І нарадзіўся ён, дадам, у сваёй прыдарожнай Брэсніцы роўна пяцьдзесят гадоў назад (вось дзе прычына нашай размовы!).
У адным з сваіх новых вершаў (два з іх я прапаную ўвазе чытачам у сваім перакладзе) наш сябра, паважаны юбіляр піша пра «спелы, залаты жнівень». Пяцідзесяцігоддзе — гэта таксама свайго роду жнівень у жыцці чалавека, гэта яго высокі поўдзень. І я, ад сябе асабіста, ад усіх беларускіх сяброў Найдана Вылчава, працягваю яму праз адлегласць руку і жадаю, каб яго жнівень не спяшаўся пераходзіць у верасень, у восень і каб ён, як і апеты у вершы, быў такі ж залаты і нёс такі ж багаты плён на карысць пашых літаратур, пашай дружбы.
1974
ПРА МАСТЫ, ВЕРШЫ, ПРАГМАТЫЗМ І ІНШАЕ
Адказ чытачу
Рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва» пазнаёміла мяне з пісьмом чытача І. В. Зайцава, які дзеліцца сваімі меркаваннямі аб маіх новых вершах, звязаных з амерыканскімі ўражаннямі і надрукаваных не так даўно на старонках штотыднёвіка. Пазнаёміла з просьбай адказаць чытачу — непасрэдна або праз газету.
Пісьмо аказалася не зусім звычайным. Я хачу сказаць: не проста знакам той чытацкай увагі і цікавасці, якія парой выказваюцца ў адназначнай формуле: спадабалася — не спадабалася. Дадзены водгук крыху іншага характару. Ён абдуманы, аддрукаваны на машынцы (каля трох старонак машынапіснага тэксту), і аўтар яго прадстаўляецца як тэатразнавец, гэта значыць, як чалавек, які мае або збіраецца мець прафесійнае дачыненне да мастацтва, да літаратурна-мастацкай крытыкі (што, дарэчы, адбілася, як мы зараз убачым, і на мове, на стылі пісьма). Гэта па-першае. А па-другое — яшчэ адна асаблівасць водгуку — размова ў ім ідзе не столькі пра самі вершы, колькі пра тыя факты і назіранні, якія леглі ў іх аснову. Асаблівасць, якая мяняе становішча. Бо калі чытач разглядае твае вершы самі па сабе, то тады, напэўна, не справа аўтара асабліва дыскутаваць, тлумачыць, спрачацца. Ужо хаця б таму, што яго голас тут не можа быць у нейкім сэнсе аб'ектыўным. Але калі гэты самы чытач заводзіць размову пра фактычны, што называецца, бок справы, калі ён узнімае пытанні, якія выходзяць за рамкі чыста літаратурнай з'явы, то тады, відаць, аўтар мае падставу і права выказаць свой пункт гледжання.
Пісьмо тэатразнаўцы І. В. Зайцава якраз і адносіцца да апошняга выпадку, яно наводзіць на роздум, і я рашыў, што на яго варта адказаць публічна.
Ды звернемся да самога пісьма (яно напісана па-руску і прыводзіцца ў перакладзе, зробленым рэдакцыяй). «Дзяліцца з чытачом сваімі ўражаннямі ад незнаёмай краіны, — піша Зайцаў, — з'ява ў паэзіі не новая. У сувязі з ЗША ўспамінаецца Маякоўскі, Ясенін... Беларускія пісьменнікі па-свойму працягваюць гэтую традыцыю, добрую і патрэбную. І вось чаму ў першую чаргу накідваешся на вершы А. Вярцінскага, прысвечаныя амерыканскай тэматыцы.
Добрае ўражанне пакідае паэтычны рэпартаж аб Асамблеі (маецца на ўвазе Генеральная Асамблея ААН. — А. В.) «Стук малатка. Пачатак пасяджэння...» Верш сведчыць аб узросшым майстэрстве аўтара...»
Даўшы станоўчую ацэнку вершу-рэпартажу («У ім усё сувымерна, і, як гаворыцца, нічога не выкліквае раздражненая, жадання паспрачацца з аўтарам»), Зайцаў далей рэзка крытыкуе другія вершы, у прыватнасці «Платны мост» і «Могільнік машын», за тое,, што ў іх «паэт, на жаль, пакуль прадставіў нам ЗША з негатыўнага боку. Малюе іх у чорным колеры». У заключэнне ён піша: «Думаецца, надалей паэт будзе больш грунтоўны ў сваіх назіраннях і асабліва вывадах аб норавах у чужой краіне. Інфармацыя пра яе не будзе такой аднамернай, аднабокай».
Словам, асноўны пафас пісьма, выказаны, як бачым, у даволі катэгарычным тоне, зводзіцца да абвінавачвання мяне ў неаб'ектыўным, скажоным паказе амерыканскай рэчаіснасці. Абвінавачванне сваё Зайцаў спрабуе падмацаваць і адпаведнымі, праўда, крыху дзіўнымі, доказамі. Лічачы, напрыклад, «наіўнай» маю рэакцыю на збіранне грошай за праезд па мосце (верш «Платны мост»), ён піша: «Для амерыканца — гэта празаічная справа жыцця. Прыватная ўласнасць. Свой бізнес. Можна, вядома, па-рознаму да гэтай з'явы аднесціся: з асуджэннем ці разуменнем. Паэт жа наіўна ўражаны. «Ды як Калумб, крычу я: «Эўрыка!» Я бачу платныя масты!» Нe здзіўляе ж нас, аднак, што і ў нашай краіне, створанай на іншых прынцыпах маралі, існуюць платныя музеі — сховішчы мінулых і сучасных культур. Масты, якія злучаюць нас з мінулым і сучасным. Такія рэальнасці жыцця...»
Такой жа логікі трымаецца аўтар пісьма і ў разглядзе верша «Могільнік машын». Хаця ён як быццам бы і згаджаецца, што звалкі машын — «відовішча надзвычайнае, бадай, характэрнае толькі для ЗША» (робіцца спасылка на амерыканскія фільмы, дзе падобная з'ява адлюстравана), тым не менш лічыць, што пафас майго верша «не вытрымлівае строгай крытыкі». І аргументуе свой пункт гледжання так: «Амерыканцу з яго філасофіяй прагматызму, які наклаў на яго быт не заўсёды спрыяльнае адценне, прасцей купіць новую машыну, чым лапіць старую. Піша ж у сваіх празаічных каментарыях да разглядаемага верша аўтар, што рамонт старой тэхнікі абыходзіцца амерыканцу дорага. Дык ці не практычней і прасцей купіць новую машыну, чым завязнуць у дарозе на старой. Згубіць час, а значыць і грошы».