Выбрать главу

Або ўзяць сам творчы працэс. Прыйшлі паэту ў галаву думкі, усхвалявалі яго, і тут жа «и рифмы легкие навстречу им бегут, и пальцы просятся к перу, перо к бумаге, минута — и стихи свободно потекут». Ці чулі мы падобныя прызнанні ад крытыка? Нешта я не помню. Яно і зразумела, бо наўрад ці будзе ў яго ісці так лёгка, натуральна справа, каб артыкулы «свабодна цяклі!». (Магу тут, прынамсі, спаслацца на свой вопыт: час ад часу мне даводзіцца пісаць артыкулы і рэцэнзіі, і я пераканаўся, што рабіць гэта намнога цяжэй, чым пісаць вершы. З агульнымі месцамі бывае лягчэй, а вось як дойдзе справа да канкрэтных імёнаў і твораў, пачынаеш нервова запінацца і напружана камбінаваць, каго за кім паставіць, у якой паслядоўнасці даваць пералік; як бы, хвалячы аднаго, не пакрыўдзіць другога, як бы каго-небудзь незаслужана не прапусціць і г. д.)

Словам, крытыкам нялёгка. Але не адзначаныя вышэй цяжкасці я маю перш за ўсё на ўвазе, калі выказваю крытыкам сваё спачуванне. Гэтыя цяжкасці адносныя і натуральныя, яны звязаны са спецыфікай прафесіі, і тут, як кажуць, узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Я маю на ўвазе нешта іншае — аб'ектыўна абумоўленыя цяжкасці і звязанае з імі маральнае становішча крытыка.

Каб уявіць малюнак больш наглядна (пачынаю гаварыць ужо без усякай іроніі), давайце возьмем для прыкладу не літаратурнага крытыка, а проста чалавека, які больш патрабавальны, чым іншыя, і таму мае схільнасць крытыкаваць, гаварыць праўду. Атрымоўваецца парадаксальная сітуацыя. З аднаго боку, праўдалюба заахвочваюць, яму гавораць: «Хлеб-соль еш, а праўду рэж», «Што праўда, то не грэх», «Не той дабрахот, у каго на вуснах мёд» і г. д. А з другога — яго недалюбліваюць, з яго пасмейваюцца, на яго скоса пазіраюць, асабліва той, каму ён сказаў у вочы праўду-матку. Ён чуў не раз пра «святое нездавальненне» самім сабой і іншымі, але вось ён стаў гэтае нездавальненне выказваць, і яго ўзнагароджваюць такімі эпітэтамі, як «няўжыўчывы», «незгаворлівы», «непрыемны»... У яго ўскладняюцца адносіны дома і на працы, ён уступае ў канфлікт з начальствам. Каб нейкім чынам аблегчыць яго жыццё, блізкія людзі пачынаюць яму падказваць: «Сказанае слова серабро, не сказанае — золата», «Слухай многа, гавары мала» і г. д. І паколькі ў нашага праўдалюба ёсць вушы, то ён чуе. І паколькі ў яго ўсё ж ёсць здаровы розум, то ён, гэты розум, пачынае даваць пра сябе знаць.

Ці не падобная сітуацыя назіраецца і ў тым выпадку, калі мы маем справу з літаратурным крытыкам? Ці не такое ж выпрабаванне праходзіць яго прынцыповасць?

З аднаго боку, сапраўды мы надзяляем крытыка высокімі паўнамоцтвамі суддзі і настаўніка, абавязваем яго кіравацца толькі «законам», толькі інтарэсамі літаратуры. Мы гаворым яму, крытыку, што ён павінен быць прынцыповым, незалежным і паслядоўным у сваіх ацэнках, павінен гаварыць праўду і толькі праўду і нічога больш, апрача праўды. У якасці незгасальнага прыкладу для яго прыводзім вядомы факт з гісторыі літаратуры: «утрапёны Вісарыён», г. зн. Бялінскі, з усёй прынцыповасцю ацаніў першую кнігу Някрасава, падверг яе суровай і глыбока зацікаўленай у той жа час крытыцы, і ў выніку... У выніку Някрасаў знайшоў правільны шлях і стаў неўзабаве вялікім паэтам зямлі рускай. І звяртаўся да Бялінскага з пачуццём глыбокай пашаны і ўдзячнасці: «Учитель, перед именем твоим позволь смиренно преклонить колени».

Менавіта ў такім духу ідзе размова аб прызначэнні крытыкі і сёння, пасля партыйнага і пісьменніцкага з'ездаў. Яшчэ раз пацвярджаецца, што крытыка павінна быць баявой, бескампраміснай, па-партыйнаму страснай, прынцыповай і г. д.

Павінна быць... У гэтым як быццам ніхто не сумняваецца, супраць гэтага ніхто не пярэчыць, — ні пісьменнікі, ні чытачы, ні самі крытыкі.

А з другога боку...