Выбрать главу

Справа, як бачыце, не ў настальгіі і не ў замілаванні, не ў сляпой паэтызацыі вясковага ўкладу. Апошні радок гучыць як аўтарскае крэда, і гэта крэда няцяжка расшыфраваць: маральна-духоўныя каштоўнасці неад'емныя ад хлеба надзённага, ад таго, якім чынам здабывае чалавек свой хлеб — сумленна ці не.

Псіхалагічна ўсё тлумачыцца прасцей: той, хто зведаў смак хлеба, вырашчанага, здабытага ўласнымі рукамі, ніколі гэты смак не забудзе. І той хлеб для яго заўсёды будзе «за ўсё на свеце саладзейшым» і заўсёды будзе асацыіравацца ў яго свядомасці з вышэйшым дабром. Гэта так.

Іншымі словамі, аўтар «Крутаяра» выступае супроць спажывецкага, эгаістычна-цынічнага падыходу да жыцця, да прыроды. Адсюль і яго напружанае ўгляданне ў свет вёскі, дзе ён шукае апоры, шукае адказаў і аргументаў.

Але не толькі таму «беражэ памяць» паэт. Ён ведае даўнюю мудрасць, што, не помнячы мінулага, нельга зразумець сённяшняе і прадбачыць будучае. Ён непакоіцца за сувязь часоў — учарашняга і заўтрашняга. Прыгадаем адзін з лепшых вершаў кнігі «Люблю цікаваць неўпрыкметкі, здалёк...». Аўтар, цікуючы, назірае, «як сонца промнем, бы ніткай вашчонай... сшывае два полагі — белы і чорны».

Бо трэба ж дзень новы і ноч састрачыць, Каб не разлезлася вечнасць...

І далей, параўноўваючы сваю справу з тым, што робіць сонца, ён піша:

...Вось так і ў мяне — турбот аж кішыць, Сонца — па рупнасці — брат мой. Я тут, на зямлі, каб мінулае сшыць З будучым моцнаю дратвай...

Прыём сам па сабе не новы — параўноўваць працу сонца з працай паэта (успомнім хаця б вядомы верш. Ул. Маякоўскага). Але справа не ў гэтым, справа ў думцы аўтара, у яго пазіцыі — выразна акрэсленай, актыўнай. Цяпер мы разумеем, чаму паэт так настойліва звяртаецца да бацькоўскага запавету і матчынай песні. І чаму складае такі пранікнёны, такі пафасны гімн звычайнаму шэраму каменю, які малоў, які ляжаў пад нарогам... «Дзіўна, але ж ад яго, ад гэтага каменя... пачынаюцца ўсе дарогі»:

Сцяжынкі ў мураве, першапуткі сіберныя, Гравейкі, сівыя ад пылу, выбоістыя, Магістраляў грымотны разбег... Я памяць збярог! ...Ёсць парог у мяне, камень чуйны, у крапінку, шэры. І мой голас да кожнае хаты, да кожнага сэрца Праб'ецца па нервах дарог!

«Белым каменем адзначу гэты дзень», — пісаў аптычны паэт. Гутарка ішла аб выключным дні і выключным камені. Паэтызацыя звычайнага шэрага каменя — другая эстэтычная норма, якая вымагае шукаць, бачыць незвычайнае ў звычайным, узводзіць звычайнае ў ранг прыгожага. В. Зуёнак падзяляе гэтую норму.

Я даволі шырока цытаваў вышэй вершы. Рабіў я гэта не толькі таму, каб не быць галаслоўным, а і даказваць самім тэкстам. Рабіў я гэта і з іншай мэтай — каб выдзеліць найбольш яркія радкі кнігі і каб паказаць наглядна, што такія радкі выходзяць з-пад пяра паэта тады, калі для гэтага ў іх ёсць перадумова, эмацыянальная база. Калі ж такой базы няма, калі В. Зуёнак бярэцца пісаць на зададзеную самім сабе тэму, тады і вынік не той, тады і верш не здаецца абавязковым як для дадзенай кнігі, так і для яе аўтара наогул. Я маю тут на ўвазе такія агульна-рытарычныя па гучанню і не новыя па тэматыцы вершы, як «Дзень і ноч, дзень і ноч...», «Яшчэ планета не астыла...». Недастаткова самастойным здаўся мне і лірычны верш «Не бяжы, не ўцячэш ад сябе...». Да таго ж па ім вельмі прыкметны палёт уяўнай паэтычнасці («Буду садам тваім па вясне, буду ў полі сцяжынкай забытай...» і г. д.). Дарэчы, няўдала, у такім жа прыкладна стылі скончыў В. Зуёнак і такі цікавы верш, як «Люблю цікаваць неўпрыкметкі, здалёк...»:

Каб летуценняў крыніца штодня Паіла людзей і крылата звінела.

Іншая справа — гумарыстычныя вершы паэта: «Жарт пра вясновы пастрой», «Ад нядзелі да нядзелі», «Маналог дачнага пеўня», «Трыццаць тры — як Мурамец, сіднем...». У гэтым жанры В. Зуёнак добра зарэкамендаваў сябе і раней, у зборніку «Крэсіва», і зараз зноў пацвердзіў, што пра сур'ёзнае ён умее пісаць з усмешкай, дасціпна. Што ж датычыць нежадання яго хутчэй пелянаць свае задумы «ў шматкі паперы белай», то тут, пэўна ж, ён мае рацыю. Лепш менш, ды лепш. Не тоўстая кніга «Крутаяр», а змястоўная.

1970

ПЕРААДОЛЕННЕ

Адзін з лепшых вершаў, якія склалі новы зборнік Браніслава Спрынчана «Черты лица», — верш «Преодоление». Прыгадваючы сваё рабочае мінулае (Спрынчан некалькі год назад працаваў у кавальскім цэху «Гомсельмаша»), паэт піша аб тым, як, на яго думку, пераадольваецца нялёгкі шлях ад вучня да майстра. Спачатку