На зваротным шляху я звяртаўся, натуральна, у думках да свайго героя. «Мой генерал, — гаварыў я яму, — я наведаў тваю радзіму, я хадзіў па тваіх слядах, пакланіўся твайму дзяцінству і аддаў даніну пашаны праху твайго бацькі. І я яшчэ лепш зразумеў веліч твайго жыццёвага подзвігу, яшчэ больш адчуў значэнне памяці пра цябе. Як гэта вы віталіся ў дні Парыжскай камуны? Вітанне і роўнасць? Брацтва і роўнасць? Дазволь і мне так звярнуцца да цябе: «Вітанне і брацтва, мой генерал! Вольнасць і брацтва!»
Постскрыптум. Блукаючы па вулачках Жалудка, я зразумеў: гэты гарадок павінен быць вядомым, сюды павінен пралегчы турысцкі маршрут. Але школьнага музейчыка для гэтага недастаткова, памяць Валерыя Урублеўскага павінна быць увекавечана належным чынам: тут павінен быць помнік, музей і г. д. Я гаварыў пра гэта і ў школе, і са старшынёй пасялковага Савета Ірынай Мішкевіч, і з сакратаром Шчучынскага райкома партыі Іванам Сільвановічам. На днях я атрымаў ад яго з райкома пісьмо, у якім паведамляецца: «У сувязі з гістарычнай датай, 100-годдзем з дня перамогі пралетарскай рэвалюцыі ў Парыжы, райком партыі і райвыканком хадайнічаюць перад Гродзенскім абкомам партыі і аблвыканкомам аб увекавечанні памяці віднага рэвалюцыйнага дзеяча пралетарскай рэвалюцыі ў Парыжы, генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага. Мяркуецца ўстанавіць яго бюст у г. п. Жалудок і прысвоіць Жалудоцкай сярэдняй школе імя Валерыя Урублеўскага...»
Такому пісьму можна толькі парадавацца, што я, зрэшты, і зрабіў. Але я хацеў бы дадаць у сувязі з ім яшчэ некалькі слоў. Беларускі народ можа ганарыцца Валерыем Урублеўскім і можа лічыць яго сваім сынам з такім жа правам, з якім гэта робіць суседні польскі народ. Бо Урублеўскі не толькі нарадзіўся на беларускай зямлі і не толькі правёў тут свае дзіцячыя гады. Як вядома, ён тут пачынаў і сваю службу пасля сканчэння Пецярбургскага ляснога інстытута. Тут ён атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне, змагаючыся «за нашу і вашу вольнасць» побач з Каліноўскім. Ён ведаў добра беларускую мову, і не толькі ведаў і мог гаварыць на ёй, але і пісаў на ёй як адзін з аўтараў «Мужыцкай праўды». Будучы ў эміграцыі, ён пастаянна падтрымліваў сувязь з радзімай. Захавалася запіска Урублеўскага да яго цёткі Эміліі Урублеўскай, якую ён напісаў у Лондане восенню 1871 года і ў якой просіць перадаць яго новы адрас маці, што жыла, як вядома, у вёсцы Явар недалёка ад Слоніма. Звязваўся ён з Беларуссю і Літвой пры дапамозе другіх эмігрантаў. За мяжой ён сустракаўся з гродзенцам Лаўровым, з магіляўчанінам Судзілоўскім і, магчыма, бачыўся з Трусавым... Словам, першая любоў яго сэрца належала Беларусі. І мы павінны выказаць належным чынам свой гонар за яго і сваю пашану да яго памяці.
ЁСЦЬ ЗАКОН ГАСЦІННАСЦІ
Хігмант Геранчар, загадчык аддзела савецкіх літаратур выдавецтва «Еўропа», з усмешкай глядзеў на мяне і гаварыў: «Проста не верыцца... Вы першы беларускі паэт, якога я бачу». Ён расказаў, што выдавецтва цікавіцца нацыянальнымі літаратурамі нашай краіны, у тым ліку і беларускай, што хутка выйдзе ў калектыўным зборніку новая аповесць Васіля Быкава «Сотнікаў», што ён сам перакладаў адно апавяданне гэтага аўтара... Наша знаёмства адбылося літаральна на калідоры, першая размова была мімаходзь. Назаўтра яна была прадоўжана ў кабінеце галоўнага рэдактара выдавецтва. Сам галоўны быў у адпачынку, і я гаварыў з яго намеснікам паэтам Ласла Лотарам, рэдактарам выдавецтва паэтэсай Дзіт Пор, з маім новым знаёмым Хігмантам Геранчарам і ўжо, можна сказаць, старой знаёмай, добрым другам нашай літаратуры Шарай Карыг. Гады два таму назад Ш. Карыг, перакладчыца са славянскіх моў і рэдактар выдавецтва, прыехала ў Мінск і прывезла добрую навіну: выдавецтва «Еўропа» плануе ў серыі «Люстра», якая знаёміць з літаратурамі народаў свету, выданне анталогіі-хрэстаматыі беларускай літаратуры. Карыг была, такім чынам, той першай ластаўкай, якая прадвяшчае вясну, на гэты раз — цёплы павеў у нашых сувязях з венгерскай літаратурай.
Як нельга было аб'яднаць у адзін выдатны горад Буду і Пешт без мостабудаўнікоў, так нельга ўявіць міжнацыянальныя літаратурныя сувязі без людзей-энтузіястаў накшталт Карыг. Да гэтага яна шмат рабіла для папулярызацыі ў сваёй краіне ўкраінскай і балгарскай літаратур. Потым звярнула ўвагу на нашу літаратуру, стала ініцыятарам выдання анталогіі. Зараз яна ўжо нядрэнна чытае і разумее па-беларуску, абклалася нашымі кнігамі, слоўнікамі, даведнікамі, «вярбуе» сяброў беларускай літаратуры.
А сябры ў нас тут ёсць. Напрыклад, літаратуразнаўца Эндрэ Бойтара. Ён быў неяк праездам у Мінску, мы з ім тады пазнаёміліся. У Будапешце сустрэліся зноў. Эндрэ Бойтар даследуе авангардысцкую паэзію дваццатых гадоў, зацікавіўся ён і нашай паэзіяй гэтага часу, у прыватнасці творчасцю Александровіча, Дубоўкі, Пушчы, Хадыкі, Чарота. Каб чытаць нашых паэтаў у арыгінале, ён таксама вывучае беларускую мову.