Пачуццё, з якім я бяру ў рукі кнігі (маюцца на ўвазе кнігі пісьмепнікаў братніх рэспублік, — А. В.), мабыць, хутчэй падобна да таго, з якім, ідучы дарогаю, глядзіш на яе, на ўсё, што па яе баках, на тых, хто ідзе насустрач. На пачуццё, з якім сустракаешся з сябрамі, з таварышамі па рабоце, з людзьмі наогул, знаёмымі і незнаёмымі.
Гэтае пачуццё прыцягвае мяне да ўсяго, што адбываецца ў свеце, у літаратурах усяго свету, і, натуральна, у першую чаргу, — у роднасных, савецкіх, сацыялістычных».
У другім выпадку І. Мележ так выказаў гэтую думку: «Вельмі важна — адчуваць побач другіх, рух літаратуры, рух жыцця. Гэтае адчуванне не дае супакойвацца, дапамагае жыць усхвалявана, змястоўна, паўнацэнна».
Вось якая тут залежнасць — паводле гэтага глыбокага па сэнсу прызнання: пачуццё локця, «пачуццё сям'і адзінай» дапамагае паўнацэнна жыць, дае адпаведны маральны тонус, а апошні спрыяе творчасці. Адно звязана з другім. Дружба літаратур пераламляецца ў душах стваральнікаў. Дружба літаратур закранае сферу псіхалогіі творчасці.
Пачуцці, адчуванні мастака... Яны дапаўняюцца, асэнсоўваюцца нашай літаратуразнаўчай думкай, якая ўсё больш пераконана гаворыць аб неабходнасці пашырэння ацэначнага крытэрыю. Характэрны ў гэтым сэнсе зборнік артыкулаў Алеся Адамовіча з характэрнай, зноў-такі, назвай «Здалёку і зблізку (Беларуская проза на літаратурнай планеце)». Кнігу адкрывае артыкул «Талстоўскі крок», галоўная думка якога заключаецца ў словах: «...Бачыць сваю літаратуру не ізалявана, а ўключанай у сілавое поле як многанацыянальнай савецкай, так і сусветнай літаратуры. Як уключана само жыццё беларускага народа ў жыццё краіны і цэлага свету».
Віктар Каваленка ў сваім даследаванні «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» разглядае шлях пашай літаратуры ў шырокім гістарычным кантэксце і лічыць, што «наступіла пара асэнсаваць важнейшыя з'явы ідэйна-мастацкіх сувязей беларускай літаратуры з іншымі літаратурамі як важныя этапы яе ўнутранай эстэтычнай эвалюцыі да сусветнага ўзроўню».
Да такога ж крытэрыю ўсё часцей звяртаюцца даследчыкі нашай паэзіі. Не выпадкова ж, што, напрыклад, Мікола Арочка разглядае як правіла стан беларускай паэмы па шырокім фоне развіцця гэтага жанру ў братніх літаратурах, а Марына Барсток, Уладзімір Гніламёдаў, Ніл Гілевіч, Алег Лойка ацэньваюць нашу лірыку ў параўнанні з аналагічнымі з'явамі ў рускай, украінскай, балгарскай, польскай паэзіі.
Алег Лойка, спрабуючы заглянуць у заўтрашні дзень нашай паэзіі, звяртаецца ў артыкуле «Паміж наступным і былым» («Маладосць», 1976, № 9), з аднаго боку, да гістарычнага вопыту сусветнай літаратуры, а, з другога, — да працэсу літаратурных узаемаадносін. «Што толькі не «перамешвала», — піша ён, — народы і культуры на працягу стагоддзяў! Калі да сярэдніх вякоў культурнае ўзаемазбліжэнне было пераважна распаўсюджваннем міфалагічных вобразаў, а затым вобразаў, матываў, звязаных з рэлігіяй, то ў новым часе на першы план выйшлі ўзаемасувязі новых арыгінальных літаратур, менавіта цяпер з асобных літаратур стала складвацца сусветная ў яе сённяшнім разуменні». І далей: «У нашай краіне ідзе гістарычны працэс збліжэння сацыялістычных нацый, сацыялістычных нацыянальных культур. Гісторыя сапраўды не ведала яшчэ такой усезямной глабальна-маштабнай камунікатыўнасці, як у наш час, не ведала прыкладаў такога інтэрнацыянальнага яднання народаў, які дае Краіна Саветаў».
Як бачым, і А. Адамовіч, і В. Каваленка, і А. Лой ка зыходзяць з паняцця «сусветная літаратура».
Гавораць, што аб узроўні літаратуры трэба меркаваць па ўзроўню літаратурна-крытычнай думкі. Калі гэта так, калі мець на ўвазе, што наша крытыка пачынае вось так шырока глядзець на рэчы. значыць, наша беларуская літаратура дасягнула высокага ўзроўню.
Якімі шляхамі ідзе працэс збліжэння літаратур? Як ажыццяўляецца іх узаемасувязь і ўзаемадзеянне?