Выбрать главу

Вершы самых старэйшых і самых маладых... Ну, а як выглядаюць у зборніку на гэты раз мае літаратурныя равеснікі?

Разбіраючы колькі часу таму назад перадапошні «Дзень паэзіі» (рэцэнзія была надрукавана ў «Полымі»), я параўноўваў вершы паэтаў розных пакаленняў і пальму першынства аддаў тым, каму за пяцьдзесят. Пра сваіх равеснікаў я пісаў: «Я з прыемнасцю магу адзначыць, што добра працуе маё пакаленне, добра працуе і паспяхова спаборнічае. Але, пры ўсім пры тым, на гэты раз граннры — будзем аб'ектыўныя і справядлівыя! — я яму не ўручаю. Паглядзім, што будзе ў наступным «Дні паэзіі».

Павінен сказаць, што на гэты раз справа абстаіць інакш. Вершы Міколы Арочкі, Сцяпана Гаўрусёва, Васіля Зуёнка, Уладзіміра Караткевіча, Алега Лойкі, Петруся Макаля, Уладзіміра Паўлава, Юрася Свіркі — безумоўна, адны з лепшых у зборніку і сведчаць аб творчым сталенні, аб росце майстэрства іх аўтараў. Мне хацелася б, у прыватнасці, адзначыць такія вершы, як «Каб ажно гай шумеў» С. Гаўрусёва, «Куртка Таўлая» М. Арочкі, «Калі паміралі варагі» А. Лойкі і цікавы сатырычны эцюд П. Макаля «Пудзіла» («Ах, колькі страхаў, колькі страхаў на гэта пудзіла павешана. Надзьмуты ветразямі штонікі шырокія — не ў лад з эпохаю, — надзетыя на дроцік тоненькі... Але галоўнае — палохае!».)

Спадабаліся мне таксама, апрача названых, вершы «А помніш ты, як на Палессі?» Міколы Аўрамчыка, «Я да нудоты не люблю зазнаек» і «Дар бясцэнны» Аляксея Зарыцкага, «На реке» Браніслава Спрынчан, «Вёска Наркавічы» Марыны Барсток (яна ўпершыню выступіла як паэтэса), «На рассвете мой сон...» Аляксандра Дракахруста, «Літоўскі хлеб» Еўдакіі Лось, «Я спавядаўся прад травінкай» Анатоля Астрэйкі і некаторыя іншыя... Але ці не захапіўся я? Ці не супярэчу я таму, што гаварылася пра «Дзень паэзіі» вышэй? Не, думаю, не супярэчу. Па-першае, я не сцвярджаў, што «Дзень паэзіі» не друкуе добрыя вершы і не прыносіць карысць. Відавочна, што ён робіць сваю патрэбную справу. Гаворка ішла пра тое, як зрабіць яго больш цікавым і больш карысным, як адгарадзіць яго ад дрэнных вершаў. Іх жа, трэба сказаць, у новым «Дні паэзіі» зашмат. Не ведаю, наколькі верны быў мне густ, калі я пералічваў добрыя творы, прынамсі, магчымасці на выбар былі. Гэта несумненна. І гэта робіць гонар зборніку. Але ў такой жа меры зніжаюць яго вартасць многія слабыя, недасканалыя, пазбаўленыя мастацкай самастойнасці вершы.

І апошняе, што хацелася б сказаць, гэта звярнуць яшчэ ўвагу на заключны раздзел «Дня паэзіі», дзе змешчаны паэтычныя пераклады з рускай, украінскай, балгарскай, венгерскай, славенскай, польскай, італьянскай і французскай моў. Тут ужо сам пералік гаворыць за сябе. Калі ж яшчэ ўлічыць, што пераклады зроблены пераважна нашымі вядомымі паэтамі і выдатна гучаць па-беларуску, то астаецца толькі парадавацца, што дзень нашай паэзіі пашыраецца, што далягляды яе выходзяць за нацыянальныя межы.

1971

КРЫТЫК - ТАЛЕНТ АСАБЛІВЫ, АБО: ЯК БЫЦЬ З ПРЫНЦЫПОВАСЦЮ?

Крытыка (гр.) — майстэрства меркаваць, ацэньваць.

Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў

Прынцыповы (лат.) — заснаваны на прынцыпе, які строга прытрымліваецца прынцыпу.

Слоўнік замежных слоў

Крытыка і крытыкі сталі нечакана для сябе аб'ектам усеагульнай увагі. Пра іх гавораць і пішуць. Пераважна ў крытычным сэнсе. Маўляў, наіўнічаюць, не адпавядаюць як след свайму прызначэнню, не праяўляюць належнай прынцыповасці і г. д. Раз так гавораць і пішуць, значыць, для гэтага ёсць нейкія падставы. І, натуральна, узнікае пытанне: што ж здарылася з ёй, крытыкай? Чаму і з якога часу яна захварэла па гэтую хваробу — недахоп прынцыповасці? Ці вядомы вірус, які з'яўляецца ўзбуджальнікам хваробы, а калі вядомы, то якімі сродкамі трэба з ім змагацца?

Пытанне ўзнікае нялёгкае, яно выклікае, як бачым, другія вытворныя ад яго пытанні. Але не ставіць яго і не шукаць на яго адказу нельга. Бо менавіта такі адказ і можа быць толькі мэтай і апраўданнем сённяшніх дыскусій, якія разгарнуліся на старонках літаратурных выданннў.

Не бяруся глыбока высвятляць пытанне. Падзялюся толькі некаторымі меркаваннямі. І пачну з таго, што выкажу сваё спачуванне крытыкам. (Тым больш што ў хоры галасоў, скіраваных у іх адрас, голасу спачування якраз і не хапае.) Нялёгка бывае ўсім — і паэтам, і празаікам, і драматургам. Усё мастацтва ў цэлым і любы яго жанр паасобку патрабуюць, як вядома, ахвяр. Але цяжэй за іншых даводзіцца ўсё ж крытыкам. Калі паэт або празаік ідзе толькі ад жыцця, то крытык павінен ісці і ад жыцця і ад літаратуры адначасова, павінен павяраць іх адно другім. Калі паэт або празаік адштурхоўваюцца ў пошуку формы ад формаў самога жыцця, то крытык свае думкі ў формах самога жыцця выказаць не можа і вымушаны спадзявацца тут на самога сябе, на ўласную ініцыятыву. Да таго ж, па словах А. Луначарскага, крытык — «гэта чытач, які ўсім сэрцам прагне як мага хутчэй пераўтварыць мастацкае хараство ў жыццёвыя подзвігі. Гэта асаблівы талент». Інакш кажучы, крытык яшчэ бярэ на сябе добраахвотна адказнасць за ажыццяўленне таго ідэалу, які ён знаходзіць у мастацкім творы. Паэт або празаік напісаў, выказаўся і ўздыхнуў з палёгкай, супакоіўся, а крытыку спакою няма.