«Слова ёсць справа». Слова, перакладзенае з іншай мовы, ёсць справа двойчы, бо яно яшчэ нясе ў сабе насенне дружбы, з'яўляецца актам сяброўства і добрай волі... Я трымаю ў руках нядаўна выдадзеную ў Рызе кнігу Мірдзы Абады і Дзінтры Вікспы, якая называецца ў перакладзе па беларускую мову «Дружба, узмацнелая ў вяках» і дзе ўважліва разглядаюцца латышска-беларускія культурныя сувязі, узаемадзеянне дзвюх братніх літаратур. І без таго каштоўны падарунак яшчэ суправаджаецца ў дадатак пранікнёным аўтографам (на беларускай мове):
...Беларусь — краіна раўнінная. Спакойныя ландшафты краю добра спалучаюцца са спакойным, мірным характарам народа, тым самым характарам, рысы якога заўважаюць і цёпла ацэньваюць перакладчыкі нашай літаратуры.
Але ёсць на нашай зямлі і ўзгоркі. Ёсць узгорак, які называецца географамі гарой Маяк. З яго відаць вёска Вязынка, відаць домік паэта, дзе прайшо яго дзяцінства. З гары гэтай пачынаецца наша Свіслач. Недзе тут пачынаецца і рака купалаўскай, а значыць, у пэўным сэнсе і ўсёй нашай сучаснай паэзіі. Адсюль убачыў пясняр карціну, якая ўразіла яго сэрца і выклікала ў ім гаркотна-суровыя і сціслыя, нібы высечаныя на камені, словы: людзьмі звацца. І не выпадкова, што менавіта з гэтага верша, з верша «А хто там ідзе?», пачала наша паэзія выходзіць у свет (з лёгкай рукі Горкага) у перакладзе па іншыя мовы. І не выпадкова, што менавіта гэтыя радкі, гэтыя словы пераклалі і ўкраінец, і француз, і чэх, і англічанін, і латыш, і немец... Радкі прывабілі як паэтычнае ўвасабленне лёсу народа, яго сацыяльнага і палітычнага ідэалу. Наша паэзія атрымала дзякуючы ім надзвычай павучальны ўрок, атрымала прыклад таго, якой яна павінна быць, як яна павінна служыць народу, каб мець права не толькі з ім «гутарку весці», а несці з годнасцю ўсяму свету свой дар.
Гара Маяк — прыродная ўзвышанасць. Але ёсць на нашай раўніннай зямлі, у некалькіх кіламетрах ад Мінска, узгорак, якога да нядаўняга часу не было. І паходжанне яго зусім не звязана з тэктанічнымі з'явамі. Народ насыпаў гэты ўзгорак сваімі рукамі і назваў яго Курганом Славы... Узвышаюцца, узносяцца ўгору сімвалічныя штыкі, нагадваючы аб ратным подзвігу народа, напамінаючы аб тым, што, хто з мячом і штыком прыходзіць, той ад мяча і штыка гіне. Углядваюцца ў засмужаную даль воіны, высечаныя на барэльефах лаўровага вянка. І калі ўважліва прыгледзецца — у суровых рысах воінаў можна пазнаць і рысы паэтаў і пісьменнікаў, якія пралівалі кроў за свабоду і незалежнасць сваёй вялікай шматнацыянальнай Айчыны — рысы грузіна Гелавані і кабардзінца Шагенцукава, узбека Джуры і ўкраінца Шпорты, рускіх Маёрава і Кульчыцкага і беларусаў Коршака і Сурначова... Наша дружба, наша пабрацімства змацаваны крывёй, пралітай на алтар вялікай перамогі над фашызмам. Тым больш надзейна і плённа ўвасабляюцца яны ў нашым мірным супрацоўніцтве, у нашай сённяшняй сумеснай працы на карысць братніх літаратур, у імя духоўнага прагрэсу савецкай краіны.
Не, не выпадковы той факт, што Курган Славы ўзнік ля развілкі старых, хаця і з новым пакрыццём, дарог, узнік па скрыжаванні з указальнікамі: Мінск — Масква — Вільнюс. Менавіта на скрыжаванні чалавек можа адчуць сябе разгублена-адзінокім, менавіта на скрыжаванні ён можа адчуць сябе разам з другімі людзьмі, убачыць свой лёс як часціну лёсу ўсеагульнага.
сказаў, можа быць, пасля наведання Кургана Славы, даўні сябра нашай паэзіі Эўгеніуш Матузявічус у вершы «Братам — беларусам».
Ёсць на раўніннай беларускай зямлі яшчэ адзін узгорачак, яшчэ адзін курган, які таксама — праўда, з іншай нагоды — насыпаны рукамі народа, дакладней: двух народаў — польскага і беларускага. Названы гэты курган Курганом бяссмерця, і насыпаны ён на ўскраіне нашага Навагрудка ў гонар ураджэнца гэтых мясцін, вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча, які, па паэтычным сведчанню Пушкіна, марыў аб тых часах, «когда народы, распри позабыв, в единую семью соединятся».