Выбрать главу

Р. Бярозкіну гэты верш не падабаецца. Не падабаецца таму, што аўтар як быццам занадта вольна абышоўся з «такімі грандыёзна-касмічнымі з'явамі, як Млечны Шлях», звёўшы іх да рангу з'яў жыццёва-зямных (гутарка ідзе аб выразе: «Ах, млечны шлях жыцця майго!»). Не падабаецца за тое, што тут «усё нанізваецца на адзін — «малочны» — стрыжань, усё падначальваецца яму». Не ведаю, як наконт «Млечнага Шляху», тут можна спрачацца і не спрачацца. Мне асабіста гэты троп падабаецца і здаецца слушным. А вось што датычыць «нанізвання», то тут мне хочацца паспрачацца з крытыкам. Бо гутарка ідзе не толькі пра верш, не толькі ацэньваецца ён сам па сабе. Даецца ацэнка метаду, якім верш напісаны, аўтару робіцца папрок за такі метад. Але ж гэта, па-першае, права і справа самога аўтара, яго, так сказаць, аўтарская кампетэнцыя. А па-другое, метад гэты ўжо апрабіраваны ў савецкай паэзіі, ён даказаў сваю вартасць, напрыклад, у вершах Маякоўскага. Вазьміце томік паэта, прачытайце яго вершы, ну, скажам, «Размова з фінінспектарам аб паэзіі», «Бруклінскі мост» ці, можа, паэму «Добра!», і вы лёгка пераканаецеся — без гэтага вось «нанізвання», без асацыятыўнага разгортвання тэмы няма Маякоўскага як мастака, няма яго верша.

Няма патрэбы, думаю, спасылацца на некаторых сучасных нашых паэтаў, напрыклад, на А. Вазнясенскага ці на нашага П. Панчанку. Іх вершы свежыя ў памяці. Дадам толькі, што я асабіста не ўяўляю нашу сённяшнюю паэзію без асацыятыўнага верша, не ўяўляю без такога верша яе развіццё, яе заўтрашні дзень. І падкрэслю яшчэ раз, што наўрад ці можна гаварыць сёння пра творчасць асобнага паэта ці пра паэзію ў цэлым, не ўлічваючы факт яе нязменнага абнаўлення, тыя зрухі і працэсы, якія ў ёй сёння адбываюцца.

Узнікла ў мяне і яшчэ адно пярэчанне, калі я чытаў артыкул (бадай, артыкул, а не рэцэнзію) «Майстэрства, што з табою рабіць?». У сувязі з ацэнкай верша «Рознакаляровы Брэст». «Ці трэба напамінаць, — пытаецца крытык, — што азначае для ўсіх нас гэты горад, гэтая зямля». І з ім пагаджешся, што сапраўды не трэба, што ўсе мы помнім і ведаем. Але калі гэта так, то навошта тады займеннік «яны» выдзяляць чорным шрыфтам? І навошта гэтыя радкі — «где-то в людном мире... их матери не спят»? І навошта пераводзіць ацэнку з плана эстэтычнага ў план этычны? Верш не з лепшых, яму сапраўды не хапае жывога пачуцця, эмацыянальнага напаўнення, але ж гэта яшчэ не гаворыць пра адносіны паэта да тэмы, пра яго намер. Дарэчы, тэма вайны займае належнае ёй месца ў зборніку, ёй прысвечана некалькі вершаў, ёй адрасаваны запамінальныя радкі пра маці-ўдаву, якая вось ужо некалькі гадоў «варочае ўспамінаў збіты куль, вышукваючы зерні дарагія», пра сустрэчу былых франтавікоў, якія «адзін аднаго абнімаюць рукамі, якіх не маюць». Так што будзем тут справядлівымі!

І апошняе — наконт гэтага самага майстэрства. Што гэта ўсё-такі такое? Няўжо сапраўды можна проста ўмець рабіць вершы? Няўжо сапраўды ў аснове майстэрства «заўсёды ляжыць умельства, тэхнічная вывучка, навык»? Няўжо сапраўды існуе патрэба ў шкале разрадаў па кваліфікацыі? Ці не спрашчаецца тут праблема? Ці не ігнаруецца тут складанасць творчага акту, псіхалагічная абумоўленасць творчага працэсу? Прыгадаем блокаўскі «гук», прыгадаем «унутраны гул» Маякоўскага, прыгадаем «галасы» Цвятаевай, якія ёй «то ўказвалі, то загадвалі» і з якіх пачыналася праца над вершам. «Усё маё пісанне — услухоўванне, — піша М. Цвятаева ў артыкуле «Паэт аб крытыцы». — Адсюль, каб пісаць далей, — пастаянныя перачытванні. Не прачытаўшы, прынамсі, дваццаці радкоў, не напішу ніводнага. Быццам мне з самага пачатку дадзена ўся рэч — нейкая меладычная ці рытмічная карціна яе, — быццам рэч, якая вось зараз пішацца (ніколі не знаю, ці дапішацца), ужо недзе вельмі дакладна і поўнасцю дапісана. А я толькі аднаўляю. Адсюль гэта пастаянная насцярожанасць: ці так? ці не ўхіляюся? ці не дазваляю сабе — свавольства?

Верна пачуць — вось мой клопат. У мяне няма другога».

І далей:

«Як я, паэт, гэта значыць, чалавек сутнасці рэчаў, магу спакусіцца формай? Спакушуся сутнасцю, форма сама прыйдзе».

Так вось, па прызнанню аднаго з выдатных майстроў верша (мы ж ведаем, якім высокім мастацка-тэхнічным узроўнем вызначаюцца вершы М. Цвятаевай), адбываецца зараджэнне верша, стварэнне яго. Калі ты паэт, калі ты мастак — то ты ўжо і майстар. Майстэрства вытворнае ад таленту. Другой залежнасці тут няма. І не правамерна гаварыць пра ўмельства, пра кваліфікацыю, не суадносячы іх з сутнасцю вершаў, з асаблівасцямі таленту. Ну, а потым — ці так гэта ўжо важна для справы: ёсць ці не ёсць у паэта скрануты памерам націск? Змог жа неяк Бялінскі напісаць адзінаццаць артыкулаў пра творы Пушкіна і, здаецца, не звярнуць увагі на некаторыя яго адступленні ад школьнай граматыкі. І ад гэтага не пацярпеў аўтарытэт ні таго, ні другога, не пацярпела сама руская паэзія.