Выбрать главу

Зялёны лес — рэальнасць, у яго паўзмрок можна ўвайсці. І тады

Лістом даткнецца да шчакі ён, ад якога не адрокся. Тут, як сафізмы — ваўчакі, баравікі, як парадоксы. І не ствараючы законаў, але стварыўшы запавет, падыдзе блізка свет зялёны, адыдзе ўдаль блакітны свет.

Аптымальны варыянт паэт бачыць такім чынам у спалучэнні «закону» і «запавету», г. зн. ідэальнай і натуральнай рэальнасці.

Я пазбягаў да гэтага слоў «пошукі», «шукае», хаця і меў выйгрышную магчымасць — калі гаварыў пра верш «Пошук» — далучыць да выказаных упад і яшчэ адзін станоўчы эпітэт. Чаму пазбягаў? Можа быць, па той простай прычыне, што ў гэтым не было асаблівай патрэбы. Творчыя пошукі мы часам уяўляем сабе наіўна, як нейкі свядомы, валявы акт. Рашыў паэт аднойчы шукаць — і выправіўся ў дарогу, як у лес па грыбы. У адным напрамку не знайшоў, не дасягнуў жаданага выніку, пайшоў у другім. Інакш кажучы, мы адрываем ідэйныя і фармальна-жанравыя пошукі ад самога творчага працэсу, ад унутранай работы аўтара, звязанай трывала з яго асобай, з яго жыццём.

Алесь Разанаў, на першы погляд, як быццам бы «традыцыяналіст»: ён піша традыцыйным вершам, піша на традыцыйныя тэмы... Некалькі вершаў напісаны нават у адным і тым жа памеры, што само па сабе, вядома, нядобра. Але давайце прыгледзімся бліжэй, хаця б да гэтых самых «аднапамерных» вершаў. Як натуральна пачынае іх аўтар, як натуральна яны гучаць! Адчуваеш, што паэт не думаў спецыяльна і загадзя, які памер і якую рыфмоўку яму тут выбраць. Выбар вызначыўся сам сабой, задума ўвасобілася ў адзіна магчымай для яе форме. Так нараджаецца ўсё жывое, так нараджаюцца і вершы.

Праўда, пошукі могуць суправаджацца і эксперыментаваннем, і свядомымі намаганнямі. Але самая рашаючая перадумова і самая верная прыкмета наватарства — гэта арганічнасць. Тая самая арганічнасць, без якой немагчыма было б уявіць вершы Алеся Разанава.

Можна было б на гэтым, дадаўшы яшчэ некалькі слоў пра ўменне А. Разанава «рабіць» верш, па-майстэрску яго інструментаваць, і паставіць кропку. Але, на жаль, я вымушаны вярнуцца да свайго абяцання і сказаць горкія словы выдавецкім рэдактарам.

Па-першае, як я ўжо казаў, адразу заўважаеш адсутнасць некаторых лепшых вершаў паэта, без якіх кніга выглядае, несумненна, намнога збедненай. Узнікае мімаволі пытанне: у чым справа? Сапраўдны адбор пры складанні кнігі заключаецца, як вядома, у тым, каб адсеяць слабыя, нязначныя творы, а пакінуць лепшыя. І тут рэдактар можа зрабіць добрую паслугу аўтару, у асаблівасці аўтару першай кнігі.

Другая функцыя рэдактара — стылістычная праўка. І калі справа ідзе зноў-такі аб падрыхтоўцы да друку першай кнігі, то тут уважлівы кваліфікаваны рэдактар можа быць вельмі і вельмі карысным, можа быць свайго роду настаўнікам для маладога аўтара. Гэта калі гаварыць увогуле, а не ў дачыненні да Алеся Разанава. Бо ён якраз і не адносіцца да той катэгорыі маладых аўтараў, якія пішуць з разлікам, што іх вершы нехта паправіць, дапрацуе, «дацягне». Ён, як я ўжо зазначыў, патрабавальна і ўмела працуе над сваімі вершамі, і правіць іх амаль не трэба.

Трэба сказаць, што ў выдавецтве іх і не правілі ў звычайным сэнсе гэтага слова. З імі абышліся інакш — іх без уважнай на тое прычыны скарачалі, выкідваючы цэлыя мясціны, пакідаючы без заключных строф, іх проста скажалі, замяняючы адвольна адны радкі і словы другімі, тут жа сфабрыкаванымі. Прывяду прыклады. З верша «Ленін», з твора, дзе паэт знайшоў свой падыход да важнай тэмы, выкінуты адразу чатыры страфы, сярод іх наступныя:

Але ў імя жывога нас працінае клопат. Вялі не Кашавога — яго вялі на допыт. У Леніна пажарамі, канцлагерным агнём. А ён не паражальны быў, быў непрыступны ён.

Скажыце, што верш не пацярпеў у выніку такога скарачэння? Вядома, пацярпеў, вядома, страціў. І, у прыватнасці, страціў тыя рэаліі, якія звязваюць тэму з учарашнім мінулым, з сучаснасцю.

Далей ідзе верш «Дрэвы». З яго таксама выкінуты без якой-небудзь уважлівай прычыны дзве важных для развіцця аўтарскай думкі страфы:

Закручаны рух учарашні і заўтрашні ўшчэнт, да вузла... Нам дзіўна, нам горка, нам страшна, што вы не трымаеце зла. Сякера звінела і секла... Ды шчодры, як брага, азон. Пашчасціць — у самае пекла шпурне нас вар'яцкі разгон.