Як тут быць? Каб «Дзень паэзіі» адпавядаў свайму прызначэнню, г. зн. быў прапагандыстам і папулярызатарам паэзіі (менавіта паэзіі, а не вершыкаў), ён павінен арыентавацца на лепшае з таго, што ўжо надрукавана — у газетах, часопісах і нават кнігах. Са мною будуць спрачацца, але я лічу, што складальнікі чарговага зборніка «Дзень паэзіі» павінны перагледзець усю вершаваную прадукцыю мінулага года (не абавязкова, каб ён супадаў з каляндарным), выбраць з яе самае вартае, самыя лепшыя вершы (выбару ў дадзеным выпадку спрыяе час і грамадская думка), з гэтых вершаў скласці кнігу і прапанаваць яе чытачу. І я ўпэўнены, што ў такім разе якасны ўзровень зборніка быў бы намнога вышэйшы, чым цяпер, і аўтарытэт выдання і самой паэзіі не падаў бы ў вачах чытача.
Я гэтае сваё меркаванне выказваў неаднойчы. Прывяду ў карысць яго такі прыклад. Будучы нядаўна ў Венгрыі, я цікавіўся і прапагандай паэзіі. Аказваецца, што і там выходзіць кожны год да Дзён кнігі (яны праводзяцца звычайна ў апошні тыдзень мая) зборнік вершаў венгерскіх паэтаў. Ён складаецца не з выпадковых твораў, а мае анталагічны характар, г. зн. уключае ў сябе лепшыя вершы года. Дарэчы, ён так і называецца: «Лепшыя вершы». І ці не гэтым тлумачыцца той факт, што, хоць зборнік выдаецца вялікім тыражом (30-40 тысяч экземпляраў), ён разыходзіцца за некалькі тыдняў. Праўда, гэтаму спрыяе і гандлёвая палітыка: у час Дзён кнігі анталогіі паэзіі, прозы і драматургіі прадаюцца па зніжанай напалову цане.
Ёсць і другі шлях выратавання «Дня паэзіі» — ператварыць яго ў штомесячны або хаця б штоквартальны (як гэта зрабілі на Украіне) часопіс паэзіі. Пра гэта таксама былі ўжо гаворкі, што сведчыць аб надзённасці пытання.
Але вернемся, нарэшце, да самога віноўніка гэтай размовы — да сёлетняга «Дня паэзіі». Перагорнем зноў яго старонкі, кінем вокам на вершы ў такім парадку, як яны размешчаны (дарэчы, не зусім зразумела, якога прынцыпу тут прытрымліваліся складальнікі і рэдактары — алфавітнага, тэматычнага ці нейкага іншага?). Адкрываецца зборнік вершамі нашых старэйшых паэтаў — Петруся Броўкі, Максіма Танка, Канстанцыі Буйло, Максіма Лужаніна... Кранаюць радкі: «Як ветру смуткуюць павевы і ў жальбе прасторы палёў, вы чулі, як плачуць дрэвы па тых, хто дамоў не прыйшоў». Заражае нас сваёй паэтычнай энергіяй і верш другога нашага майстра — «Летні дождж»:
Не пакідаюць нас абыякавымі і новыя вершы Канстанцыі Буйло, у якіх «песенна зазвінела» памяць юнацтва, далёкага юначага кахання. Цікавым мне здаўся і амерыканскі цыкл Максіма Лужаніна. Далей ідуць творы Піліпа Пестрака, Міхася Машары, Яўгеніі Янішчыц... Вершы Янішчыц унутрана засяроджаныя, задуменныя: «Я думала, прыйду ў зялёны сад, яшчэ над садам цішыня і поўня. І я адчай другім жыццём запоўню, а думкі ўсё мільгаюць неўпапад. Я думала, прыйду ў зялёны сад, і з дрэвамі перарасту нягоды, і павучуся мудрасці ў прыроды, а дрэвы цягнуцца за далягляд».
Раз я ўжо загаварыў пра Я. Янішчыц, то зазначу тут жа, што з цікавымі вершамі выступілі ў зборніку і іншыя нашы маладзейшыя паэты, у прыватнасці Алесь Разанаў («Балада прыкмет»), Сяргей Панізнік («І думае ноч: зноў зіма на двары...»), Рыгор Семашкевіч («О раскрылле белых рук...»). Лебядзінай песняй гучаць вершы, на жаль, заўчасна памёршага Анатоля Сербантовіча. Ужо не кажучы пра амаль прарочы верш «Няма мяне».