Не выпадковы і той факт, што менавіта ў Будапешце адбыліся некалькі год назад міжнародныя Дні паэзіі, у якіх прынялі ўдзел і савецкія паэты. Такія Дні становяцца таксама традыцыяй у культурным жыцці краіны. У сувязі з імі стаў выходзіць спецыяльны паэтычны альманах «Арыён», у якім змяшчаюцца вершы на некалькіх мовах свету як венгерскіх, так і замежных аўтараў. Гэтыя свае кароткія нататкі я і хачу закончыць добрымі словамі з «Арыёна»: «Мы верым у сілу паэзіі. Не ў яе выключную і міфічную сілу, а толькі ў яе сілу чалавечую, якая, як мы верым, адна з самых цудоўных і магутных сіл чалавека. Мы верым у тое, што паэзія не завяршыла сваёй гістарычнай місіі. Бадай, яе сапраўдная місія яшчэ толькі пачынаецца.
«ДЗЕНЬ ПАЭЗІІ» І ПАЭЗІЯ ДНЯ
— Ты чытаў новы «Дзень паэзіі»?
— А што, ён усё яшчэ выходзіць?
Так, «Дзень паэзіі», штогадовы зборнік вершаў розных аўтараў, усё яшчэ выходзіць. У Маскве, у Ленінградзе, у Вільнюсе і ў нас, у Мінску. Ранейшай увагі і цікавасці да яго ў чытачоў ужо няма, але ён выходзіць. Вось выйшаў і яшчэ адзін нумар. На гэты раз — у іншым фармаце і ў іншай, ужо не ў цвёрдай, а ў мяккай вокладцы. (Ці не азначае гэта, што выданне шукае сваё аблічча?) І рэцэнзію на такі зборнік добра было б пачаць словамі, якімі некалі пачаў свае гадавыя нататкі пра часопісы рускі класік: «Чытач, у добры час сказаць, ажыўленне пашай літаратуры, аб якім мы нядаўна гаварылі, працягваецца. Лепшыя сучасныя таленты, як бы спаборнічаючы адзін з другім, дораць публіцы творы, якія абяцаюць зрабіць сёлетні год памятным у пашай літаратуры. Весела — ці не праўда? — быць чытачом у такім разе...»
Адна з акалічнасцей, якія надаюць станоўчае значэнне «Дню паэзіі», гэта тое, што на старонках альманаха таксама ідзе своеасаблівае спаборніцтва паэтаў розных узростаў і талентаў. А калі гэта так, калі ідзе творчае змаганне за тое, хто напіша лепш, хто цікавей, хто свяжэй, то ў чытача ёсць права і пагода чакаць ад сваіх паэтаў добрых падарункаў. Тым больш што ён, чытач, ведае: «Дзень паэзіі» прапануюць яму раз у год і, значыць, яму прапануюць узоры, лепшае з таго, што сабрана на паэтычнай ніве года. І не так ужо наіўна з яго боку было б спадзявацца, што ў чарговым зборніку «Дня паэзіі» ёсць творы, «якія абяцаюць зрабіць сёлетні год памятным у нашай літаратуры».
Але збавім тон, зменшым крытэрый, не будзем прарочыць наконт усяго года і яго месца ў будучыні нашай паэзіі. Не будзем хаця б па той простай прычыне, што загадзя ведаем: той «Дзень паэзіі», з якім мы час ад часу сустракаемся, на гэта не прэтэндуе і такога патрабавання не вытрымае. Паставім пытанне больш рэалістычна: ці многа ў новым «Дні паэзіі» вершаў, ад якіх бы нам рабілася «весела», якія б парадавалі нас па-сапраўднаму?
Скажам проста: небагата. На асаблівую весялосць чарговы зборнік «Дня паэзіі» падстаў не дае. І тут я не магу не пагадзіцца з той ацэнкай, якая была яму дадзена ў добрым артыкуле Варлена Бечыка і Міколы Гілевіча, змешчаным у газеце «Літаратура і мастацтва». (Я мог бы толькі паспрачацца з імі ў некаторых момантах, дзе гаворка ідзе пра асобныя вершы.) Але пагаджаюся я з імі з адной агаворкай: новы зборнік мала чым горшы за папярэднія. Праўда, узровень альманаха павінен быў па-добраму расці ад нумара да нумара, праўда, тут павінны былі б улічвацца недахопы і памылкі мінулых нумароў, улічвацца набыты вопыт у выданні кнігі такога роду. Праўда... Але чаго няма, таго няма. У чым жа справа?
Адна з прычын даволі сумнага становішча з нашым «Днём паэзіі» ў тым, што ў яго вельмі шмат рэдактараў, г. зн. людзей, якія вырашаюць, друкаваць дадзены верш ці не. І вось аднаго рэдактара падвядзе густ, другога — боязь.
Але справа не толькі ў гэтым. Я не раз быў членам рэдкалегіі «Дня паэзіі», гэта значыць, удзельнічаў у падрыхтоўцы зборніка да друку. І магу сказаць: бяда ў тым, што рэдкалегія з самага пачатку не столькі выбірае, вырашае, колькі чакае, што прынясе аўтар. Бо існуе правіла, згодна з якім «Дзень паэзіі» павінен складацца толькі з новых, нідзе не надрукаваных вершаў, інакш кажучы, з твораў, якія вядомы пакуль што толькі аднаму аўтару. І вось, адгукаючыся на чарговае паведамленне рэдкалегіі, аўтары нясуць свае вершы. І вельмі часта — не лепшыя. Бо адзін паэт лепшыя аддаў ужо ў сваю ўласную кнігу ці ў «Полымя», другі не на тым творы спыніў свой выбар (самому часам цяжка выбіраць), трэці не паспеў скончыць задуманы верш, а чацвёрты... Чацвёрты, будзем шчырыя, проста не здольны напісаць радкі, якія б адпавядалі прызначэнню зборніка, закліканага папулярызаваць лепшыя паэтычныя творы. Складальнікам «Дня паэзіі», такім чынам, прыходзіцца мець справу з той прадукцыяй, якая прыйшла па аўтарскай волі. Другога матэрыялу яны не маюць, бо строга трымаюцца закону: друкаваць толькі новыя творы. І вось атрымліваецца парадаксальны вынік: замест таго каб прапаноўваць чытачу лепшае з новай паэзіі, «Дзень паэзіі» прапануе, мякка кажучы, далёка не лепшае.