Паколькі аўтар пісьма выклікаў мяне на сацыялагічную палеміку, паспрабую адказаць і па сутнасці некаторых яго разважанняў і «аргументаў». Вось ён піша, што і ў нас, маўляў, трэба плаціць і за тое і за гэта, і ў нас ёсць... платныя музеі. Але ж гэта падмен паняццяў. У вершы ж размова ідзе не пра музеі (я, дарэчы, наведваў амерыканскія музеі, і яны мне спадабаліся, хаця і даводзілася плаціць за ўваход), а пра масты. І хіба не ясна, што гэта — непараўнальна розныя рэчы? Атаясамляць іх, гэта прыкладна тое, што ставіць знак роўнасці паміж блакітным дымком і слёзатачывым газам ці смогам або прыпадабняцца гогалеўскаму герою, які ў адказ на просьбу жабрачкі даць на хлеб пытаўся: «Гм! Так тебе, может, н мяса хочется?» Вам трэба некуды ехаць? Вам трэба пераехаць праз мост? Гм! Дык вам, можа, і па залах Метрапалітэна пахадзіць хочацца?..
Ці, можа, усё-такі паэт па сваёй уражлівасці і недасведчанасці згусціў фарбы? Можа, усё-такі і не такая дрэнная гэта рэч — платныя масты?
Давайце паслухаем думку самога амерыканца, а дакладней — амерыканскага публіцыста Майка Дэвідаў, які некалькі гадоў працаваў у Маскве ў якасці карэспандэнта газеты «Дэйлі уорлд» і пасля вяртання ў родны Нью-Йорк пісаў у сваім вядомым «Пісьме савецкім сябрам з «свабоднага» свету (яно друкавалася ў «Иностранной литературе»): «Раптоўна наш аўтамабіль разам з усім патокам машын спыняецца. Наперадзе нейкі затор, рух паралізаваны. Усё як быццам бы ішло нармальна, ніякіх прыкмет аварыі. У чым жа справа! Ах, вось яно што: мы проста забылі, што сярод усёй гэтай цуда-тэхнікі сярэдзіны дваццатага века існуе сучасны эквівалент сярэдневяковых пабораў за праезд, якія спаганяюцца кожным феадалам. Мы якраз пад'ехалі да моста, перад якім збіраюць пошліну за ўезд у «герцагства Нью-Йоркскае». Падобна да сярэдневяковага зборшчыка падаткаў, вартавы, які знаходзіцца на службе ва ўладальнікаў гэтай ультрасучаснай аўтастрады, спыніў цэлае полчышча аўтамабіляў, каб сабраць з нас мзду: па паўдолара з машыны...»
«Пошліна за праезд праз мост, — заканчвае сваю гнеўна-іранічную тыраду Майк Дэвідаў, — нагадала нам пра тое, чаго трэба чакаць далей».
Сведчанне самога амерыканца, які, трэба думаць, ведае, што да чаго ў лго на радзіме, наўрад ці можа быць пастаўлена пад сумненне. І каментарый тут наўрад ці патрэбен.
Далей. Ці так ужо нявінна, як спрабуе прадставіць справу Зайцаў, выглядаюць пакінутыя машыны і, у прыватнасці, звалкі машын? Па-першае, гэтая з'ява — яшчэ не доказ сапраўднага багацця, «усеагульнага дабрабыту». Самі амерыканскія сацыёлагі прызнаюць сёння, што чалавек, які мае не новы, ужываны аўтамабіль, можа быць у сучаснай індустрыяльнай Амерыцы звычайным бедняком. «Амерыка — адзіная краіна, якая калі-небудзь адпраўлялася ў багадзельню па аўтамабілі», — піша адзін з гэтых вучоных Г. Міллер. Па-другое, ці так ужо вольны гэты сярэдні амерыканец у сваім рашэнні: кідаць або не кідаць старую, купляць або не купляць новую машыну? Ці не з'яўляецца ён толькі невялічкім, адпаведна ўманціраваным і змазаным вінцікам вялікага механізма «грамадства спажывання», у якім, па словах небезвядомага Дж. Гэлбрайта, «толькі намаганнем волі можна прымусіць сябе ўявіць, што ёсць нешта гэтак жа важнае, як тавары»? Хутчэй за ўсё — так. І ліхаманкавая эскалацыя спажывання стварае атмасферу, калі не столькі чалавек выбірае машыну, колькі машына выбірае чалавека. Можа быць, таму ён і з такой лёгкасцю развітваецца з ёй, так проста адпраўляе яе на звалку.
Прывяду характэрны ў дадзенай сувязі дакумент, на які спасылаецца ў сваёй кнізе «ЗША: крызіс сацыяльнай палітыкі» наш беларускі вучоны А. Д. Гусеў (кніга выйшла не так даўно ў выдавецтве «Беларусь»), Дакумент гэты — даклад ААН аб сусветным сацыяльным становішчы 1970 года. «Маюцца доказы таго, — гаворыцца ў дакладзе, — што па пэўнай стадыі пакупка тавараў шырокага спажывання становіцца хутчэй рэакцыяй у адказ на прыёмы рэкламы, чым адчуваемай патрэбай, і што ўладанне гэтымі таварамі... не прыносіць пачуцця задавальнення, а толькі стварае адчуванне ўнутранай спустошанасці, збаўлення ад якой чалавек шукае ў набыцці новых тавараў».
У дакладзе ААН таксама адзначаецца, што празмерныя вытворчасць і спальванне некаторых тавараў вядуць да пагражальнага забруджвання асяроддзя і патрабуюць далейшага ўзмацнення эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. «Усё большую грамадскую праблему складаюць прамысловыя і бытавыя адыходы, — піша Гусеў, — У ЗША, на радзіме аўтамабілізму, з году ў год расце колькасць аўтамашын, якія выйшлі са строю. Вакол гарадоў растуць «могільнікі» аўтамабіляў. Штогод у ЗША каля 10 мільёнаў машын ідуць на звалку, прычым мпогія з уладальнікаў пакідаюць іх проста ў гарадах, загрувашчваючы вуліцы і двары. Каб пазбавіцца ад старых машын, у штаце Пенсільванія іх скідваюць у адпрацаваныя шахты, а ў горадзе Буфало, у штаце Ілінойс, іх доўгі час тапілі ў возеры Эры.