Выбрать главу
Жизнь многогранна и контрастна: То ворон каркнет в вышине, То соловей зальется страстно На ветке в гулкой тишине. Поет — и море по колено. Не видит, закатив глаза, Не чует, выводя колена, Что зарождается гроза. Но виден воронову глазу Мир обнаженный без прикрас. За три столетия ни разу Еще он не впадал в экстаз. Он зорче соловья и чутче, Учуял дьявольским нутром, Что в той вон безобидной туче К утру созреет страшный гром. И ворон, до поры безмолвный, Спокойно каркнул, мол, пора — Туда, где соловьев вчера С дубов сшибали стрелы молний.

Дакладна ўбачаным, рэалістычным малюнкам вызначаюцца лірычныя вершы паэта, прысвечаныя дзяцінству («Память», «Детство»), роднай прыродзе («Весна! — И в сердце, и в природе...», «Пора сокодвиженья», «На дорогах предапрелья...»), жанчыне («За сутолокой переправ...», «Напряженная, как тишина...»), простым працаўнікам («В кузнице», «Горновой»). Яны апрача ўсяго іншага сведчаць яшчэ і аб тым, што Браніслаў Спрынчан паспяхова авалодвае ўменнем падаваць сваё асабістае, унутранае ў адзінстве са знешнім, паказваць сваё праз агульнае і наадварот. На жаль, некаторыя вершы залішне зацягнуты. Аддае яшчэ парой аўтар даніну і ўяўнай паэтычнасці, «красивостям», як бы апраўдваючы свой радок: «...всегда пою на лад весенний». Дарэчы, гэтыя самыя «красивости» шкодзяць трохі і невялікай паэме «Хатынь» — даволі ўдалай спробе паэта выступіць у такім, новым для яго жанры і паказаць хатынскую трагедыю праз вобраз каваля Іосіфа Камінскага.

Калі ж рэзюміраваць, то кніга «Черты лица» сведчыць аб сур'ёзным творчым росце яе аўтара, аб тым, што адным з сакрэтаў гэтага росту з'яўляецца тое, што Б. Спрынчан «в суть вещей отчасти самостоятельно проник».

1967

ЗМАГАЕМСЯ - ЖЫВЁМ...

Я добра помню сваю першую сустрэчу з Алесем Разанавым, дакладней, з яго вершамі. Яны прыйшлі ў газету «Літаратура і мастацтва» па пошце, з Бярозаўскага раёна, напісаны былі на лістках, вырваных са школьнага сшытка. Аўтар паведамляў, што вучыцца ў сярэдняй школе. У першы момант мы сустрэлі гэтыя лісткі скептычна: ці мала хто ў такім узросце піша вершы і шле іх у рэдакцыю? Але нехта пачаў чытаць верш услых:

Ацяжалелай галавы ніяк сцяблінка не падыме... І прагнуць ліўню паплавы, нібы цяля тугога вымя. А цішыня, як партызан, праходзіць чуйна сцежкай вузкай. І хочуць хмару аблізаць яроў парэпаныя вусны. І сонца з соснаў баравых цярэбіць сонную ігліцу. ...А дзесьці дрэмлюць бураны і выспяваюць навальніцы.

Так пачынаючы паэт апісваў летнюю спякоту... Мы пераглянуліся: «Вось табе і на». Потым быў прачытаны другі верш — пра тое, як узнікла мова.

І ціш і гром, і звон і шорах спляліся ніткаю радства, — калі з грудзей, нямых і чорных, аднойчы мова прарасла.

Не чытаць далей, наступныя вершы, было ўжо немагчыма.

Не, не прагну я долі лепшай, што збылося — хай будзе так!.. Я загінуў у сорак першым каля Брэста... Сярод атак. Разгараўся світання факел. Чадным дымам акрыўся плёс... Не хачу я, каб нехта плакаў, не кляну свой суровы лёс.

Уражвалі самі па сабе вершы — сваёй сілай, сваёй сталасцю, сваёй тугой пластычнасцю радка і навізной сугуччаў, — уражваў і той факт, што напісаны яны былі пяром... вучня-старшакласніка вясковай школы. У мяне, помню, было такое адчуванне, што адбылася сустрэча з цудам...

Вершы Алеся Разанава былі надрукаваны ў газеце пад рубрыкай «Будзем знаёмы», і ён, такім чынам, зрабіў адразу крок ад школьных сачыненняў на літаратурныя тэмы ў саму літаратуру. І недзе тут жа атрымаў прызнанне ў крытыкаў, у знаўцаў і аматараў паэзіі.