Выбрать главу

Словам, на старонках «Дня паэзіі» ідзе спаборніцтва, ідзе паэтычны турнір. Зусім не пад дэвізам «хто каго». Гэты дэвіз тут ні пры чым. Тут адзін дапаўняе другога, кожны робіць свой уклад, уносіць сваю лепту. І справа ў тым, якая гэта лепта. Больш значная ці менш значная.

Калі не памыляюся, пяць пакаленняў удзельнічае ў сёлетнім спаборніцтве, у гэтай, як гавораць спартсмены, таварыскай сустрэчы. Актыўна выступаюць нашы старэйшыя паэты: Уладзімір Дубоўка з двума вершамі, Станіслаў Шушкевіч — з трыма, Максім Лужанін і Мікола Хведаровіч — з вялікімі раздзеламі новых паэм. «Паэты — ўсе адной крыві...» Паэты аднаго пакалення — тым болей. І не выпадковы, вядома, той факт, што паэмы аўтараў аднаго пакалення ў нечым істотным сугучныя і вырашаюць адну і тую ж задачу — асэнсаваць эпічнымі сродкамі свой час, перажытае. Гэтак жа, як не выпадковая блізкасць вершаў — Уладзіміра Дубоўкі. «Дзе ж яны, коні мае вараныя...» і Міхася Машары «У дарозе» (блізкасць біяграфічная). Тут праяўляюцца асаблівыя прыкметы пакалення.

А вось голас паэта ўжо іншай генерацыі, іншай, так сказаць, узроставай групы:

Паўвека... Гэта шмат — паўвека. Сплылі, змялелі сотні рэк. І ўжо адно тваё павека Нібы закрылася навек... Пляткарце, мілыя, пляткарце, Што нехта ў крук мяне сагнуў, А я улёгся па плацкарце І правадніцы падміргнуў.

Знаёмы голас? Пазнаяце? Ён радуе высокім жыццёвым тонусам, жыццесцвярджэннем, ці, лепш сказаць, жыццялюбствам. І яшчэ больш радуе, — калі чытаеш верш далей, — глыбока ўсвядомленай адданасцю людзям, праніклівай чалавечнасцю — гэтай найпершай і найгалоўнейшай уласцівасцю сапраўднай паэзіі:

Эх, правадніца, правадніца, Люблю я твой вандроўны дом. Хачу з табою парадніцца, Зрабіцца паўправадніком. Каб ад паглядаў чалавечых І загарацца, і гарэць; І хоць далёка, хоць пад вечар Што не сустрэў яшчэ — сустрэць. Каб на людскім дарожным сходзе Патрэбным гэтым людзям быць І ведаць, дзе каму сыходзіць, Якія станцыі любіць.

Гэта — верш Пімена Панчанкі. Тут жа я хачу назваць і выдатныя вершы Максіма Танка — «У кожным сэрцы...», «Хірасімская калыханка», «Варшава ў дзень памінак». І хачу працытаваць апошні з іх:

«Расстраляны... Расстраляны... Расстраляны...» Іх больш, як мемарыяльных дошак, На вуліцах тваіх, Варшава. Іх больш, як лісця ў парках і алеях, Іх больш, як зорак у жалобным люстры Віслы. О матка полька! Што ты углядаешся У паранены асколкамі асфальт і камень, Зацепліўшы ў руках дрыготкіх свечку?.. Няўжо яшчэ з-над бруку выступаюць Тваіх дзяцей закатаваных цені? Дазволь і мне ад тваёй свечкі Запаліць святло. І я мо ўбачу тых, З кім меўся тут сустрэцца...

Прыведзеныя радкі б'юць проста ў сэрца, прымушаюць схіліць у глыбокай пашане галаву перад расстралянымі, перад усімі ахвярамі мінулай вайны. Іншы каментарый тут не патрэбны. Як не патрэбны ён і да вершаў Аляксея Пысіна «Дзявочы халадок бярозы...», «У дзяцей казарменны пад'ём...», да верша Аляксея Русецкага «Бурай ляцеў вецер часу...», да верша Янкі Сіпакова «Зялёны ліст», верша Генадзя Бураўкіна «Час хаду ў новы дзень прыспешвае...». Амаль усе гэтыя вершы аб'ядноўвае абвостранае пачуццё смутку і болю за ахвяры ваеннай трагедыі, непазбыўная памяць вайны.

Але тут я лаўлю сябе на тым, што адыходжу ад ускладзенага на сябе абавязку — быць суддзёй спаборніцтва паэтаў розных пакаленняў. Значыць, Максім Танк, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Аляксей Русецкі... Дадзім яшчэ сюды добрыя творы паэтаў таго ж ці прыкладна таго ж узросту — «Размову з сумленнем» Алеся Бачылы, верш Міхася Калачынскага «Салавея», верш Кастуся Кірэенкі «Мы вяртаемся таму...» — і я схіляюся да таго, каб пальму першынства за сёлетні «Дзень паэзіі» аддаць паэтам, якія ведаюць цану паўвека («Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»).