Выбрать главу

Колькі глыбокага, пранікнёнага пачуцця ў гэтым звароце! Колькі павагі, любові і ўдзячнасці! І як натуральна выказаны яны! Не заўважаеш, што верш нібыта і неарганізаваны, вольны. Так, лепшая форма тая, якая найлепшым чынам перадае змест. Але пра гэта потым...

Цяпер, я думаю, зразумела, чаму гучыць трывога ў тых радках, дзе паэт піша пра сваё развітанне з вёскай.

Трывога гэтая, вядома, не адкрыццё Кастуся Цвіркі, але ён, можа, адзін з першых у нашай беларускай паэзіі ўсвядоміў яе. Трывога гэтая гучыць сёння ў шмат якіх творах — паэтычных і празаічных. (Прыгадаем хаця б верш Я. Еўтушэнкі «Па малачко».) Яна становіцца прадметам навуковых дыскусій.

Вучоныя гавораць сёння аб «праблеме меры». Акадэмік Г. Паспелаў піша ў «Литературной газете»: «Увогуле, калі мы больш уважліва прыгледзімся да той хвалі спусташальнага нігілізму і эгаізму, з якой сёння даводзіцца змагацца прагрэсіўным сілам на Зямлі, то ці не ўбачым мы ў яе вытоках апрача чыста сацыяльных прычын сёе-тое і ад дрэнна асэнсаванага прагрэсу навукі?

Як гэта ні парадаксальна, але праблема меры ўжо цяпер набывае канкрэтнае значэнне. Сёння навуку яшчэ ў многім недаацэньваюць. Але заўтра гаворка можа пайсці пра неабходнасць стрымліваць некаторыя практычныя яе прылажэнні. І не таму, што яны бессэнсоўныя ці шкодныя самі па сабе, а дзеля таго, каб не парушыць раўнавагі паміж надзённымі інтарэсамі асобных груп людзей у грамадстве».

Там жа Г. Паспелаў піша і пра пагрозу рацыяналізму, пра неабходнасць спалучаць дасягненні навукі з разумным стаўленнем да прыроды і яе скарбаў, да маральных каштоўнасцей і ідэалаў.

Так што пэўная маральна-філасофская арыентацыя ў вершах Кастуся Цвіркі мае пад сабой, як бачым, сур'ёзныя падставы.

Асабісты вопыт аўтара дапаўняецца патрабаваннем часу.

Хачу адзначыць у кнізе «Чарназём» і яшчэ адну, новую для паэта якасць, звязаную, безумоўна, з той, пра якую ішла гаворка, — з пасталеннем яго светапогляду. Я маю на ўвазе сур'ёзныя грамадзянскія ноты, якіх раней у К. Цвіркі не было і якія гучаць, набываючы то сатырычную, то публіцыстычную форму, у вершах «Гімн чарапкам», «Пешкі», «Пра сабак, якія вартуюць дачы», «Усё мінаецца, мяняецца...».

Некалькі слоў пра фармальна-стылёвыя асаблівасці «Чарназёму». Я ўжо гаварыў пра форму верша «Калі над горадам усходжваецца непагода». Тое самае хачу сказаць і пра такія вершы, як «Чатыры вятры», «Я праўду шукаў...», «Ёсць на свеце краіна». Кастусь Цвірка натуральна адчувае сябе ў форме верлібра, і, магчыма, яму трэба смялей гэтую форму выкарыстоўваць. Ці, лепш сказаць, яму трэба асцерагацца тут усякай зададзенасці і пісаць так, як лепш, як свабодней пішацца. Зазначаю гэта таму, што К. Цвірка трапляе часам у палон рытму («Я люблю па базары...») або рыфмы (верш «Чорная скіба», дзе строфы нанізваюцца на рыфму да слова «скіба»), што не ва ўсіх яго вершах адчуваеш абавязковасць выбранай формы. Гэтага не скажаш, напрыклад, пра верш «Я абганяю бульбу...», дзе рытмічны ключ строга адпавядае настрою, форма — зместу. Хто абганяў хоць раз бульбу, той згодзіцца, што ў вершы пра гэта напісана ўзрушана і праўдзіва:

Я дома, у мацеры, босы. Жаваранкі ды зязюлі. Патузваю толькі лейцы, каб корч не вывернуць раптам... Пад майкаю вецер ходзіць, ступня па зямлі ступае... О, як гэта проста — за плугам ісці баразною. О, як гэта мудра — за плугам ісці баразною.

Гані, паэт, далей сваю баразну! Гані, як вясковы сын, — проста і мудра!

1968

ЯШЧЭ РАЗ ПРА ВАРЭННЕ І ЦУКАР

Пачну з таго, што працытую самога сябе, спашлюся на сваю рэцэнзію на зборнік Петруся Макаля «Круглы стол», якая ў свой час была змешчана ў часопісе «Полымя». Параўноўваючы новы зборнік паэта з яго папярэдняй кнігай, я пісаў: «Новая кніга больш разнастайная ў жанравых адносінах (публіцыстычныя вершы, лірыка, гумарыстычныя і сатырычныя творы), хоць гэтая разнастайнасць пераходзіць часам у раскіданасць. Калі ж прыгледзішся да вершаў больш уважліва, параўнаеш іх паміж сабой і з лепшымі творамі «Вечнага агню», то высвятляеш і яшчэ адно: некаторыя рэчы выглядаюць за «круглым сталом» паэта не зусім сваімі, не зусім характэрнымі, а то і выпадковымі для Макаля...»