Прывяду яшчэ адно пісьмо. Вельмі характэрнае. Той чытач, пра якога ідзе гутарка, праявіўся тут ва ўсіх сваіх разнавіднасцях. Пісьмо гэта было адрасавана Васілю Быкаву. Адзін масквіч прачытаў «Альпійскую баладу», прачытаў нават двойчы, як ён прызнаецца. І... абразіўся. За каго ці за што вы думаеце? За аўчарак. Так, так, менавіта за аўчарак, з якімі змагаецца Іван Цярэшка і якіх, на думку чытача, аўтар недаацаніў. «Апісанага выпадку, — піша з незатоепай злосцю нейкі заўзяты сабакавод, — у жыцці не было. Вы яго асабіста не бачылі... Чаму? Таму, што аўчаркі вельмі спрытныя, фізічна моцныя, да таго ж надрэсіраваныя. Калі яе ўзяць за павадок, то яна вас у нейкую долю секунды сваімі ікламі загрызе, параніць, паралізуе. Аўчарка здольна пакласці ніцма любога сілача, штангіста, чэмпіёна з сусветным імем па цяжкай атлетыцы. Больш таго: аўчарка-ваўкадаў здольна зваліць у брудную лужыну любога літаратара, рэдактара і ўсю рэдкалегію. Аўчарка зваліць усіх, хто яе прынізіў, недаацаніў, абразіў. Упэўнены, што ні адзін будаўнік камунізма, які любіць сацыялістычны рэалізм, фантазію, рамантыку, не паверыць, каб рускі Іван голымі рукамі задушыў надрэсіраваную аўчарку з высунутым языком і драпежнымі ікламі...»
Бачыце, як дасканала ведае і як моцна любіць аўчарку аўтар пісьма. Як ён даражыць яе прэстыжам. Яму нават няма ніякай справы да таго, што аўчарка ў дадзеным выпадку фашысцкая, эсэсаўская, што ад яе драпежных іклаў гіне «рускі Іван». Затое ён «упэўнены, што ні адзін будаўнік камунізма...»
Упэўненасці, ці, дакладней, самаўпэўненасці, хапае, не хапае толькі самага простага эстэтычнага адчування, элементарнага маральнага пачуцця.
Наша грамадства расце культурна, і ваяўнічых гора-чытачоў становіцца ўсё меней. Але яны ёсць, і іх нельга скідваць з рахунку. Тым больш што яны робяць яшчэ сваю справу. З імі вымушаны лічыцца работнікі кнігагандлю, да іх думкі яшчэ павінны прыслухоўвацца бібліятэкары. Іх голас не-не ды і прагучыць з газетнай паласы. Я нядаўна прачытаў, напрыклад, у нашай адной газеце пісьмо настаўніка, дзе выказвалася абурэнне фільмам «Зацьменне». Аўтар пісьма не выказваў свайго асабістага ўражання ад фільма, не дзяліўся сваімі меркаваннямі (гэта было б яшчэ нічога), а ў безапеляцыйным тоне патрабаваў забараніць, зняць фільм, засцерагчы савецкіх кінагледачоў і г. д. (І гэта пра фільм, дзе даецца такі страшэнны малюнак біржавай ліхаманкі і звязанай з ёю духоўнай вынішчанасці чалавека буржуазнага свету.)
На такога і падобнага яму чытача робіць стаўку і пэўнага роду літаратура — калі так можна назваць пастаўшчыкоў нізкапробных аднаактовак, песенных тэкстаў, эстрадных куплетаў, вершаў да пэўнай даты і г. д. Не так даўно газета «Літаратура і мастацтва» змясціла рэпліку «І крылы музыкі бяссільны», дзе падвергла крытыцы песні-тэксты І. Панкевіча. І. Панкевіч не вельмі збянтэжыўся. Ён рашыў даць адпор і прыслаў у рэдакцыю «абвяржэнне», напісанае ў такіх словах: «А вам, таварыш рэцэнзент, вядома, што:
Люся Чалоўская сапраўды прымусіла трапятаць фашысцкага прыхвасня...
Па-другое. Хай будзе вядома рэцэнзенту, што партызаны карысталіся не толькі аўтаматамі і пісталетамі...
Што песня аб Рыме Шаршнёвай развучана і выконваецца ў многіх школах Мінска і за яго межамі. Дзецям яна падабаецца. А дзеці — гэта строгія суддзі».
Нічога сабе «абвяржэнне», ці не праўда?
Той жа, як бачым, дэмагагічны прыём, тая ж тэндэнцыя прыкрываць спасылкай на «гераічнага сучасніка», на «дзяцей — строгіх суддзяў» мастацка-эстэтычную глухату, неразуменне законаў літаратуры, спецыфікі мастацкага слова. І паколькі І. Панкевіч выступае яшчэ як аўтар, як зацікаўленая асоба, то да вядомага прыёму дадаецца яшчэ і спроба абараніць падробку, узвесці яе ў ранг паэзіі. Бясплённы занятак!
Чытач чакае ад пісьменніка цікавай, вартай яго, чытача, кнігі. Пісьменнік чакае ад чытача вартай той кнігі ацэнкі. Калі чытацкай радасці — то сапраўднай, калі чытацкай крытыкі — то таксама сапраўднай.
Я гаварыў пераважна аб чытачу малакваліфікаваным. Гэта не азначае, вядома, што я меў намер кінуць цень на нашага чытача ўвогуле. Не. Я ўжо гаварыў пра тое, як патрэбен літаратуры чытач сапраўдны, якое значэнне мае станоўчая чытацкая актыўнасць. І яшчэ раз хачу падкрэсліць, што такі чытач — сапраўдны, сур'ёзны, падрыхтаваны — пераважае, і менавіта яго голас, а не беспадстаўныя прэтэнзіі і прыдзіркі з'яўляецца рашаючым і вызначае лёс таго ці іншага мастацкага твора.
1966
ЧАЛАВЕК З НАШАЙ БІЯГРАФІІ