Выбрать главу

Так, Асвенцім і Хірасіма былі надзвычай жорсткім выпрабаваннем, але яны не забілі жывучы чалавечы дух, высокія ідэалы, паэзію. Пішуцца вершы, выдаюцца кнігі, знаўцы паэзіі пакланяюцца сваім любімым паэтам — мінулым і сучасным... Але ці можна сёння пісаць так, як быццам не было ахвяр канцэнтрацыйных лагераў і атамнага выбуху? Ці можна адпісвацца ідылічнымі замалёўкамі, сузіральнымі эцюдамі, агульна-рытарычнымі радкамі? Ці можна? Ці маральнай была б такая бесклапотная, бяспамятная паэзія? Не і не! Тым больш калі ў свеце неспакойна, калі над ім маячыць прывід атрутнага атамнага грыба. Максім Танк пісаў у 1955 годзе, пасля наведання Асвенціма:

Гэтага нельга ніяк Ні дараваць, ні забыць. Нехта, рыдаючы, Кліча забітага імя... Што ж ты маўчыш, анямеўшы, Зямля Асвенціма? Ты не павінна маўчаць! Трэба нам пільнымі быць!

Да такой жа высновы прыйшоў і Пятрусь Броўка ў сваім «Голасе сэрца», дзе сыноўняя жалоба (маці паэта загінула ў канцлагеры) вылілася ў рэквіем па ўсіх нявінных ахвярах вайны. А пазней Пімен Панчанка прызнаецца: «Мяне мучыць сумленне і памяць аб загінуўшых...» І выкажа ў той жа кнізе, «Пры святле маланак», трывогу:

Толькі б захаваць Усё найлепшае, Толькі б пахаваць Усё найгоршае. Бо без чалавечнасці Не будзе і вечнасці.

А. Твардоўскі пісаў у вершы «Жорсткая памяць» аб тым, што памяць вайны, горкі ваенны вопыт непазбыўны, і таму нельга па-ранейшаму, з ранейшай нічым не азмрочанай радасцю «глядзець на палі і лугі». Гэта правільна псіхалагічна, гэта правільна і ў маральна-філасофскім сэнсе. І як ні сумны гэты факт, нікуды ад яго не ўцячэш. І ад яго не павінна ўцякаць паэзія. Не павінна, не мае права. Да гэтага яе абавязвае «порсткая памяць», да гэтага яе кліча маральны абавязак.

Характэрным і сімптаматычным у пэўным сэнсе быў верш П. Панчанкі «Маім гераіням». Верш, як мы помнім, напісаны ў форме пісьма, адрасаванага былым франтавым медсёстрам. «Як мала пісаў, як слаба пра гэта пісаў я...» — прызнаецца з болем паэт. Ён, відаць, быў да гэтага таксама ў палоне ардынарнага ўяўлення, народжанага цяжкім суровым часам. А здавалася ж зусім звычайным, што вось і жанчыны ваявалі, здавалася, што так і павінна быць. Усё гэта здавалася да таго звычным, штодзённым, што і банальныя «расказцы» пра жонак паходных, палявых, франтавых і г. д. таксама лічыліся звычайнай з'явай, якая не выклікала пратэсту. І вось прагучалі, як выбух, радкі, прарвалася скрозь тоўшчу стандартнага ўяўленыя жывое пачуццё... Пачуццё абурэння тымі, «хто слюнявіць расказцы пра жонак паходных, хоць, можа, былі і яны». Пачуццё глыбокай павагі, спачування, міласэрнасці да тых, хто памагаў на вайне сваёй міласэрнасцю і пацвердзіў сваё «найвялікшае раўнапраўе... на самых крутых і высокіх вяршынях вайны», «у брацкіх магілах між самых адважных байцоў». А ў аснове — пачуццё адказнасці за лёс дзяўчат, пачуццё ўсвядомленай асабіста віны перад імі: «Дзяўчаты, каханыя, вершаў маіх гераіні, прабачце мне сёння...» Варухнулася гэтае пачуццё, пачало расці і вылілася ў хвалюючыя паэтычныя радкі.

Такі ўжо закон паэзіі — закон пераходу энергіі маральнага руху, руху душы ў адпаведную ідэйна-мастацкую якасць. «Зоркае адно толькі сэрца. Самага галоўнага вачамі не ўбачыш...» Цяжка не пагадзіцца з гэтымі мудрымі словамі.

Верш «Маім гераіням», як я сказаў, быў сімптаматычным. Ён азначаў, што ў нашай паэзіі, адбываецца зрух у бок большай маральнай успрымальнасці, у бок большай чуласці, чалавечнасці. Гэты плённы працэс асабліва актыўна ішоў у апошнія гады і даў відавочныя вынікі. Зжываюць сябе вершы, якія «добру и злу внимают равнодушно». Новыя творы А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Бачылы, М. Аўрамчыка, А. Пысіна, С. Грахоўскага, А. Русецкага, творы маіх равеснікаў і самых маладых нашых паэтаў і паэтэс, у прыватнасці В. Іпатавай, Н. Мацяш, А. Разанава, вызначаюцца душэўным неспакоем, сцвярджаюць праўду, справядлівасць, добрыя пачуцці. Паказальны ў гэтым сэнсе «Маналог» А. Куляшова, дзе прагучала абвостранае пачуццё несправядлівасці, горкае, жалобнае слова аб загінуўшых таварышах. Тут жа прыгадваецца і «Размова з сумленнем» А. Бачылы.

Так выжыў я. І стаў я нецярпімы Да ўсіх, хто боль гатовы прычыніць Дзіцяці, птушцы, клетку, Радзіме, Людскому сэрцу, нават цішыні. Хто пагарджаць уздумае цярпеннем, Даверлівасцю, шчырай дабратой, Хто затаптаць гатоў цябе, сумленне, — Той вораг твой і злосны вораг мой.