Словам, без «зімы» ніяк нельга. Асабліва калі пачынаеш пісаць пра сваю каханую, пра яе вочы. Для паўнаты малюнка дадам яшчэ, што не абышлася без зімы ў вершы пра каханне і Аўгіння Кавалюк. Прынясу, гаворыць яна, з гаю лісты.
Але чаму — зіма? Адкуль яна? Чым можна вытлумачыць гэтую «кахальна-зімовую» пераклічку? Прычыны розныя, але галоўная з іх — гэта безаблічнасць, адсутнасць сапраўднага, прачулага лірызму, які б даў непаўторна новыя інтанацыі, свежаафарбаваныя словы. Да таго ж, пішучы пра каханне, паэты, відаць, і не здагадваюцца, што тэма гэтая зусім не лёгкадаступная, што тайна адносін паміж людзьмі, па словах Маркса, «...знаходзіць сваё недвухсэнсоўнае, рашучае, адкрытае, яўнае выяўленне ў адносінах мунечыны да жанчыны... У гэтых адносінах праяўляецца ў пачуццёвым выглядзе, у выглядзе нагляднага факта тое, наколькі стала для чалавека прыродай чалавечая сутнасць або наколькі прырода стала чалавечай сутнасцю чалавека».
Нельга, словам, пісаць пра каханне, не заглядваючы ў сябе, не закранаючы сваёй сутнасці, свайго асабістага, вынашанага, перажытага пачуцця, чым бы яно ні было — усепаглынаючай страсцю, радасцю, захапленнем, рэўнасцю, смуткам і г. д. Лірыка, у тым ліку і любоўная, патрабуе багацця адчуванняў, а багацце адчуванняў — гэта багацце тваёй душы, тваёй натуры. Натуру ж сваю ты нічым не заменіш і не падменіш — ніякімі эрзацамі і мадэлямі.
Прывяду, у той жа сувязі, і яшчэ адно назіранне над вершамі першых кніг.
Самавызначэнне ў паэзіі, як вядома, не з'яўляецца самамэтай, яго канчатковая мэта — грамадзянскасць, «гарызонт усіх» (гэтыя словы я бяру з вядомай формулы П. Элюара: «Ісці ад гарызонта аднаго да гарызонта ўсіх»). Ёсць, праўда, у паэта радкі:
І навучыцца «просто плакать» (гэтак яна, як і «проста кахаць») у вершах — гэта ўжо нямала і гэта неабходна. Але паэту — такі ўжо закон мастацтва — трэба ісці далей, трэба «решать сложную задачу, глубинные загадки бытия». Трэба быць, інакш кажучы, грамадзянінам. Грамадзянінам і мысліцелем.
Можа быць, ад першых кніг тут не трэба асабліва патрабаваць. Але я спынюся не столькі на тым, чаго ў іх яшчэ няма, колькі на тым, што ўжо ёсць і дае нейкую падставу для вывадаў.
Я ўжо гаварыў пра здольнасці Васіля Зуёнка мысліць арганічна і па-філасофску глыбока, пра яго імкненне ўмяшацца ў жыццё, вынесці свой прысуд. Пажадана толькі, каб паэт смялей пазбаўляўся ад пасіўнай сузіральнасці, якая яшчэ дае знаць у некаторых яго вершах, і смялей напаўняў свае вершы надзённым сацыяльным зместам.
Ёсць, б'ецца грамадзянская «жылка» і ў Анатоля Сербантовіча — аўтара «Азбукі». Але б'ецца яна яшчэ неяк ці то стыхійна, ці то падспудна, пазіцыя аўтара яшчэ не заўсёды ясная, асабліва калі ён спрабуе «скакаць» цераз азбучныя ісціны.
Вельмі расплыўчатае грамадзянскае крэда і ў Хведара Чэрні. То ён у «вайне на зямлі між колерамі» «застаецца нейтральным» (праўда, у канцы верша ён папраўляецца: «І я зусім не нейтральны»), то запэўнівае, што гатовы аддаць усё:
Але што гэта за вера, што мае на ўвазе аўтар, цяжка здагадацца. Не памагае і паўторнае чытанне верша. «Жыццё, як формула няпростая, якую цяжка разгадаць», — нядрэнна сказана ў Анатоля Канапелькі. І тут з ім пагаджаешся — сапраўды цяжка. «А ўсё ж даходзім мы да ісціны», — працягвае паэт. І тут хочаш усклікнуць: пахвальна! Давай сюды сваю ісціну! Але, аказваецца, ні да якой ісціны паэт не дайшоў і не думае даходзіць. Ён толькі канстатуе «складанасць мудрасці яе».
У другім сваім вершы Канапелька дзеліцца з намі сваім назіраннем: «Людзі — не эталоны, вельмі ж розныя людзі». «Няўжо?» — пытаешся ў аўтара. І паколькі ён гаворыць з усёй сур'ёзнасцю, то пагаджаешся з ім, толькі задаеш яшчэ адно пытанне: «Ну і што?»
Вельмі мала для паэта — нешта рэгістраваць, ды яшчэ рэгістраваць такія «глыбокія» назіранні і ісціны, накшталт «Волга ўпадае ў Каспійскае мора...». Ён павінны плыць не ўніз па цячэнню — жыццёвай Волгі — а супроць цячэння, каб самому даведацца, адкуль усё ж бярэ пачатак і куды ўпадае гэтая рака, на чым усё ж трымаецца свет — на трох кітах, як сцвярджаюць некаторыя, ці на чым іншым.