Выбрать главу

Невыпадковым быў прыход Урублеўскага ў рады камунараў, невыпадковай была тая вялікая роля, якую ён адыгрывае ў абароне Парыжа. Ён ведае, за што ён змагаецца, ведае, як трэба змагацца. Удзельнікі Камуны і потым яе гісторыкі Дзюбрэйль і Лісагарэ даюць самую высокую ацэнку палкаводчай дзейнасці Урублеўскага. «Новыя камандзіры, — піша Дзюбрэйль, маючы на ўвазе Дамброўскага і Урублеўскага, — умеюць прадбачыць небяспеку, камбінуюць, манеўруюць, самі вядуць у наступленне...»

«Адзіны поспех, — расказвае Лісагарэ, — абарона мела на Бют-О-Кай. Тут, дзякуючы энергіі Урублеўскага, абарона перайшла ў наступленне...» І далей: «Версальцы не асмельваліся праследаваць Урублеўскага».

Як вядома, апошні ваенны дэлегат Камуны Дэлеклюз прапанаваў Урублеўскаму за некалькі гадзін да трагічнай развязкі ўзяць на сябе галоўнае камандаванне. І той з уласцівай яму яснасцю погляду і цвёрдасцю духу спытаўся: «Ці ёсць у вас хоць некалькі тысяч рашучых чалавек?» — «Самае большае — некалькі сотняў», — адказаў Дэлеклюз. У такіх умовах Урублеўскі не мог прыняць на сябе камандаванне і працягваў змагацца як просты салдат. І змагаўся да апошняй магчымасці...

Ідуць паломнікі да парыжскіх могілак Пер-Лашэз, да той сцяны, дзе версальскія каты расстрэльвалі камунараў і пад якой спачывае прах нашага слаўнага земляка. І я таксама раблю сваё паломніцтва, выходжу з аўтобуса ў мястэчку Жалудок, дзе прайшло дзяцінства Урублеўскага. Аўтобус спыняцца якраз на той самай плошчы, якую ўспамінае біёграф знакамітага генерала. Ва ўсе бакі ад плотны разбягаюцца вуліцы, і на адной з іх я чытаю: «Імя Урублеўскага». Праходжу, туды і назад, па гэтай вуліцы, перасякаю плошчу, выходжу на супрацьлеглую вуліцу. Па правы бок ад яе віднеецца школа, насустрач мне ідзе хлопчык у вялікай, не па росту, цёмна-сіняй шапцы. На шапцы — эмблема лесніка... Можа, і ляснічы Антоній Урублеўскі насіў падобную шапку і даваў пахадзіць у ёй свайму малодшаму, свайму Валерыю? Ах, як паслядоўна працягваецца жыццё — і ў сваёй галоўнай сутнасці, і ў сваіх знешніх праявах!

Заходжу ў школу. Дырэктар вядзе мяне ў школьны музей. Тут ёсць і куток, прысвечаны Валерыю Урублеўскаму. Фотапартрэт 1864 года, дзе Урублеўскі зняты ў форме паўстанскага палкоўніка. Пад партрэтам — фотакопія афішы, якая аб'яўляе парыжанам аб тым, што пад кіраўніцтвам генерала Урублеўскага ствараецца кавалерыя, і запрашае добраахвотнікаў запісвацца...

На той жа вуліцы, крыху далей, знаходзіцца касцёл. У касцельным архіве знаходжу, з дапамогай самога пана пробашча, кнігу — спіс насельніцтва Жалудоцкай парафіі за 1843 год. На адной з яе старонак каліграфічным почыркам касцельнага пісара выведзена:

Двор Жалудок Антоній Урублеўскі, скарбнік, 48 год, жонка Разалія (з Юроўскіх), 31 год, дачка Аляксандра, 8 год, сын Станіслаў, 7 год, сын Валерыян, 5 год.

Значыць, так яно і ёсць. Цяпер я не толькі пераконваюся яшчэ раз у тым, што было вядома з прачытанага. Цяпер я яшчэ ведаю, кім працаваў у апошнія гады свайго жыцця старэйшы Урублеўскі (працу ляснічага ён чамусьці змяніў на пасаду скарбніка. Магчыма, гэта было павышэнне, а магчыма, ён не мог больш працаваць ляснічым па стану здароўя, бо неўзабаве ж памёр). І цяпер я ведаю, дзе жыў з сям'ёй Антоній Урублеўскі. Не на той вуліцы, што названа імем яго сына, а ў другім канцы мястэчка. Туды вядзе з плошчы другая вуліца, якая зараз называецца Камуністычнай, а тады называлася Дворнай, бо вяла ў панскі двор. У Двары, дзе зараз размяшчаецца мясцовы калгас, яшчэ захаваўся палац, захаваліся рэшткі сядзібы, што ад графа Тызенгаўза перайшла потым да князя Сапегі, а ад апошняга — да паноў Чацвярцінскіх... Недзе тут, думаю, у якім-небудзь флігелі, якога ўжо няма, і жыў скарбнік Урублеўскі. Потым я доўга шукаю яго магілу на так званых парафіяльных могілках. Потым іду на Жалудзянку, дзе знаходжу сляды колішніх млыноў — магчыма, тых самых, на якія бегаў некалі глядзець са сваім братам Стасікам юны Валерый... Потым гавару пра Урублеўскага з работнікамі гарадской бібліятэкі, з настаўнікамі, са старшынёй калгаса, сустракаюся вечарам са школьнікамі і расказваю ім пра іх вялікага земляка. Лепшай тэмы для такой сустрэчы і не знойдзеш... З усімі, з кім я сустракаюся, мы робімся «братамі ва Урублеўскім». Я думаў, што прабуду ў Жалудку два-тры дні, а прабыў больш як тыдзень, і зусім не спяшаўся яго пакідаць, і насіў у сабе такое пачуццё, нібы я выконваю вельмі важную, патрэбную не толькі мне самому, але і людзям, не толькі майму сёння, але і нашаму мінуламу, місію.