Яго двойчы прыгаворвалі да пакарання смерцю. Першы раз гэта зрабіў Мураўёў-вешацель, другі раз — версальскі суд. У студзені 1864 года ён быў цяжка паранены ў сутычцы з царскімі казакамі і застаўся яныць толькі таму, што карнікі палічылі яго мёртвым. У 1865 годзе ён стаў у Парыжы ахвярай эпідэміі воспы, якая тады панавала ў Еўропе, і выжыў дзякуючы толькі той жа стойкасці духу (ён адмовіўся легчы ў перапоўненую бальніцу, дзе паміралі, як мухі, і змагаўся з хваробай дома ў ложку, харчуючыся адным цёплым чаем). Калі ён жыў у эміграцыі, на яго быў арганізаваны бандыцкі налёт. Але ён вытрымаў і гэтае выпрабаванне. І ён памёр тады, калі прыйшоў яго смяротны час, ва ўзросце 72 гадоў. Ён заўсёды пакідаў апошнім поле бою, прыкрываючы баявых таварышаў. І жыццё ён пакідаў, як поле бою, адным з самых апошніх, выкапаўшы да канца свой салдацкі і грамадзянскі абавязак.
Так, ён двойчы цярпеў паражэнне, у 1863 і ў 1871 гадах, дакладней, паўстанні, у якіх ён прымаў удзел, цярпелі параненні, але пераможаным ён сябе не лічыў і такім сапраўды не быў. Ён мог паўтарыць словы свайго саратніка па парыжскіх барыкадах, камунара Дэлеклюза, які сказаў: «Паражэнне ў сто разоў лепш, чым бяздзейнасць; нават пакуты лепш за пошлы дабрабыт, бескарыснае існаванне».
Хто ён такі — гэты волат з племя Атланта і Праметэя? Няцяжка здагадацца, што гутарка ідзе аб нашым слаўным земляку Валерыі Урублеўскім, генерале Парыжскай камуны.
Пра Урублеўскага ўжо шмат напісана. На жаль, мы, беларусы, не ўнеслі ў гэтую справу належную лепту, і тут вінаваты як гісторыкі, так і літаратары. Я асабіста, прынамсі, адчуваю такую «запазычанасць» і ўвасабленне вобраза Урублеўскага разглядаю як адну з сваіх важнейшых творчых задач. Не ведаю, у якой форме выльецца тэма, як яе ўдасца вырашыць. Але яна мяне захапіла, і я працую над ёю, збіраю матэрыял. У дадзеным жа выпадку я проста хачу нагадаць пра дзейнасць Валерыя Урублеўскага ў дні Парыжскай камуны.
Сто гадоў назад, 29 сакавіка 1871 года, «Афіцыйная газета» Парыжскай камуны пісала: «Усякі палітычны рух, які не носіць у сабе самім новай плённай і творчай ідэі або, валодаючы такой ідэяй, не вылучае тут жа людзей, здольных праводзіць і адстойваць яе, асуджаны на вартую жалю няўдачу, хаця б ён і пачаўся з бліскучага трымфу і дэманстрацыі сілы.
Людзі глыбокай думкі і рашучых дзеянняў аказаліся гатовымі ў першыя ж дні 1789 года. У стыхійны, бязладны рух яны ўдыхнулі жыццё, свядомасць і думку. Яны зрабілі гэты рух чалавечны, асэнсаваны, так сказаць, філасофскі, і за некалькі месяцаў натоўп, які кіраваўся інстынктам, ператварыўся ў вялікі, свядомы народ, народ рэвалюцыі.
Якраз так жа і рэвалюцыя 18 сакавіка не мае недахопу ў Сакратах, успрыемніках ідэй».
У той светлай плеядзе «людзей глыбокай думкі і рашучых дзеянняў» займае дастойнае месца і наш зямляк, адзін з лепшых ваенных кіраўнікоў Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі.
Удзел Урублеўскага ў падзеях вялікай рэвалюцыі быў, як мы бачылі, не выпадковым. Рыцар ідэі, «дэмакрат па перакананню, па духу і па крыві», ужо вопытны паўстанскі камандзір, В. Урублеўскі рашуча становіцца ў рады камунараў. Ведаючы яго мінулае і яго погляды, кіраўнікі Камуны давяраюць яму важны ваенны пост. Спачатку яго прызначаюць генералам і начальнікам кавалерыі на левым беразе Сены, а потым — камандуючым левым флангам. На пасяджэнні Камуны ад 1 мая адзін з яе членаў заяўляе: «Генерал Урублеўскі знайшоў усе фарты пакінутымі на волю лёсу; зараз яны могуць абараняцца». Праз два дні, З мая, камандуючы левым флангам Урублеўскі паведамляе ваеннаму дэлегату ў сваім дакладзе аб становішчы на паўднёвым фронце: «Грамадзянін міністр! Настойваючы на атрыманні падмацаванняў як артылерыяй, так і пяхотай і кавалерыяй, я меў намер не толькі працягваць абарону, каб захаваць свае пазіцыі, але і перайсці ва ўдалы момант у наступленне.
Я з радасцю канстатую, што ўсюды пачынае аднаўляцца парадак, што спынілася п'янства і ў рады нацыянальных гвардзейцаў паступова ўкараняецца дысцыпліна. Словам, чым больш я разбіраюся ў гэтым, тым больш прыходжу да пераканання, што ўсё зло і дэзарганізацыя ў радах грамадзянскай міліцыі мелі сваёй прычынай няздатнасць начальнікаў, падаваемыя імі дрэнныя прыклады і нярэдка іх дробныя інтрыгі».
Камуна ліквідавала армію як адвечны сродак падаўлення і дэспатызму. Армія была заменена нацыянальнай гвардыяй, якую складаюць усе грамадзяне, здольныя насіць зброю, і якая грунтуецца на свядомай дысцыпліне і дэмакратычнай роўнасці. Урублеўскі гэта бачыць і разумее, яму імпануюць такія салдаты, і ён у сваю чаргу імпануе ім, яны пранікаюцца да яго павагай і даверам. Яны ведаюць, што ён адмовіўся ад генеральскага жалавання і згадзіўся ўзяць толькі каня, што ён не пасяліўся ў Елісейскім палацы, адказаўшы, што «месца генерала — толькі сярод салдат».