія адносіны, якія не спрыяюць справе. Крытык павінен быць, з аднаго боку, глыбока зацікаўленым, а з другога — максімальна прынцыповым і аб’ектыўным, павінен усяляк спрыяць развіццю літаратуры. Бо без яе, без паэзіі і мастацтва, чалавек становіцца машынай.