Выбрать главу

Думаю, што грамадзянская няспеласць вершаў ідзе зноў-такі ад несамастойнасці аўтара як чалавечай асобы, ад нерашучасці быць у творы самім сабой — калі, вядома, ёсць што за душой, — жыць у творы, «шукаць, непакоіцца, гарэць», як сказаў Анатоль Сербантовіч.

І апошняе. Думаю, што і праблема формы — гэта таксама ў канчатковым ліку, праблема арганічнасці, праблема асобы ў паэзіі. (Зноў-такі: «стыль — гэта чалавек».) І не выпадкова, што першыя зборнікі маладых пакідаюць жадаць шмат лепшага ў фармальна-жанравых адносінах. Нельга не згадзіцца з Фёдарам Яфімавым, які ў сваёй рэцэнзіі на кнігу Хведара Чэрні (часопіс «Маладосць») гаворыць пра беднасць рыфмы, нядбайнасць у адносінах тэхнікі верша. Але бяда, вядома, не толькі ў дрэнных рыфмах, хаця яшчэ Бялінскі гаварыў аб «рыфме сэнсу», хаця мы цяпер гаворым аб рыфме акцэнтнай, аб рыфме як важным формаўтваральным фактары і г. д. Бяда ў тым, што маладыя, за рэдкім выключэннем, увогуле ставяцца да формы або неахайна, або некрытычна, нятворча, бяруць механічна гатовыя ўжо памеры і рытмы. І калі чытаеш зборнікі, то не-не ды і заўважаеш, што вось тут рытм не той, занадта банальны, скажам, для дадзенай тэмы, а тут памер не адпавядае зместу і г. д. Часам малюнак выглядае так: аўтар вязе ў сваім вершы на стартавую пляцоўку ракету, а радкі так лёгка падскокваюць, як быццам тую ракету вязуць па бруку на старых сялянскіх драбінах.

Маладыя паэты амаль не робяць спроб выкарыстаць белы і вольны вершы, не выкарыстоўваюць іншыя магчымасці для абнаўлення верша, для таго, каб не толькі ад ісціны новай, але і «от истины ходячей всем стало больно и светло».

* * *

Мне думаецца, што калі паэзія заўсёды мела сваёй вызначальнай якасцю і сваёй асноўнай мэтай самаўсведамленне чалавека, сцвярджэнне чалавечнасці, высокага чалавечага ідэалу, то ў наш атамны, у наш касмічны век гэтая яе якасць і гэтая яе мэта набываюць асаблівае значэнне. І, такім чынам, набывае асаблівае значэнне неабходнасць гаварыць пра сябе, як пра час, і пра час — як пра сябе, гарэць у вершах усёй сваёй чалавечай сутнасцю. Памятаеце? — «Толькі тое, што было споведдзю пісьменніка, у якой ён спапяляў сябе, каб нарадзіцца нанова ці памерці, — толькі яно можа стаць вялікім...» Гэтыя словы сказаны раней, сказаны Блокам, але хто можа запярэчыць, што яны не сказаны менавіта сёння?

1967

СЦВЯРДЖЭННЕ

У Аляксея Пысіна фактычна два рабочыя сталы. Адзін — у рэдакцыі газеты «Магілёўская праўда», дзе паэт працуе нязменна вось каторы год — вядзе літаратурную кансультацыю, піша нарысы, выступае па пытаннях культуры. (За гэтым сталом я і застаў яго, прыехаўшы ў Магілёў.) Ну і другі, так сказаць, асабісты, дома. Між імі і дзеліць свой час паэт. Гэта, вядома, не так проста — дзяліць час, асабліва калі ведаеш яму цану. Але ў Пысіна неяк атрымліваецца. Даўні, са стажам, газетчык, былы салдат, ён умее ісці па жыцці з «поўнай выкладкай». Выедзе з Магілёва па месяц ці на дзесятак дзён у Дом творчасці альбо ў адпачынак — і зноў за свае рабочыя сталы. Сталы гэтыя за доўгія гады парадніліся. Часам яны пастолькі збліжаюцца, што з'яўляюцца як бы дапаўненнем адзін аднаго. Аляксей Васільевіч расказвае, як узнікла першая яго паэма — «Жураўліны бераг». Паехаў ён з фотакарэспандэнтам у камандзіроўку. Веснавы разліў. Вясновая смуга. Вёска. Сустрэча з пастаўпікам-энтузіястам, які стварыў клуб на грамадскіх асновах. Іншыя сустрэчы, іншыя людзі — дачка настаўніка, яе сяброўкі па працы па ферме. Сляды вайны, яе горкая непазбыўная памяць. Але вясна бярэ над усім верх. І, як адна з вясновых прасветлін, — унучка настаўніка, якая вельмі хоча сфатаграфавацца... Прыехалі — напісаў нарыс. Але зразумеў, што не выказаўся да канца. Узяўся за паэму. Пісаў, як кажуць, на адным дыханні. Прыходзіў з работы, зачыняўся і пісаў, пісаў... Паэма была намнога большая, чым яе канчатковы варыянт — прыходзілася потым мясцінамі скарачаць, адкідаць неабавязковае. Усё ў паэме — пачынаючы з яе назвы і імён герояў і канчаючы канфліктам — ад жывых уражанняў з той вясновай паездкі ў вёску.

Наогул Аляксей Васільевіч, як ён прызнаўся ў час нашай размовы, любіць камандзіроўкі — яны даюць магчымасць сустракацца з людзьмі, бачыць жыццё, так сказаць, зблізку.

— Цікава пабыць сярод людзей, — гаворыць ён. — І слова жывое пачуеш, і песню народную. Нядаўна ездзілі — якія песні пачулі!..

Слухаючы гэтыя словы, я падумаў: «Вось і адказ, чаму многія вершы паэта блізкія сваімі вобразамі і сваім інтанацыйным ладам да фальклорнай паэтыкі, чаму ён часта звяртаецца да народнай песні. Жывое народнае слова, гутарковае і песеннае, — нязменная любоў і трывалая апора паэта».