Што можна адказаць на падобныя логіку і аргументацыю?
Адказ мой крыху ўскладняецца тым, што вершы самі па сабе, як ужо можна было пераканацца, мала цікавяць І. В. Зайцава. Ён, па сутнасці, ігнаруе тую акалічнасць, што мае справу з вершаванымі радкамі, а не з навукова-статыстычнымі, скажам, выкладкамі. Бо інакш размова пайшла б з самага пачатку ў іншым крыху кірунку, і аўтару пісьма прыйшлося б лічыцца з некаторымі абсалютна відавочнымі рэчамі. Ну, напрыклад, са звычайным, з элементарна зразумелым, мые здаецца, эмацыянальным пасылам, выказаным у першым радку верша: «Самотны выгляд кінутых машын...» Бяруся зноў запэўніць, што гэта сапраўды невясёлы малюнак — пакінутая на вуліцы ці на ўзбочыне шашы і ўжо напалавіну расцягнутая па частках машына. Асабліва калі бачыш яго, гэты малюнак, упершыню (потым, магчыма, вока крыху прывыкае). Першае ўражанне падказала і першыя словы, першы радок, прымусіла задумацца... З першага ўражання, як з завязі, вырас верш. Адбылося гэта, такім чынам, натуральна, без усялякай зададзенасці, тым больш без якога-небудзь зламыснага намеру адшукаць гэтыя самыя «ценевыя бакі», сказіць жыццё чужой краіны (яно і без таго дастаткова скажонае само па сабе, ды пра гэта ніжэй).
Прыкладна гэтак жа ўзнік і верш «Платны мост». Але калі ў папярэднім выпадку ўсё пачалося з першага радка, з самага пачатку, то ў дадзеным выпадку — з эмацыянальна-псіхалагічнага адчування, якое выказана ў заключных радках:
Малюнак тут я ўбачыў хутчэй за ўсё не вонкавым, а ўнутраным зрокам. І, можа, нават не столькі ўбачыў, колькі зафіксаваў нейкім душэўным рухам — рэакцыяй на нечакана новую сітуацыю: спыніся і заплаці за мост. Потым ужо, у вершы, спрабаваў адказаць сабе, чаму гэта з'ява так уразіла, здалася такой непрымальна-дзіўнай. Дазволю сабо звярнуць увагу аўтара пісьма на гэтыя радкі:
Вось у чым тут, аказваецца, справа. Не ў тым, зноў-такі, што аўтару захацелася раптам мазануць гусцей чорнай фарбай. А ў арганічным непрыняцці, у непасрэдным, натуральным пратэсце супраць таго, што чужое, што не стасуецца з маімі ўяўленнямі і поглядамі, што абражае маю чалавечую годнасць (а заадно яшчэ і разбурае «ілюзію недасягальнасці»)... Факт уразіў, закрануў пачуцці, а калі закранаюцца пачуцці, то тады якраз і нараджаюцца вершы. У гэтым сэнсе яны сапраўды не столькі пішуцца, колькі «здараюцца».
Зайцаў павінен быў бы ведаць як тэатразнаўца, што ў адрозненне, напрыклад, ад навуковага гледжання, гледжанне мастацкае мае выбіральны характар — яно не столькі ахоплівае факты і з'явы (ва ўсім іх аб'ёме), колькі выхоплівае іх з акаляючага жыцця, не столькі суміруе, рэгіструе, аналізуе, колькі тут жа, часам імгненна, ацэньвае іх, выказвае да іх свае адносіны — па пэўнаму эмацыянальнаму і ідэйна-маральнаму рахунку. Інакш кажучы, тут ужо сам выбар супадае з пазіцыяй, з ацэнкай. (Прыгадаем яшчэ тэорыю інтуітыўнага падзелу дабра і зла.)
Ну і, безумоўна, калі мець на ўвазе дадзены выпадак, не маглі не даць пра сябе знаць пэўны светапогляд, пэўная пераконанасць.
Я мог бы, вядома, апісаць цудоўныя масты, якія бачыў у ЗША і якія, павінен сказаць, намнога лепшыя, намнога больш дасканалыя тэхнічна за той Бруклінскі, пра які было сказана з захапленнем, што «это вещь!». Я мог бы расказаць пра панараму, якую бачыш з вышыні нью-йоркскага Эмпайер Стэйт Білдынга ці з вышыні гандлёвага цэнтра ў Бостане (панарама сапраўды што трэба!). Мог бы гаварыць пра пункты продажу машын, дзе чакаюць, ззяючы лакам, пакупніка шыкоўныя лімузіны розных канфігурацый і марак... Мог бы, ды... не змог. У вусных сваіх выступленнях я прыводзіў і падобныя звесткі. Ды вось што датычыцца вершаў, то тут, аказваецца, «не всякое лыко в строку», то тут існуюць пэўныя законы, па якіх, як ужо гаварылася, вершы ўзнікаюць, у тым ліку і «замежныл». Ну і яшчэ, можа быць, справа ў тым, што я якраз і не хварэю па гэтыя самыя «наіўнасць» і «інфантыльнасць» (ёсць у пісьме і такі эпітэт у мой адрас), у якіх папракае мяне Зайцаў.