Выбрать главу

Чытач будзе мець рацыю. Хіба не гаварыў яшчэ Бялінскі, што паэт павінен быць у вершах самім сабой, што «выдатнасць таленту ідзе ад выдатнасці чалавека як асобы, як натуры».

Нялёгка, вядома, быць у вершах самім сабою, быць гранічна шчырым, адкрытым. І менавіта з гэтым, я думаю, звязаны той факт, што ў зборніках маладых зусім мала ўласна лірычных вершаў, г. зн. вершаў-маналогаў, вершаў-споведзяў. Хаця як быццам бы пераважная большасць вершаў адносіцца да лірыкі. Відаць, лягчэй гаварыць ад першай асобы, - ад свайго «я», і цяжэй сваё «я» раскрыць, даверыцца па шчырасці. Асабліва калі яшчэ не хапае вопыту — жыццёвага і літаратурнага, калі яшчэ не можаш адрозніць, што тваё, а што чужое. Але тым не менш — трэба ісці ў вершах да самога сябе і ўжо з самім сабой вяртацца да людзей. Іначай нельга.

Гэта лёгка ўбачыць на канкрэтным прыкладзе, скажам, на прыкладзе таго, як маладыя пішуць пра каханне — пра пачуццё, якое, здавалася б, не можа быць сапраўды лірычным, непаўторным па сваёй эмацыянальнай афарбоўцы, арганічным. Не можа не быць у жыцці, але бывае такім у вершах... У адным сваім вершы («Мне краявід маёй айчыны...») Кусянкоў абяцае сябрам, што «нап'ецца водару жывіцы» і «для Айчыны будзе жыць», а пазней, у другім творы, прызнаецца сваёй спадарожніцы: «За страты ўсе ўзнагародай мне будзеш, роднай, ты». Дзве крайнасці, два полюсы. Ну, а дзе ж сапраўдны Мікола Кусяпкоў з сваёй натурай, сваёй асобай? Падобна, што ён і не тут, і не там, а недзе пасярод гэтых палюсоў, толькі гэтую «раўнадзейную» ён не знайшоў у сваіх вершах. Гэтак жа як не знайшоў самога сябе і ў радках:

Так — я не адзін на свеце. Мой дзень таежны міне. Табе ж свеціць сонца недзе, А значыць, свеціць і мне.

Уяўна-паэтычнае, а не рэальнае, не зямное каханне і ў лірычнага героя Анатоля Канапелькі. То ён угаворвае сваю любую пайсці з ім «да людзей» (дрэнная прыкмета, відаць, каханне прайшло), то заклікае яе звышбадзёра паглядзець, «як іскрыцца праменная сінь», то ўсё «гукае рэха» ў чаканні сваёй сяброўкі і спадзяецца, што і яна займаецца тым жа — «адзіная ў свеце рэха гукае».

Анатоль Сербантовіч больш арыгінальны ў сваіх вершах пра каханне. Ён — аддадзім яму палежнае — абыходзіць літаратурны штамп, шукае новы вобраз, але пошук яго выліваецца ў вялікі, з чатырох частак, верш пра... «каханую — зіму».

Мая каханая — зіма. Любіць другую не сумею. Я па табе іду, зямля, Абняўшы рускую завею. і г. д. і да т. п.

Верш зроблены нядрэнна, але, на жаль, ні кахання, ні каханай у ім няма. Ёсць толькі «ігра» рыфмай, «абыгрыванне» і г. д. І гэта ў вершы, які мае канкрэтнае прысвячэнне, абазначанае ініцыяламі.

Закахаўся ў халодную зіму, як быццам змовіўся з Сербантовічам, і Маляўка. У вершы «Каралі» ён піша:

А я не ўтойваў ад людзей І верыў некалі ў тумане, Што першы снег тваіх грудзей На вуснах у мяне растане.

Падвёў паэта густ і ў другіх яго вершах пра каханне. Вычварнасць у іх пераплятаецца з ноткамі «жорсткага раманса», накшталт: «Окрасился месяц багрянцем». Паэт піша пра «цёмную ноч», у якой ён згубіўся «без сузор'яў радзімак на смуглым... плячы» каханай, піша пра нейкую «дыктатуру вуснаў» і да т. н. Верш «Казка» пачынаецца радкамі:

Пры кожнай сустрэчы баюся: У зрэнках, вільготных ад плачу, Аднойчы не адаб'юся, Аднойчы другога убачу.

Прывёў я іх не толькі таму, што там гаворыцца пра нейкае дзіўнае, «рамансавае» каханне, а яшчэ і таму, што я хачу іх параўнаць з падобнымі радкамі Хведара Чэрні. Ён таксама глядзіць з той жа бояззю ў вочы сваёй каханай, усё не можа «адбіцца» ў іх і пытае:

Можа, скажа зіма, Можа, скажаш сама, У якую ж пагоду, У якую пару мне ў вочы глядзець твае, Каб убачыць у іх сябе?

Тая ж няўпэўненасць, той жа страх, бачыце, і яшчэ — звярніце ўвагу! — тая ні самая знаёмая ўжо нам зіма. Як гэта ні дзіўна, але гэта так. Прытым Хв. Чэрню яна, гэтая зіма, так запала ў душу, што і ў другім вершы («Твае вочы — маленькія дзве планеты»), дзе ён усё працягвае глядзець у вочы нахапай, ён бачыць раптам перад сабой зіму (вось насланнё!):

Потым сэрца сціснула холадам млечным. Маразы ударылі, быццам грамы. Я забыў, што лета бывае не вечным, Што яно не можа быць без зімы.