Выбрать главу

Пасля першага раздзела я пачаў адразу параўноўваць тыя мясціны, якія, дзякуючы іх ідэйна-сэнсавай нагрузцы і афарыстычнасці, сталі крылатымі. Хацелася пераканацца, што і тут «усё ў парадку», што вядомыя строфы будуць перададзены па-беларуску гэтак жа празрыста, выразна, кампактна.

Зямлі нікчэмнай уладар, Ён сеяў зло без асалоды. Майстэрству змрочнаму свайму Не сустракаў ён перашкоды — І зло абрыдала яму.

Характарыстыка заставалася такой жа трапнай і дакладнай. А як выглядаюць памятныя радкі з дыялогаў, з журботна-палымяных прызнанняў Дэмана?

І я людзьмі нядоўга правіў, Грахам нядоўга іх вучыў, Усё славутае няславіў І ўсё чароўнае чарніў; Нядоўга... палкія надзеі Згасіў я лёгка ў сэрцах іх... Ці варты толькі спраў маіх Хлусы, прытворы, ліхадзеі?..

Або:

Што людзі? Безліч іх пакут? Прыйшлі, пакінуць родны кут... Надзея ёсць — на божы суд. На літасцівасць у прысудзе! Мая ж туга нязменна тут, І ёй канца, як мне, не будзе...

Аркадзь Куляшоў справіўся паспяхова і з яшчэ адной нялёгкай задачай — змог перадаць эквівалентна афарыстычнасць, гранёную чаканнасць ёмістага лермантаўскага радка.

Перакладчык, як я ўжо гаварыў, добра адчувае сябе ў стыхіі лермантаўскай паэзіі. І натуральна, што «Дэман» вольна адчувае сябе ва ўладаннях, у небе нашай беларускай паэзіі. І мы можам толькі парадавацца, што гэта сапраўды так. Парадавацца таму, што наша другая сустрэча з «Дэманам» была не проста перагортваннем, не проста паўтарэннем, а стала творчай падзеяй, новай ацэнкай даўно дарагой для нас каштоўнасці.

1968

ГЭТА НЕ ПРАФЕСІЯ, А ШЧАСЦЕ...

Любімыя словы Алега Лойкі, прынамсі, ранейшага — летуценне, светлы сум, далеч, шлях, дарога. Папярэднія яго кнігі так і называліся: «На юначым шляху», «Дарогі і летуценні». Застаецца верным сабе паэт і ў сваім новым зборніку «Дзівасіл» (тут, дарэчы, мы знаходзім нямала цёплых радкоў аб вернасці). І ў «Дзівасіле» сустракаюцца, у самых розных сувязях і кантэкстах, тыя ж словы: «Ты кажаш, што тут добра летуціцца...», «І летуценна ціхі запаўночны час люблю...», «Цішу і песні, цяпло, летуценні...», «Успамінаю як аб самай светлай далечы...», «Калі ў дарозе ты далёкай...» і г. д. За знешнім — унутранае, за пэўным стылем — пэўнае светаадчуванне. Для Лойкі-лірыка заўсёды былі характэрны летуценнасць, — то задуменна-мяккая, то рамантычна-ўзнёслая, — эмацыянальная ўзрушанасць, схільнасць да паэтычнай экзальтацыі. У адным са сваіх ранейшых вершаў ён прызнаваўся:

Мне заўсёды чагось не стае, Штосьці вабіць, кудысьці цягае...

Верш гэты: называўся «Мне спакою не ведаць», паэт дакляраваў у ім сваю нязгоду з ціхім, спакойным існаваннем, але свой грамадзянскі ідэал ён уяўляў і выказваў яшчэ вельмі агульна. Яшчэ не было пераканання, было толькі добрае, крыху наіўнае парыванне:

Знаць, якім будзе заўтра дзень, І якой за сталом бяседа, І якім будзе лёс людзей Год праз трыста мне рупіць ведаць!

Аддае А. Лойка даніну рамантычна-юначай летуценнасці і ў сваёй новай кнізе.

Не магу я дня пражыць без мары, Сняцца мне снягі Кіліманджара, — Незнаёмы, неабдымны свет!..

На першы погляд можа здацца, што паэт не схільны змяняцца і ў нечым іншым (тут я ўжо маю на ўвазе не пастаянства, а аднастайнасць) і што ён, маўляў, піша ўсё аб адным і тым жа і ўсё так жа. Ці не аб гэтым сведчыць хаця б ужо тое, як ён пачынае свае вершы? — «Ручаёў лясных я не мінаю...», «Якая яна векавая...», «Хмары плывуць панура...», «Кветкі калыша ветрык ласкавы...», «Люблю над гмахамі блакіт...», «Кахання вырай — зорны карагод...», «Аснежаная Літва сняжынкамі карагодзіць...» і г. д.

Бачыце, усё той жa ручаёк, той жа ветрык, тыя ж зоркі, тыя ж... тэмы, вобразы, матывы, рытмы. «Філалагічнае пакаленне», — сказаў бы адзін наш крытык, — і чаго ад яго хацець». Тым больш што ў дадзеным выпадку мы маем справу з сапраўдным, прафесійным філолагам: Алег Лойка — доктар філалагічных навук, выкладае літаратуру, піша пра паэзію артыкулы, рэдагуе паэтычныя зборнікі і — выдае свае кнігі.

Але давайце не будзем верхаглядамі, давайце не будзем спяшацца — з вывадамі, з ярлыкамі. А тым больш са спажывецка-эстэцкім падыходам да літаратурнага твора: мне падабаецца — не падабаецца, мне па густу — не па густу.