Выбрать главу

Мы з'яўляемся сёння сведкамі рэальнага яднання народаў і людзей. Мы маем сёння шчаслівую магчымасць сведчыць такія гістарычныя з'явы, як узнікненне новай агульнасці людзей — савецкага народа, як нараджэнне міжнароднага саюза новага тыпу — садружнасці сацыялістычных краін.

Менавіта гэтай справе — справе збліжэння народаў, згуртавання іх у адну сям'ю, у вялікую камуністычную садружнасць — і служаць інтэрнацыянальныя сувязі нашай літаратуры з літаратурамі другіх народаў і краін.

Хай брат заўсёды чуе сэрца брата!

1977 

ВЫСОКІ ПОЎДЗЕНЬ СЯБРА

Гісторык, які будзе даследаваць (ці ўжо даследуе) праблему літаратурных узаемасувязей, не можа не звярнуць увагу на наступны факт: незвычайнае ажыўленне сувязей паміж беларускай і балгарскай літаратурамі, якое пачалося ў 60-х гадах. У нас выходзіць анталогія балгарскай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1964 год), а ў братняй Балгарыі пачынаюць выдавацца ў гэты час першыя кнігі пашай паэзіі, спачатку класічнай, потым сучаснай... Пачатак быў зроблены, і быў зроблены ён, як кажуць, у добры час, насенне падала па спрыяльную глебу. І сёння мы можам з гордасцю канстатаваць, што ўсходы даюць добры ўраджай, што першае знаёмства перарасло ў цеснае творчае сяброўства. І справа ўжо тут не толькі ў абмене перакладамі. Калі прыгадаць такія падзеі, як дні балгарскай літаратуры ў БССР (май 1972 года), як прыезд у канцы мінулага года дзвюх балгарскіх дэлегацый па чале са старэйшымі пісьменнікамі Героямі Сацыялістычнай Працы Каменам Калчавым і Ангелам Тодаравым, то ў нас ёсць падстава сведчыць і наступнае: дружба наша выходзіць за рамкі чыста літаратурныя і набыла вялікі грамадска-палітычны сэнс. Яна з'яўляецца рэальнай праявай існавання міжнароднага саюза новага тыпу — краін сацыялістычнай садружнасці.

Але вернемся да пачатку 60-х гадоў. Складальнікам, перакладчыкам, а інакш кажучы, ініцыятарам выдання першай балгарскай анталогіі на беларускай мове («Ад стром балканскіх») быў, як мы ведаем, Ніл Гілевіч. Ён быў тут пачынальнікам, «першапраходцам». Аналагічную ролю ў дачыненні да нашай літаратуры ў сябе на радзіме адыграў балгарскі паэт Найдан Вылчаў. Гэта з яго лёгкай рукі пачалі выходзіць па балгарскай мове зборнікі вершаў Купалы, Коласа, Куляшова, Броўкі, Танка, Панчанкі... Потым прыйшлі і другія перакладчыкі нашага паэтычнага слова, як, напрыклад, Андрэй Германаў, потым балгары атрымалі магчымасць чытаць на роднай мове і творы нашай прозы — кнігі Мележа, Быкава, Шамякіна, Брыля, Адамовіча... Але першая ініцыятыва належыць Найдану Вылчаву, дастойнаму партнёру нашага Ніла Гілевіча.

Н. Вылчаў быў першым балгарскім пісьменнікам, якога я асабіста ўбачыў у Беларусі.

Потым мы сустракаліся з ім неаднойчы — і ў нас і ў яго сонечнай горнай Балгарыі. Прыгадваю, з якім захапленнем (я ледзьве паспяваў за ім) паказваў ён сваю Сафію. Не магу не аддаць належнае яго закаханасці ў сям'ю, у сыноў, у старэнькую маці (я меў гонар пазнаёміцца з імі ў яго доме, — нельга быць у Балгарыі і не пабыць у гасцях у Вылчава), у родную зямлю. Не магу не аддаць належнае яго ўлюбёнасці ў працу, у часопіс «Сэптэмвры» («Верасень»), загадчыкам аддзела паэзіі якога ён з'яўляецца шмат год, у сваіх сяброў па справе, у літаратуру» У родную культуру... І тым больш не магу не аддаць належнае яго здольнасці дзяліць гэтыя закаханасць і ўлюбёнасць з намі, з нашай краінай і нашай літаратурай, пераносіць сваю любоў на нас. Ён не толькі перакладае і прапагандуе нашу паэзію. У яго ёсць цыкл вершаў, звязаных з беларускімі ўражаннямі («Беларуская рака», «Драўляны домік», «Над магілай паэта» і інш.) і прасякнутых сапраўдным чалавечым і паэтычным пачуццём. Недарэмна Н. Гілевіч у сваім толькі што выдадзеным даследаванні сучаснай балгарскай паэзіі «Верная вялікім запаветам» прыводзіць верш Вылчава пра нашу Бярэзіну як прыклад таго, што паэт «не толькі ўмее скупымі, дакладнымі штрыхамі накідаць малюнак, але і сагрэць яго жывым чалавечым пачуццём, умее стварыць лірычны настрой» і г. д.

Я не пытаюся зараз мысленна ў Найдана Вылчава: як справа? Я ведаю дакладна, што адна з галоўных спраў, якімі ён зараз заняты, гэта выданне анталогіі беларускай паэзіі па-балгарску. І ведаю таксама — па гэтай справе ён прыязджаў да нас у красавіку месяцы, — што ён працуе над кнігай пра сённяшнюю Беларусь, запланаванай у выдавецтве...

Калі едзеш па аўтастрадзе, якая вядзе з Сафіі на Габрава, то недзе прыкладна на паўдарозе спадарожнік скажа: «Вёска Брэсніца... Тут нарадзіўся Найдан Вылчаў».