Выбрать главу

З таго часу прайшло некалькі год. А. Разанаў скончыў сярэднюю школу, скончыў інстытут, напісаў шмат вершаў і нядаўна выдаў сваю першую кнігу, якую назваў «Адраджэнне». Я гартаю гэтую маленькую, у сорак шэсць малафарматных старонак, кніжачку... Сустракаю тут, як старых знаёмых, тыя першыя вершы «Не, не прагну я долі лепшай...», «Мова», «Спякота». Знаходжу іншыя таксама ўжо знаёмыя вершы, якія былі напісаны А. Разанавым пазней і друкаваліся ў розных перыядычных выданнях: «Радзіме», «Дрэвы», «Ленін — гэта мы», «Змагар», «Воля». З некаторымі рэчамі знаёмлюся ўпершыню, з такімі, як «Празорца», «Вытокі», «У вёсачцы — бог яе крые...», «Зярняты». Выяўляю адразу, на вялікі свой жаль, што некаторыя вядомыя вершы маладога паэта («Адкрыццё», «Эксперымент», «Шчасце» і інш.) чамусьці ў зборнік не ўвайшлі, і адсутнасць іх вельмі і вельмі адчуваецца. Заўважаю яшчэ, што некаторыя творы так зменены, так скарочаны або «папраўлены», што іх цяжка пазнаць...

Але на тым, як зборнік «Адраджэнне» складзены і адрэдагаваны, я спынюся больш падрабязна ніжэй. А спачатку скажу колькі слоў пра агульнае ўражанне, якое выклікаюць вершы А. Разанава, сабраныя пад адной вокладкай.

Няма сумнення, што А. Разанаў апраўдвае тыя надзеі і прагнозы, якія мы звязвалі з яго дэбютам. Ён бярэцца за пяро не таму, што хацеў бы быць паэтам, а таму, што не можа не быць ім. У яго ёсць свая «тайна», ёсць што сказаць людзям. Не, вершы для Алеся Разанава — не жартачкі, не гульня і нават не прафесійны занятак. Паэзія для яго — працяг і форма самога жыцця, сродак яго асэнсавання і пераўтварэння. У вершы «Тамаза Кампанела» ён піша так:

Аб тым, што набалела, што вабіць не ў пару, раскажа Кампанела гарачаму пяру. Хай вершаць езуіты пабоішча і тло, каб скрозь былі забыты і розум і святло, — Дух творчасці не стане вітаць астрожных соў!.. Але ў святым пісанні няма такіх высноў?! Абвіты дзень пятлёю, працяты дзень ражном... Ды не згасае тое; змагаемся — жывём.

Ужо з першых вершаў А. Разанава было відаць, што ён — паэт філасофскага складу, што ён бярэцца за пяро тады, калі яго «асяняе» думка. Знаёмства са зборнікам пераконвае, што гэта сапраўды так. (Праўда, заўважу, ёсць у ім два-тры вершы, у якіх адчуваецца зададзенасць і якія ўзніклі, відаць, у выніку маладога жадання «пагуляць з мускуламі», падэманстраваць свае магчымасці: «Вось вазьмуся і напішу на гэтую тэму». (Але вось што характэрна: паэту якраз і не ўласцівы так званы філасофскі спакой, сузіральнасць. Яго не задавальняе вядомая формула «думаю — значыць жыву», ён прапануе, як мы толькі што бачылі, другую: «Змагаемся — жывём». Ён піша:

Калі ўсе згублены ключы, калі — ні шанца, анічога, ўсё ж ідзі, любі, крычы і пасягай на перамогу.

У яго ёсць верш, які так і называецца «Змагар» і ў якім паэт славіць «безумство храбрых». Вызначальная рыса лірычнага героя Разанава — высокае грамадзянскае ўсведамленне, самаадданасць, абвостранае пачуццё адказнасці. Дармо, што ён, гэты герой, нарадзіўся ўжо ў мірны пасляваенны час. Ён тым не менш, як мы бачылі, гатовы падзяліць лёс тых, хто загінуў у сорак першым. І нават не гатовы — зноў не зусім тое слова, — а мысленна, маральна, падзяліў яго і. «не прагне долі лепшай, што збылося — хай будзе так...». З такой жа самаадданасцю ён звяртаецца потым да радзімы:

Закруціцца дым у зеніце, азёры пясок заграбе... Што значаць нашы жыцці, калі не будзе цябе!

І хоць паэт бярэ часам занадта высокія ноты, збіваецца на патэтыку, мы тым не менш не перастаём верыць яму: падкупляе непадробная ўнутраная ўзрушанасць, бязмежны юнацкі альтруізм.

Думка, пачуццё, грамадзянская адказнасць — яны гарманічна спалучаюцца ў вершах Алеся Разанава і робяць іх тым, чым яны ёсць — сапраўднай паэзіяй.

Дарэчы, раз я ўжо загаварыў пра гарманічнасць, зазначу і яшчэ адну асаблівасць паэта. Як бы шырока ён ні глядзеў на рэчы, ён не ўпускае з поля зроку і блізкі, як кажуць, план з яго канкрэтнымі рэаліямі. У вершы «Пошук» ён гаворыць пра шырокія шляхі, пра бясконцасць пошуку, і тут жа радок: «Лісты апалыя на стрэхах». Як бы высока ні рвалася яго думка, ён знаходзіць для яе зямную «прывязку», імкнецца спалучыць высокае і зямное, наіўнае і мудрае, вечнае і імгненнае. Ён піша пра гэта імкненне ў сваіх вершах, у прыватнасці ў такіх, як «Лес», «Дрэвы», «Вытокі».

Там — лес блакітны па лісці. Ён задумёны, незнаёмы... Мне ў лес блакітны не ўвайсці, калі ўвайсці — ўвайсці ў зялёны. Іх між сабой не прыміру, яны не хочуць прымірэння, непадуладныя пяру у прастаце пераўтварэння...