Выбрать главу

Апрача двух названых мной раздзелаў ёсць у кнізе «Дзівасіл» яшчэ два замежна-падарожныя цыклы («Аснежаная Літва» і «Парыж, Парыж...») і паэма «Белая вежа». Яны таксама варты ўвагі, на іх таксама варта было б спыніцца, у прыватнасці на «Белай вежы», але самае галоўнае, здаецца, я ўжо сказаў. І хачу яшчэ раз паўтарыць: багаты талент Алега Лойкі парадаваў нас новымі гранямі і здабыткамі. «І зноў пачынаецца шчасце першага і не апошняга радка», — сказаў у адным вершы паэт. І я, чытаючы гэты верш, успомніў словы Леона Феліпе: «Такая мая прафесія — чуць патаемнае біццё сэрцаў людзей, пародаў і зор. Зрэшты, не. Гэта не прафесія. Гэта — шчасце...»

1969

Я ПАМЯЦЬ ЗБЯРОГ...

Той, хто чытаў новы зборнік вершаў Васіля Зуёнка, пагодзіцца, відаць, са мною, што асноўны матыў зборніка — памяць вясковага дзяцінства, роднай вёскі. «Я памяць збярог», — піша паэт у адным з вершаў. І гэта сапраўды так. І мацней за ўсё помніць тое, што звязана з вясковым мінулым, з бацькоўскай хатай, з роднымі краявідамі.

Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну — а ў грудзі ломяцца трывогі, І сэрца пад рукой бяссільнай б'ецца, Пакуль не вырвецца... імклівае, ляціць І, нібы спадарожнік, шле сігналы З далёкага дзяцінства, з хаты той, Што побач з новай стала хлеўчуком І грэе Лыску, ціхую карову, Каб напаіць унукаў сырадоем...

Многае, як бачым, змянілася, шмат сплыло вады. Людзі прарваліся ў космас, лятаюць спадарожнікі, абнаўляецца і вёска, і побач з новай хатай старая выглядае «хлеўчуком», а іх гаспадыня чакае ў госці ўжо не толькі дзяцей, але і ўнукаў... Шмат што змянілася, але сэрца не мяняецца ў нечым самым істотным, яно рвецца туды, дзе перайшло першыя радасці і нягоды. Памяць сэрца... З верша ў верш праходзіць яна. Вось аўтару прыгадалася, як некалі ён збіраў і потым перабіраў шчаўе, і

...як глянула маці — Пачала нам умольна раіць: — Зварым шчаўе, пашлём зайчаняткам, Бо аскому наб'юць сырамяткай...

Ці то раптам успомнілася, загучала ў яго душы «сімфонія лета, буянства настояў і пахаў» («Фантазія скошанага лугу»). Ці то невядома адкуль, падсвядома ўявілася стомленая калыханка — «бяда, калі ў знямозе песня» («Той жнівеньскай ноччу»). Або прыйшло на памяць гарышча са старым, ужо забракаваным самаварам-«ідэалістам» («Самавар на гарышчы»), І зноў успамінаецца лета, на гэты раз спякотна-мройны ліпеньскі поўдзень, калі «ніхто цябе не пагукае і не падумае гукаць» («Поўдзень»). І зноў, пасля кароткай пабыўкі ў маці, герою, «як вавёрцы арэшша, усё сніцца і сніцца сена», усё бачыцца тое ж гарышча з «улежаных яблык духам бражным».

А бывае — гучыць нібыта Даўняй песні матыў забыты: «Асачыначка, асака... Ці ты ссушана, ці сагрэта? Я шукаў цябе, я гукаў І забрыў у бабіна лета. Асачыначка, асака... Зеляніцца ў выцвілым сене...» («Пасля кароткай набыўкі»)

Даўняя песня, і справа як быццам даўняя, але памяць, як бачым, не падводзіць аўтара, учэпіста трымае тыя гукі, колеры, дэталі. Падмечана вельмі дакладна: асачынка сапраўды «зеляніцца ў выцвілым сене».

На першы погляд можа здацца, што В. Зуёнак недзе ўжо занадта пакорліва ідзе за сваёй памяццю, што ён у палоне настальгіі. Можа здацца, што гэты матыў — матыў вясковых уражанняў — становіцца самамэтай. Але такі вывад няслушны. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова звярнуцца да другіх вершаў у зборніку.

Вось верш «На сэрцы — неспакою камень...». Якога неспакою? Аўтар задумаўся, ці не стаў ён, з яго прыхільнасцю да вёскі, «апошнім магіканінам» сярод людзей, ці не ўстарэў ён. Але тут яса ад сумнення пераходзіць да сцвярджэння:

Касіць? Давай. Араць? Будзь ласкаў: Трымала плуг рука мая... У пяць цапоў — не ў ладкі — пляскаў У тым сорак чацвёртым я. Мне лёс мой сцвердзіў: працай чорнай За стромай год, даўным-даўно Два словы цвёрда заручоны — Жыццё і жыта — як адно. Я знаю хлеб. Было ладункаў! З сурэпкай, з конскім шчаўлюком, З карой, з чырвонаю мядункай Ды з жалудовым крупчаком. З сухой скарынкаю ваеннай, Што, як шынелік той, — лубком, З бензінным духам пасля змены, З вясельным сонечным хмяльком... Пракіслы, ёлісты, гаркавы — За ўсё на свеце саладзей Здаваўся шчасця цёплы кавал... Я веру ў хлеб, як у людзей.