Выбрать главу

Адкрываю апошнюю кнігу А. Русецкага «Служба святла» (звярніце ўвагу на назву, якой паэт вызначае асноўную місію паэзіі).

Сонца ззяе каронай, шчаслівае годам спакойным, хіба сэрца не рада жывое спакойнаму дню? Супраць пошласці, подласці зноў пачынаем мы войны, ці ж надзенеш на сэрца браню? Не надзенеш браню...

А. Пысін, які ў сваіх апошніх вершах, як В. Быкаў у сваіх аповесцях, упарта звяртаецца да незабыўных дзён вайны, у сваім звароце да жывых прызнаецца сёння:

Хачу застацца старамодным, Жадаю лёсу аднаго: Быць камусьці неабходным, Не адчуваючы таго.

Тут мімаволі ўспамінаеш дзённікавы запіс у Талстога: «Адзінае, чаму можна верыць, гэта тое, што дабро — дабро, што яго можна і трэба рабіць без узнагароды».

«Сэрца паэта ўмясціла ўвесь боль чалавечы і плач», — гаворыць П. Панчанка ў вершы «Памяці М. Святлова». «Хай вас раўнадушша не саб'е», — працягвае ў другім. «Я перад вамі вечна вінаваты, усе, каму нялёгка ў жыцці», — прызнаецца ў трэцім. І гэтым вялікім неспакойным пачуццём, як лейтматывам, прасякнута ўся апошняя кніга паэта «Пры святле маланак» — кніга кніг нашых.

Усё мацней дае пра сябе ведаць маральнае пачуццё і ў вершах паэтаў так званага сярэдняга пакалення, у прыватнасці ў новых творах Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча, М. Арочкі, А. Лойкі, П. Макаля, Я. Сіпакова, Ю. Свіркі. У Алега Лойкі яно выяўляецца ў форме лірычнай споведзі:

Тут дзень пражыць па-чалавечы Цяжэй, чым напісаць паэму. Ды не другіх, сябе калечу І больш перажываю нема, Сябе суджу і дакараю Бязлітасна суровай меркай... Прад часам, прад людзьмі і краем Вядзі мяне, мая паверка!..

Ніл Гілевіч звяртаецца — што яму больш ўласціва — да адкрыта-публіцыстычнай манеры выказвання і гаворыць у вершы «Эгаізм есць нам душы, як іржа...»:

Навучаемся на лаўрах спачываць, Навучаемся тыраніць дамачадцаў. Развучаемся патроху спачуваць — Да чужых пакут і болю далучацца. Будзем помніць: тут карэнне гора-зла. Будзем помніць: да братэрскага яднання не ад злобы Рэвалюцыя пайшла, Рэвалюцыя пайшла ад спачування.

Пішучы гэты артыкул, я праглядваў матэрыялы аднаго «круглага стала», прысвечанага праблеме грамадзянскасці паэзіі. Па-рознаму, з розных пунктаў гледжання, часам здалёку, падыходзяць удзельнікі дыскусіі да праблемы, але многія сыходзяцца на адным — на неабходнасці маральнага забеспячэння паэтычнага слова. «Граніцы гуманізму, дабраты, крыніцы маральнага развіцця чалавецтва павінны быць абаронены паэзіяй у імя людзей, у імя самой паэзіі», — сказаў адзін з крытыкаў, і з ім нельга не пагадзіцца.

На жаль, мы ў сваіх размовах пра паэзію часта ўпускаем галоўнае. Гаворым, напрыклад, аб той жа грамадзянскасці, а сутнасці праблемы не бачым, блытаем сапраўдную грамадзянскасць з падробкамі пад яе. А між тым не так ужо і цяжка іх адрозніць. Грамадзянскасць — гэта жывое натхненне, жывая страсць, жывая думка, жывы боль. Кан'юнктуршчына — не тое, не другое і не трэцяе. Паэт-грамадзянін унутрана пераплаўляе тэму, кан'юнктуршчык спекулюе на ёй. Грамадзянскасць — сапраўды талент нялёгкі, паэт-грамадзянін змагаецца «за убежденья, за любовь», піша крывёю сэрца. Кан'юнктуршчык ад паэзіі ні за што не змагаецца, па сутнасці, і піша нечым вадзенькім, падфарбаваным, пад тон крыві, ці то ў ружаваты, ці то ў чырванаваты колер. Грамадзянскасць і кан'юнктуршчыну ў паэзіі можна параўняць адпаведна з ветразем і флюгерам. А як той і другі сябе паводзіць, скажам, у ветранае надвор'е, — мы ведаем. Ветразь змагаецца са стыхіяй, флюгер паварочваецца разам з ветрам, капіруе яго напрамкі.

Гаворым часта аб інтэлектуалізме ў паэзіі і зноў-такі зводзім размову да «вяршкоў», забываючы пра «карашкі», пра сокі, пра глебу. Пра духоўна-маральны вектар. Пра ўласцівае мастаку інтуітыўнае надзяленне дабра і зла. Забываем вельмі павучальны ўрок вялікага вучонага-рацыяналіста нашага часу Эйнштэйна, якому, па яго словах, Дастаеўскі даваў больш, чым любы мысліцель, які лічыў, што «маральныя якасці выдатнай асобы маюць, магчыма, большае значэнне для нашага пакалення і ўсяго ходу гісторыі, чым чыста інтэлектуальныя дасягненні».

Гаворым пра народнасць паэзіі і збіваемся на тую ж дарожку, тую ж завучанасць, збіваемся на агульныя месцы. Як быццам справа ў тым, каб паўтараць толькі гэты эпітэт — народнасць. А праблема, безумоўна, ёсць. не так даўно мы змаглі прачытаць выдатны артыкул А. Платопава пра Пушкіна і Горкага. Прывяду некалькі слоў з яго, якія тычацца пушкінскай паэзіі: «...Вялікая паэзія і жыццёвае развіццё чалавека, як сродак пераадолення гістарычнага чалавечага лёсу і як шчасце існавання, могуць жывіцца толькі з крыніц сапраўднасці, з практычна цеснага, цяжкога адчування свету, — у гэтым і ёсць разгадка народнага паходжання сапраўднага мастацтва».