Пытанне гэтае вельмі вялікае, і я паспрабую спыніцца толькі на некаторых яго аспектах. На адзін з іх звярнуў увагу яшчэ Якуб Колас, калі загаварыў у прыведзеным вышэй артыкуле аб «узаемным знаёмстве і асабістай дружбе». Так, у шматзначнай формулы «дружба народаў — дружба літаратур» ёсць і ўласна маральны, я б сказаў, канкрэтна чалавечы сэнс: сустракаюцца, знаёмяцца, сябруюць, дапамагаючы адзін аднаму, канкрэтныя аўтары, канрэтныя прадстаўнікі братніх літаратур... У свой час прэсу абышло каларытнае фота: Расул Гамзатаў і Кайсын Куліеў накідваюць па-брацку адразу з двух бакоў дзве буркі на плечы Аркадзя Куляшова — дагестанскую і балкарскую. Фотаздымак самым наглядным чынам сведчыў не толькі аб атмасферы юбілейнага вечара, які сабраў гасцей, а і аб атмасферы, якая характарызуе літаратурнае жыццё нашай шматнацыянальнай краіны. Той жа Кайсын Куліеў, звяртаючыся да сваіх сяброў з Беларусі, усхвалявана казаў: «Мне нават здаецца, што я не мог бы жыць і працаваць без Аркадзя Куляшова і яго паэзіі, поўнай святла і трывог нашага часу, яго мужнасці і надзей. Я ведаю, што ў Мінску жыве сардэчны чалавек, мудры вялікі мастак, верны друг і паэт сапраўдны. А побач з Куляшовым я бачу ўсмешку другога выдатнага лірыка — Петруся Броўкі, чую яго дружалюбны голас, бачу ўважлівы позірк добрых вачэй Максіма Танка...»
З той жа нагоды народны паэт Балкарыі назваў «рыцарам брацтва муз» Мікалая Ціханава. І я прыгадваю, як Міхаіл Дудзін, выступаючы ў друку ў сувязі з юбілеем Ціханава, сказаў, апрача ўсяго іншага: «Ва ўсіх рэспубліках лепшыя літаратары — сябры Ціханава. Сябры даўнія і верныя. Заўсёды і ўсюды ён падае прыклад таго, як павінен дзейнічаць і працаваць паэт, літаратар у новым грамадстве, у грамадстве сацыялістычнага братэрства народаў».
У апошнія гады завязалася нямала добрых сяброўскіх зносін з літаратарамі сацыялістычных краін. Шляхі нашай дружбы вядуць у Варшаву і Сафію, у Прагу і Будапешт, у Браціславу і Улан-Батар... Нашы сябры, перакладчыкі і прапагандысты беларускай літаратуры ў сваіх краінах, добра ведаюць дарогу ў Мінск. Адзін са старэйшых балгарскіх пісьменнікаў, першы перакладчык нашай паэзіі па балгарскую мову (у канцы дваццатых гадоў пераклаў і надрукаваў верш А. Александровіча «Сасна») Ангел Тодараў, які ў мінулым годзе зноў наведаў Беларусь, сказаў:
Пераадолеў безліч кіламетраў —
А нібы трапіў у сваю сям'ю.
А суайчыннік А. Тодарава, пісьменнік другога, маладзейшага пакалення Стэфан Паптонеў, аўтар усхваляваных кніг пра пашу рэспубліку «Беларусь — белая балада» і «Бярозы, я ў вашым палоне», прызнаецца, што для яго «беларуская тэма стала часткай творчай біяграфіі, а Беларусь — часткай біяграфіі грамадзянскай». А такія верныя сябры пашай рэспублікі і яе літаратуры, як Найдан Вылчаў, Андрэй Германаў, Іван Давыдкаў, Георгій Вылчаў... І вось Ніл Гілевіч прысвячае цэлы раздзел сваіх «Актаў», якія выйшлі асобнай кнігай, балгарскім сябрам, так і назваўшы раздзел: «Запрашэнні балгарскім сябрам». Запрашэнні маюць канкрэтны, персанальны адрас. Вось адно з іх, адрасаванае Н. Вылчаву:
Сталі сістэматычнай з'явай запрашэнні ў госці ў нашых узаемаадносінах з польскімі таварышамі па пяру. Дні польскай літаратуры, якія адбыліся ў канцы мінулага года, дзелавыя кантакты прадстаўнікоў лодзінскага выдавецтва з рэдактарамі нашага выдавецтва «Мастацкая літаратура», іншыя ўзаемныя візіты і мастацкія пераклады (твор за твор, кніга за кнігу...) — усё гэта значна ажывіла наша творчае супрацоўніцтва. «Нашы літаратуры да гэтай пары, — пісаў Леслаў М. Бартальскі ў артыкуле «Беларусі адкрытае сэрца», — былі нібы два рукавы вялікага патоку, якія ніяк не маглі сустрэцца, хаця і плылі побач. Праўда, польская літаратура, як я тады пераканаўся, была больш вядома ў Беларусі, чым беларуская ў нас, аднак колькі яшчэ заставалася прабелаў!» На сённяшні дзень становішча намнога змянілася, прабелаў ва ўсякім выпадку стала менш. І гэта дзякуючы асабістаму знаёмству і добрым адносінам з польскімі калегамі Максіма Танка, Янкі Брыля і некаторых іншых нашых пісьменнікаў, якія перакладаюць з польскай, дзякуючы ўвазе і творчым намаганням такіх польскіх літаратараў, як Ян Гушча, Мацей Юзаф Канановіч, Ігар Сікірыцкі, Тадэуш Хрусцялеўскі, Войцах Жукроўскі, Эўгеніуш Кабатц... Гаворачы пра дружбу з беларускімі пісьменнікамі, апошні з іх прызнаўся ў адным артыкуле: «Я атрымоўваю сапраўднае задавальненне ад сустрэч з імі і даражу іх дружбай. І я не перабольшу, сказаўшы, што многім ім абавязаны».