Мудры Маршак меў рацыю, калі дакараў паэтаў за лішні цукар. Дрэнна, калі цукру столькі, што ён лезе з варэння. Але дрэнна і другое — калі мы ў нашых размовах пра паэзію акцэнтуем часам увагу не столькі на варэнні, колькі на цукры.
1968
ЧАСОПІС І ЧЫТАЧ
Мне перш за ўсё хацелася б адзначыць дзелавую актыўнасць, ініцыятыву супрацоўнікаў часопіса «Дружба народов», іх, я б сказаў, добрую волю. Гэтая воля, гэтая жывая цікавасць да нашай працы, нашых твораў, да сучаснай беларускай літаратуры праяўляюцца ў апошні час самым канкрэтным, самым практычным чынам. Работнікі часопіса цесна звязаны з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, з рэдакцыямі нашых літаратурных выданняў. Яны цікавяцца нашымі справамі, «падганяюць» старых аўтараў і шукаюць новых (апошняе асабліва характэрна для работы аддзела крытыкі і бібліяграфіі, тут інакш і нельга).
Вось гэтыя кантакты, сустрэчы, пісьмы — усё гэта у цэлым ператвараецца ў плённае супрацоўніцтва і дае адчувальныя вынікі.
Той, хто чытае «Дружбу народов», мае магчымасць пераканацца, якая ўвага аддаецца там беларускай літаратуры — і ў аддзеле паэзіі і прозы, і ў аддзеле крытыкі і бібліяграфіі. (Толькі за мінулы год часопіс змясціў каля дзесяці рэцэнзій на кнігі, якія выйшлі ў нас. Лічба гэта гаворыць сама за сябе.) На старонках часопіса прадстаўлена наша паэзія і проза, у прыватнасці маладая. Ды справа, вядома, не толькі ў нас, беларусах. Чытачу, мне здаецца, было цікава пазнаёміцца з маладымі паэтамі Латвіі, Асеціі, Украіны...
Калі праглядваеш адзін за адным нумары «Дружбы народов», то пераконваешся вось у чым: часопіс з'яўляецца не толькі тым гасцінным домам, дзе сустракаюцца і знаёмяцца літаратары розных рэспублік і нацыянальнасцей, але яшчэ — што вельмі важна — і тым рабочым сталом, за якім ідзе творчае ўзаемасупрацоўніцтва. На старонках часопіса, напрыклад, друкуюцца не толькі новыя вершы Я. Смелякова, але і яго пераклады з алтайскай і абхазскай. Рускія паэты А. Пракоф'еў, Р. Казакова, М. Рыленкаў, Г. Куранёў сустракаюцца тут — ужо ў якасці перакладчыкаў — са сваімі беларускімі калегамі. Д. Самойлаў супрацоўнічае з латышом А. Вацыецісам, перакладаючы яго вершы, а А. Вацыеціс прапануе ўвазе ўсесаюзнага чытача вершы свайго суайчынніка М. Чаклайса. Маскоўская паэтэса І. Кашэжава прадстаўляе ў сваіх перакладах творчасць узбекскай паэтэсы Г. Нурулаевай, а Зульфія суправаджае пераклады словамі добрага пажадання перад дарогай... За гэтым сталом — праца, творчае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне.
Н. Джусойты закрануў у сваім выступленні пытанне аб формах падачы паэтычнай прадукцыі ў часопісе. Мне здаецца ўдала знойдзенай рубрыка «Новыя імёны». І ў сэнсе аб'ёму падборкі, і ў сэнсе арганізацыі матэрыялу (ён адпаведна анатуецца, даюцца звесткі пра аўтара і яго творчасць і г. д.). Для мяне асабіста былі цікавымі і памятнымі сустрэчы з упершыню выступаўшымі тут паэтамі — украінцам Р. Лубкіўскім, латышамі Я. Османісам і М. Чаклайсам, узбечкай Г. Нуруліевай, асецінам Р. Тэдзеты і іншымі. Я ўдзячны часопісу за магчымасць такога знаёмства.
Хочацца выказаць адно практычнае меркаванне. «Дружба народов» выпускае літаратурны дадатак. І было б зусім нядрэнна, калі б тут, побач з фундаментальнымі серыямі, пачала выдавацца, невялікім аб'ёмам і невялікім фарматам, бібліятэка паэзіі народаў СССР (а можа, і навелы, і апавяданні. Часопіс у такім выпадку не толькі рэкамендаваў бы таго ці іншага маладога (а іншы раз і не маладога) паэта ўсесаюзнаму чытачу, але і дапамагаў бы яму выступіць з першай кнігай у перакладзе на рускую мову, што, як вядома, не заўсёды проста зрабіць. Дарэчы, пачаткам ці ядром такой кнігі магла б быць падборка, з якой паэт дэбютаваў у «Дружбе народов». Такая бібліятэчка ці серыя не падмяняла б, а, наадварот, дапаўняла вядомую серыю «Огонька» або «Бібліятэку выбранай лірыкі», якую выдае «Молодая гвардия». Больш таго, у адрозненне ад апошніх, яна магла б мець свае больш акрэсленыя задачу і профіль.
Якое месца часопіса «Дружба народов» сярод іншых яго «сабратоў» — «тоўстых» часопісаў, якія выдаюцца Саюзам пісьменнікаў? Пытанне гэтае вельмі важнае, яно з'яўляецца прадметам сур'ёзнай заклапочанасці ўсіх тых, хто мае дачыненне да часопіса — аўтарскае або чытацкае, — і я хачу спыніцца на ім больш падрабязна.
«Дружба народов», як вядома, бярэ свой пачатак ад альманаха. І радзімыя плямы альманаха (не ў дакор яму будзь сказана) доўга, амаль да апошніх год, захоўваліся. Гэта, акрамя ўсяго іншага, азначала, што часопіс не столькі адбіраў ці выбіраў, колькі проста збіраў, калі мець на ўвазе яго прозу і паэзію. Яму яўна не хапала мэтанакіраванасці, ідэйна-тэматычнай сабранасці. Расплыўчаты быў адрас чытача, а значыць, і воблік часопіса. Так, такая залежнасць, такая прычынная сувязь: перыядычнае выданне не можа мець свайго вобліку, не вызначыўшы свайго чытача. З другога боку, як можна шукаць, вызначаць свайго чытача, як, кажучы, метафарычна, выходзіць на сувязь з ім, калі не мець сваіх пазыўных, сваёй уласнай хвалі?