Непасрэдныя кантакты, асабістае сяброўства гэта, вядома, не толькі прыемныя размовы і шчырыя святочныя застоллі, не толькі маральнае задавальненне. Гэта і ўзаемнае пазнаванне, і абмен вопытам, і дзелавая дапамога. Іван Мележ паведаміў, якую ролю адыгралі для яго як аўтара «Мінскага напрамку» і «Палескай хронікі» парады А. Фадзеева. Пятрусь Броўка ў сваіх успамінах аб сустрэчах з М. Ісакоўскім і А. Твардоўскім расказвае, якое значэнне мелі гэтыя сустрэчы для яго творчага ўзбагачэння.
Васіль Быкаў у артыкуле «Пухам табе зямля» пісаў пра Твардоўскага: «Я думаю, што ў гэты жалобны час развітання разам з многімі іншымі не абмінуць яго шчырай удзячнасці шмат якія нашы аўтары... Праходзячы ў яго суровую па сваёй патрабавальнасці школу літаратуры, мы пасцігалі вышыню яе ідэалаў, пазбаўляліся рэштак правінцыяльнага верхаглядства, вучыліся не баяцца несправядлівай жорсткасці крытычных прыгавораў...»
Словам — маральныя ўрокі, грамадзянскі прыклад, словам — «школа літаратуры». Апошняе паняцце можна тлумачыць і ў больш шырокім сэнсе. Школа літаратуры — і ва ўзаемным абмене аўтографамі, ва ўзаемным чытанні і творчым засваенні прачытанага. Іван Шамякін, адказваючы газеце «Літаратура і мастацтва» наконт выкарыстання вопыту братніх літаратур, сказаў: «Нядаўна прачытаў раман Ганчара «Бераг любві». Чытаў усё, што ён напісаў. Я захапляўся яго майстэрствам, уменнем паказаць нацыянальны ўкраінскі характар. «Бераг любві» зрабіў на мяне асабліва моцнае ўражанне. Гэта — паэма ў прозе. На такіх творах нельга не вучыцца».
Нельга не адзначыць тут і такі немалаважны момант. Нашы асабістыя знаёмствы і творчыя кантакты, нашы ўзаемасувязі спрыяюць пошуку станоўчага героя, пошуку новага чалавека. Літаратура адкрывае краіну і яе людзей. Краіна і яе людзі адкрываюць літаратуру. Інакш кажучы, праз знаёмства з прадстаўніком дадзенай краіны пазнаеш яе духоўны патэнцыял, яе маральныя асаблівасці і ідэалы, пазнаеш і памнажаеш на тыя духоўныя каштоўнасці, якія былі засвоены да гэтага. Знаёмячыся з прадстаўнікамі братніх літаратур, мы, так ці інакш, супастаўляем іх з героямі іх твораў, нас цікавіць, як гэтыя героі, лірычныя яны ці эпічныя, увасабляюць у сабе рысы свайго народа. Тое ж адбываецца і ў дачыненні да нас. Ян Судрабкалн у сваёй прадмове да зборніка беларускай паэзіі на латышскай мове, Уолтэр Мэй у пасляслоўі да анталогіі беларускай паэзіі, перакладзенай на англійскую мову, Андрэй Германаў у інтэрв'ю гавораць аб непасрэдных асабістых уражаннях і ў той жа час звяртаюць увагу на тое, як беларуская паэзія ўвасабляе ў сабе рысы нашага нацыянальнага характару, маральныя і духоўныя асаблівасці прадстаўніка сучаснай Савецкай Беларусі. На пытанне: «Чым прывабіла вас беларуская паэзія?» А. Германаў сказаў наступнае: «Для мяне яна вельмі блізкая па сваім духу. Вельмі гуманная, сардэчная. Я тройчы наведаў Беларусь, і наколькі магу меркаваць, беларуская паэзія поўнасцю адпавядае беларускаму характару».
Мастацкі пераклад... Без яго, вядома, немагчыма ўявіць інтэрнацыянальныя сувязі адной літаратуры з другой, іх узаемадзеянне. Мы гаварылі аб дружбе пісьменнікаў. Але несумненна, што актам найвышэйшай дружбы паміж імі з'яўляецца пераклад, з'яўляецца перастварэнне мастацкага твора на іншай моўнай аснове. На пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, які адбыўся ў маі г.г. і быў прысвечаны разгляду інтэрнацыянальных сувязей беларускай літаратуры, а таксама ў матэрыялах газеты «Літаратура і мастацтва», якія друкаваліся напярэдадні пленума і ў якіх ішоў абмен думкамі аб стане і праблемах беларускага мастацкага перакладу (гэты абмен пачаўся артыкулам В. Рагойшы «І святы, і будні. Беларускі пераклад — 76»), было ўсебакова абмеркавана становішча спраў у гэтай галіне культурнага жыцця рэспублікі. Прыводзіліся, у прыватнасці, такія звесткі: на беларускую мову ажыццёўлены пераклад твораў з 40 замежных і 34 моў народаў СССР, з 1918 па 1976 год перакладзена звыш 500 асобных выданняў агульным тыражом больш як З млн. экземпляраў (толькі з моў замежных краін). Адзначалася плённая перакладчыцкая праца А. Куляшова, Ю. Гаўрука, М. Танка, Я. Семяжона, А. Зарыцкага, Я. Брыля, Н. Гілевіча, М. Лужаніна, М. Хведаровіча, Э. Агняцвет, А. Лойкі, Р. Барадуліна, П. Макаля, Г. Бураўкіна, Я. Бяганскай, Н. Кісліка, А. Разанава, Б. Спрынчана, В. Сёмухі, Н. Мацяш, К. Кірэенкі, В. Нікіфаровіча, М. Татура, У. Анісковіча і інш. Гэтыя звесткі яшчэ свежыя ў памяці чытача, паўтараць іх няма патрэбы, і я падзялюся толькі некаторымі меркаваннямі наконт грамадскага і эстэтычнага значэння мастацкага перакладу, наконт яго ролі ў інтэрнацыянальным збліжэнні літаратур і людзей.