«І яшчэ адна заўвага, — пісаў я, заканчваючы рэцэнзію. — Пятрусь Макаль любоўна і патрабавальна працуе над радком. Новыя яго вершы вызначаюцца дабраякаснай, свежай рыфмай (нярэдка яна бывае і ўнутранай), адборным гукапісам. Вершы яго, што называецца, «гучаць». Але вось што заўважаеш: часам яны «гучаць» занадта раскаціста, не ў меру і, можа быць, нават не ў карысць зместу. Відаць, паэт залішне захапляецца алітэрацыяй і асанансамі. Гэтак жа, як перабірае меру ў некаторых вершах з параўнаннямі: параўнанне на параўнанні. Толькі ў дзвюх першых строфах «Кубінскага танца» я налічыў іх пяць; перанасычаны параўнаннямі «Футбол» і асобныя строфы некаторых іншых вершаў. Але гэта — не такая ўжо бяда. На кожным новым этапе ў кожнага паэта ёсць свае здаровыя якасці і свае «хваробы» — такая дыялектыка творчага росту. А што талент Макаля расце і сталее — гэта несумненны факт».
Прыгадваю сваю рэцэнзію, прытым менавіта яе крытычную частку, для таго, каб не запэўніваць нейкім іншым чынам, што ў нечым сёння я згодзен з Рыгорам Бярозкіным, з яго рэцэнзіяй на новы зборнік П. Макаля «Акно», змешчанай у газеце «Літаратура і мастацтва». Тое, што я гаварыў пра «Круглы стол», я мог бы, відаць, адрасаваць таксама і сённяшняму Макалю. Так, паэт сапраўды піша часам аблегчана, часам сапраўды трапляе ў палон слоўна-гукавой гульні, гэтай самай «другой сігнальнай сістэмы». Гэта відавочна, і ў тым, што відавочна, нельга не пагадзіцца з Р. Бярозкіным.
Але ў той жа час артыкул Р. Бярозкіна выклікае і пярэчанні.
Р. Бярозкін нібыта аддае належнае Макалю як паэту, зазначае, што гэта «адзін з таленавіцейшых прадстаўнікоў пакалення беларускіх паэтаў, што выступіла ў пачатку 50-х гадоў», і г. д. Але вось пра асаблівасці таленту паэта нічога, па сутнасці, не сказана. Крытык іх абыходзіць, не аддае ўвагі, скажам, таму, што Макаль «па самой строчечной сути» не столькі самавыяўляецца, колькі апіраецца на знешнія ўражанні, Што ён схіляецца да гумару, да сатырычнага паказу, да іранічнай пазіцыі (з гэтай пазіцыі, дарэчы, напісаны і верш «Мора», які крытыкуе Р. Бярозкін), а ў сэнсе формы імкнецца не столькі да пэўнага стылю, колькі да канструкцыі. Помніце ў Маякоўскага: «...борьба за конструкции вместо стилей, расчет суровый гаек и стали». (Барацьба гэтая, да слова сказаць, ідзе інтэнсіўна ў сённяшняй савецкай, у тым ліку і беларускай, паэзіі, з'яўляецца адным з вызначальных працэсаў яе развіцця, і ігнараваць гэты працэс у нашых размовах пра паэзію, пра яе формы, ніяк нельга.) Зазначу тут жа, што па-за ўвагай рэцэнзента засталіся тэматыка кнігі, яе жанравыя асаблівасці, зусім абыдзены, цікавы, на маю думку, апошні раздзел, дзе сабраны сатырычныя і жартаўлівыя вершы — «Душ», «Сябру, які спяшаецца», «Два кубкі», «Скарга цвіка», «Ода горлу» і інш. Апошні з іх я хачу працытаваць, каб не быць галаслоўным.
Мне, па праўдзе кажучы, крыўдна, што гэтыя і на іх падобныя радкі Р. Бярозкін абышоў у сваёй рэцэнзіі.
І не зусім, з другога боку, зразумела, чаму мы павінны разам з крытыкам так ужо помніць і ўспамінаць яшчэ зусім наіўны верш ранняга Макаля пра бляшанку з вуглямі і закураны камінок, чаму сам паэт павінен аглядвацца на гэтыя радкі, як на нейкі арыенцір. Як жа быць у такім разе з той «яшчэ нярэдкай у нашай паэзіі правінцыяльнай абмежаванасцю», пра якую піша сам Р. Бярозкін? Якім шляхам яе пераадолець, якім чынам яе пазбавіцца?
Зрэшты, Пятрусь Макаль і не забывае «камінок», не забывае «салодкі хлеб маленства — малако». Аб гэтым сведчыць, напрыклад, верш «Малако» — верш цікавы не толькі ці, лепш, не столькі узноўленым уражаннем дзяцінства («Мне праз гады чуваць...»), колькі сённяшнім сталым поглядам, тымі асацыяцыямі, якія выклікае сёння ў паэта ўбачанае ў бідонах малако, і іх асэнсаваннем, іх абагульненнем («Хвалю бесперапыннасць малака!»).