Выбрать главу

Без належнай пастаноўкі аддзелаў — нарыса і публіцыстыкі, культуры, а таксама, вядома, аддзела крытыкі — часопіс наўрад ці знойдзе свайго чытача, і тлумачэнне гэтаму можна, здаецца, знайсці, не звяртаючыся да складанага сацыялістычнага даследавання. Што б там ні казалі, а больш ці менш сур'ёзны чытач — той самы, на якога, відаць, часопіс і павінен рабіць сваю асноўную стаўку, — мае свае чытацкія «прыхамаці», звычкі і любіць часам чытаць часопіс... з канца, нават калі нумар адкрываецца раманам вядомага празаіка ці паэмай папулярнага паэта. Чаму? Таму што на раман, асабліва калі ён друкуецца «з працягам», трэба настроіцца, трэба выбраць час. Бо раманаў многа, і да моманту прыходу часопіса чытач можа быць захоплены іншым творам. Але галоўнае не ў гэтым. Ад часопіса, як выдання перыядычнага, аператыўнага, чытач чакае адказаў на хвалюючыя яго пытанні, водгуку на актуальныя праблемы народнага жыцця. Ён чакае ад часопіса грамадскай актыўнасці. Ён, вядома, будзе ўдзячны часопісу за добры раман, за цікавыя вершы. Але ж вершы, здагадваецца ён, напісаны зусім не па ініцыятыве часопіса, хутчэй за ўсё нават і без яго ведама. Іншая справа — востры, праблемны артыкул, іншая справа — дыскусія на важную злабадзённую тэму, анкета, «круглы стол» і г. д. За ўсім гэтым чытач, вядома, адчувае руку часопіса, кола яго інтарэсаў, яго грамадскі клопат. І між імі, часопісам і чытачом, узнікае тое, што цяпер называюць у сацыялогіі камунікабельнасцю.

Трэба сказаць, што як увогуле ў «Дружбе народов» многае змянілася за апошнія гады да лепшага, так змянілася да лепшага, якасна абнавілася і асвятленне пытанняў грамадска-культурнага жыцця. Часопіс настойліва шукае выхады да чытача, шукае магчымасці ўмацаваць кантакты з ім, уводзіць новыя раздзелы і рубрыкі, асвойвае новыя тэмы. Напрыклад, пад рубрыкай «Падумаем, паспрачаемся» праводзіцца дыскусія аб нацыянальных традыцыях і звычаях (мне асабліва запомнілася выступленне Н. Джусойты). Размова гэтая, па-мойму, не выпадкова ўзнікла на старонках менавіта гэтага часопіса, яна заканамерная. Можна было б назваць і некаторыя іншыя матэрыялы, якія таксама арганічныя для часопіса і прасвятляюць нам яго галоўныя задачы, яго твар, яго асноўную лінію. Але заўважаеш у той жа час і сур'ёзныя пралікі. Парой складваецца ўражанне, што, імкнучыся заваяваць чытача, часопіс ідзе не столькі ўглыб, колькі ўшыр, і імкненне да разнастайнасці недзе пераходзіць ва ўсяяднасць, неразборлівасць. У дыскусіі «Бібліятэка ўчора, сёння, заўтра...» былі выказаны самі па сабе цікавыя думкі і прапановы, і ўсё ж матэрыялы гэтыя, мне здаецца, былі неабавязковыя ў дадзеным часопісе, яны выцеснілі з яго старонак на нейкі час другую, больш уласцівую яму праблематыку. Зрэшты, справа нават не ў тэме, справа — у падыходзе да яе. Знайшоў часопіс свой падыход, свой вугал гледжання ці не знайшоў — вось што, бадай, галоўнае. У дадзеным выпадку такога асэнсавання якраз і не хапіла.

Знойдзены, напрыклад — і гэта добра бачна, — адпаведны пункт гледжання ў артыкуле К. Ірда «Нацыянальная асаблівасць і ідэйная агульнасць на тэатры». І недастаткова праяўляецца ён пры звароце часопіса да некаторых іншых тэм, напрыклад, да тэмы кіно і тэлебачання.

У пошуках свайго чытача, свайго вобліку (дадам: і свайго ўстойлівага тыражу) часопіс павінен ісці ў глыб фактаў, з'яў, праблем.

1969

ДРУГАЯ СУСТРЭЧА З «ДЭМАНАМ»

Нядаўна ў размове з вучнямі-старшакласнікамі, членамі літаратурнага гуртка, я даведаўся, што «Дэмана» зараз у школе «не праходзяць», «праходзяць» толькі «Мцыры». Мяне засмуціла такая не зусім зразумелая карэктыва ў школьнай праграме. Мае пакаленне знаёмілася з «усходняй аповесцю» Лермантава на школьнай парце.

Прынамсі, для мяне асабіста ўрок, прысвечаны лермантаўскай паэме, асабліва памятны. Помню, настаўніца расказвала, як узнік вобраз Дэмана ў рускай паэзіі і, у прыватнасці, у паэзіі Лермантава, што сказаў пра паэму «Дэман» Бялінскі, які, дарэчы, перапісаў яе для сябе, бо паэму не хацелі друкаваць. Царскія ўлады і іх цэнзары баяліся мяцежнай лермантаўскай паэзіі, баяліся Дэмана — ворага неба. Калі высокапастаўленыя асобы, расказвала настаўніца, праслухалі паэму, то пацікавіліся, чаму Лермантаў не піша ў духу афіцыйнай народнасці, ці хаця б у стылі свайго «Барадзіна» або «Песні пра цара Івана Васільевіча». Што такое — афіцыйная народнасць?.. Так урок, прысвечаны «Дэману», уводзіў нас у гісторыю літаратуры, у гісторыю Расіі ўвогуле.