Выбрать главу

У тым, ранейшым, вершы паэт пакідае бацькоўскі парог, едзе ў горад — па веды, пачынае новае жыццё, уваходзіць у новы свет. Мінае некалькі год, і вось ён піша пра тое, «як праўду шукаў у кнігах трох знаных вучоных...». Кнігі гэтыя былі схаластычныя, адарваныя ад жыцця, супярэчылі адна другой. Невядома было, якой можна верыць, у якой — праўда. І паэт,

Раздумаўшы, шпурнуў тыя «кнігі» у смеццяпровад і, ўзяўшы білет, паехаў да сваёй маці, у Зялёную Дуброву. Пры ганку, дзе хрэн зялёны і сонца грэбліся — і не зірнуўшы на госця — куры. Паўз вокны, на слівы сена чапляючы, плылі вазы зялёнымі, хмарамі... І я, знайшоўшы ў застрэшку сваю, неразлучную колісь, «васьмёрку», якая гуляла гэтулькі год, падаўся туды, за сады мнагалістыя, на галасы...

Далей паэт расказвае, як ён «касіў з дзядзькамі сівец і малачай», як малаціў разам з імі, як напрадвесні «гной сахаром раздзіраў», а потым, летам, «на лузе стагі проста ў хмары скіроўваў» і пад восень «спяваў на радзінах — ой, хмелю, хмелю! — нашы — чыстыя, як сляза, беларускія песні». Канчаецца верш словамі:

І ўсюды — нічым не схаваная, не заслоненая — праўда была перада мною. Адна, як сонца.

Сваю выснову аўтар мог бы выказаць трохі танчэй, тут ён, як і ў некаторых іншых сваіх вершах («Чорная скіба», «Зямлі патрэбны паэты...», «І я паблукаў па нябёсах»), аддае даніну просталінейнасці і дэкларацыйнасці. Але гаворка цяпер ідзе не пра гэта, гаворка ідзе пра змест верша. Як яго разумець — літаральна ці ў нейкім іншым, больш шырокім сэнсе? Не думаю, што паэт сапраўды стаў, пасля таго як начытаўся розных кніг, газет і часопісаў і наслухаўся вучоных размоў, кнігафобам, што яны засланілі ад яго жывое жыццё.

Не думаю, што ён проста знайшоў выйсце са становішча, уцёкшы з горада, што ён так вось і знайшоў адразу праўду — «адну, як сонца». Усё гэта, вядома, перабольшанні, усё гэта, вядома, паэтычныя парыванні. Але як разумець гэтыя парыванні? Як разумець верш? Як разумець іншыя вершы «вясковага» цыкла, дзе паэту не дае спакою непазбыўная памяць вёскі («Ды помніць сэрца плыт і плуг, высокі жнівень...»), дзе ён кліча «хутчэй спускацца з аблок да жыцця чарназёму», дзе ён адкрыта супрацьстаўляе паважным гараджанам у капелюшах сваіх аднавяскоўцаў?

Калі над горадам усходжваецца непагода, зрываючы з паважных дзядзькоў капелюшы — гэй, пераймі там, сябар! — калі яна між дамоў шалее, дзеркачом завірухі змятаючы людзей з тратуараў за дэрмацін дзвярэй, дзе аж трашчаць ад нагрэву трубы цеплацэнтралі, я думаю пра вас, землякі, — зялёнадуброўцы (вы на чорнай — зімою белай — зямлі, якая адкрыта перад усімі зорамі і вятрамі, як жылі, жывяце, безабаронна й нязрушна, як дрэвы).

Як тут нам разумець паэта? Што ён мае на ўвазе?

Думаю, што справа тут не ў нейкай агульнай ідэалізацыі вёскі, не ў простай паэтызацыі сельскага ўкладу жыцця. Справа ў пошуку жыццёвага ідэалу, сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей. Кастусь Цвірка і раней пісаў пра родную вёску, пра родную прыроду. Лепшымі ў яго папярэдняй кнізе былі вершы, прысвечаныя менавіта гэтай тэме («Пціч», «Смерць каваля», «Асенняя радасць» і інш.). Але змест іх вычэрпваўся ўражаннямі дзяцінства, замілаваннем ды захапленнем.

У паэта яшчэ не было сталага пункту гледжання, не было маральна-філасофскага крытэрыя. У новым зборніку такі крытэрый адчуваецца. Паэт імкнецца дайсці — пра што сведчыць і назва кнігі — да сутнасці, да ісціны. Яго непакоіць пытанне: як чалавек павінен жыць? Перад ім паўстаюць блізкія, дарагія з дзяцінства абліччы яго аднавяскоўцаў, успамінаюцца людзі, у якіх спалучыліся ўсе каштоўныя пачаткі: цярплівасць і ўмельства, жыццястойкасць і паэтычнасць, блізкасць да прыроды і сапраўдная мудрасць.

Бачу Вас, стары Галляш — самы першы ў вёсцы грыбнік, казачнік і сейбіт. Прыпадаючы на адну нагу, Вы ідзяце па дымнай раллі, проста на ранняе сонца, і — жменя за жменяй — бераце з лубяной каробкі і сееце, распускаючы залатым веерам перад сабою, жыццё. Бачу Вас, Антон Цвірка — вялікі пчаляр (на ўсіх вакольных дубах звіняць пчоламі вашы калоды). Вас, Бэрнусь Паўловіч — скрыпач -чараўнік (колькі шчаслівых слёз выкрасаў з сэрцаў людскіх ваш смык!), цябе, Сымон — конюх-філосаф (я цябе вышэй бы паставіў за многіх з тых, хто выседзеў нават гросбухі доктарскіх дысертацый), Вас, цётка Хрыстына, найлепшая з лекарак, якіх я ведаў (як рукой здымаюць хваробу ў дзяцей Вашы незразумелыя і такія ласкавыя словы!)...