Выбрать главу

Калі чытаеш «Хроніку», то мімаволі спыняешся на некаторых фактах і падзеях...

Год 1917... Газета «Вольная Беларусь» пачала друкаваць паэму Якуба Коласа «Сымон-музыка».

Міхась Чарот піша першы верш «Чужына»...

Год 1919... У Маскве выходзіць першы зборнік вершаў Янкі Купалы на рускай мове...

Год 1921... У газеце «Савецкая Беларусь» надрукаваны першы верш Андрэя Александровіча «Да моладзі»...

Год 1922... Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства выпусціла ў свет першую ў савецкі перыяд кнігу вершаў Янкі Купалы «Спадчына».

23 мая «Савецкая Беларусь» публікуе верш Кандрата Крапівы «Сваты» — першы твор пісьменніка на беларускай мове.

Выходзіць з друку першая кніга вершаў Міхася Чарота «Завіруха».

Выдадзены зборнік вершаў Якуба Коласа «Водгулле», першая кніга паэта пры савецкім часе...

Год 1924... «Маладняк» апублікаваў першы верш Алеся Дудара «Паэты рэвалюцыі»...

Год 1925... З вершам «Першая песня» выступіў упершыню ў друку Максім Лужанін...

Год 1926... 18 жніўня газета «Чырвоная Полаччына» публікуе першы верш Петруся Броўкі «Ой, не шапчы, бярозка...».

«Ты мой брат» — так называецца першы верш Аркадзя Куляшова, надрукаваны ў клімавіцкай раённай газеце «Наш працаўнік». Аўтару — дванаццаць год...

Год 1927... У выданні «Маладняка» выходзіць першы зборнік вершаў Пятра Глебкі «Шыпшына»...

Год 1928... У снежні «Маладняк» апублікаваў паэму Паўлюка Труса «Дзесяты падмурак».

1 лютага адна з газет Грамады («Рэха працы») надрукавала першы верш Валянціна Таўлая...

Год 1932... 7 красавіка ў львоўскай аднадзёнцы «Беларускае жыццё» з'явіўся верш маладога паэта, упершыню падпісаны псеўданімам Максім Танк...

Год 1934... Пад псеўданімам Алесь Загорны ў альманаху «Ударнік» надрукаваны першыя вершы Пімена Панчанкі «Ураджайнае» і «Моладзі»...

Год 1938... Упершыню выступіў у друку з вершам «Матчына песня» Анатоль Вялюгін.

Мікола Аўрамчык надрукаваў у «Полымі рэвалюцыі» свой першы верш «Парашутыстка»...

Год 1939... Упершыню выступіў у друку Кастусь Кірэенка.

Выйшаў першы зборнік Рыгора Няхая...

Гады 1941, 1942, 1943, 1944... Ваенныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, паэма Аркадзя Куляшова, кнігі Пімена Панчанкі, Анатоля Астрэйкі.

Год 1946... Вучань шостага класа Гайнаўскай НСШ Ніл Гілевіч надрукаваў свой першы верш «Яблынька»...

Год 1951... Выходзяць першыя зборнікі Аляксея Пысіна, Аляксея Русецкага...

Год 1960... Выдаюцца першыя кнігі Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Паўлава, Янкі Сіпакова...

Год 1967... Выдавецтва «Беларусь» выпускае ў свет першыя зборнікі маладых паэтаў — Міколы Купрэева, Сяргея Панізніка, Івана Леткі...

Прашу прабачэння за доўгую вытрымку з «Хронікі». Я не змог устаяць перад спакусай прывесці, адзін за адным, гэтыя факты, перад жаданнем нагадаць яшчэ раз гэтыя «першы верш... упершыню надрукавана... першая кніга». За датамі і фактамі чуецца хада нашай паэзіі — ад Купалы да самых маладых, наглядна прасочваецца яе хуткі рост, яе жывая дынаміка.

Божа! Якая маладая яна ўсё ж, наша сучасная паэзія! Як лёгка перакідваецца ў часе мосцік ад яе пачатку, яе калыскі да яе высокага сённяшняга парога! Як лёгка ўкладваецца яе гісторыя ў адрэзак часу, меншы за век аднаго чалавечага жыцця!

І сапраўды. Сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны маглі б яшчэ жыць. Сярод нас жывуць і плённа працуюць паэты, якія стаялі побач з Купалам і Коласам ля калыскі нашай сучаснай паэзіі, выдавалі разам з імі свае першыя кнігі (у савецкі час). Сярод нас маглі б, безумоўна, жыць і тварыць, быць сёння ў росквіце сваіх сіл паэты, якія загінулі заўчасна на франтах мінулай вайны і чые імёны раней часу адышлі ў гісторыю. Сярод нас жывуць і знаходзяцца ў добрай творчай сталасці паэты, якія ведалі асабіста Янку Купалу і Якуба Коласа і прымалі з іх рук, з рук заснавальнікаў, эстафетную палачку і атрымоўвалі іх блаславенне. (Зазначу, што эстафета перададзена ў добрыя, надзейныя рукі, мы сёння ў гэтым пераконваемся.)

Помню, і паэт ужо іншага пакалення Ніл Гілевіч яшчэ выступаў на адным вечары разам з дзядзькам Якубам.

Бачыце, якая простая пераемнасць, як дружна ўмясціліся на невялічкім гістарычным прамежку розныя літаратурныя пакаленні. Так, цікавая, з'ява — наша сучасная беларуская паэзія. Гісторыку літаратуры — сённяшняму і сучаснаму — тут ёсць над чым падумаць.

Але вернемся да «Дня паэзіі», да яго асноўнай, яго паэтычнай часткі.

Калі я гартаў зборнік, то яшчэ раз — вакол гэтага было нямала спрэчак і размоў — думаў пра значэнне і мэты такога выдання. І зразумеў, што, апрача ўсяго іншага, «Дзень паэзіі» — гэта добрая магчымасць творчага спаборніцтва паэтаў розных манер і розных пакаленняў. Спаборніцтва ўзаемакарыснага, патрэбнага як кожнаму з паэтаў, так і ўсёй літаратуры ў цэлым. Бо літаратура — такая справа, дзе кожнаму — шырокае поле дзейнасці і дзе ў той жа час усе апрацоўваюць адно і тое ж поле — поле чалавечага жыцця. І таму, натуральна, адзін вучыцца ў другога, у прыватнасці, маладзейшы, менш вопытны вучыцца ў старэйшага — майстэрству, а той у сваю чаргу вучыцца ў маладзейшага, менш вопытнага — свежасці ўспрыняцця.