Выбрать главу

І тут памяць падказвае мне, адзін за адным, рэальныя факты з нашага рэальнага літаратурнага жыцця. Прыгадваецца, якую адмоўную рэакцыю выклікала з боку некаторых літаратараў выступленне Янкі Брыля на адным пісьменніцкім сходзе. Магчыма, дакладчык быў і катэгарычны ў некаторых сваіх ацэнках, але давайце ўсё ні прызнаем зараз, калі прайшоў час і страсці сціхлі, што выступленне было прынцыповым, што яно было прадыктавана клопатам пра нашы літаратурныя справы.

Прыгадваюцца і «блуканні па пакутах» здольнага маладога крытыка Серафіма Андраюка. Кнігу яго артыкулаў доўга не выдавалі, хаця яна ўжо займала пазіцыю ў выдавецкім плане, была здадзена ў набор і павінна была вось-вось выйсці ў свет. Не выдавалі па той дзіўнай прычыне, што яе аўтар, маўляў, аднаму празаіку аддаў больш увагі, другому менш, а трэцяму не аддаў зусім. Як быццам крытык — гэта чэхаўская душачка, якая можа з аднолькавай лёгкасцю і ў адной і той жа меры любіць Ванечку Кукіна, Васечку Пуставалава і Валодзечку Смірніна. Другі ўрок «прынцыповасці» С. Андраюк атрымаў тады, калі яго прымалі ў Саюз пісьменнікаў. Яго калег, сярод якіх былі і менш актыўныя творча за яго, прынялі, а Андраюка забалаціравалі. (Хаця менавіта яму, дарэчы, было даручана за некалькі дзён да гэтага выступіць на пасяджэнні секцый крытыкі і прозы з аглядам новых твораў беларускай прозы.)

Прыгадваюцца нягоды і другога цікавага, зноў-такі актыўнага і прынцыповага крытыка Васіля Бурана, артыкулам якога газета «Літаратура і мастацтва» пачынала ў свой час дыскусію аб стане сучаснай нашай навелы. В. Буран таксама прапаноўваў выдавецтву сваю кнігу, але з гэтага намеру нічога добрага не выйшла, рукапіс яму тады вярнулі.

Пропала книга! Уж была Совсем готова — вдруг пропала! Бог с ней, когда идее зла Она потворствовать желала. А если ты честна была, Что за беда, что ты смела?

І сапраўды, што за бяда? Хіба можна ў літаратуры і, у прыватнасці, у літаратурнай крытыцы без смеласці, сумленнасці і іншых падобных якасцей, якія, па сутнасці, і робяць яе прынцыповай, баявой, партыйнай?

Прыгадваюцца і некаторыя іншыя, яшчэ зусім свежыя ў памяці факты... Не, недарэмна я ўсё ж пачаў свае нататкі са спачування крытыкам. На іх пакрыкваюць, ім загадваюць, ім прад'яўляюць недарэчныя прэтэнзіі і неапраўданыя абвінавачванні, навязваюць неўласцівыя ім функцыі. Каб не хадзіць далёка за іншымі прыкладамі, давайце заглянем у артыкул Якава Герцовіча, якім — разам з артыкулам Міколы Лобана — газета «Літаратура і мастацтва» пачала размову аб стане і задачах крытыкі. Я. Герцовіч спачатку таксама сцвярджае, што «ад нас саміх, ад нашай партыйнай прынцыповасці, ад нашай прафесійнай падрыхтаванасці залежыць лёс вельмі патрэбнага жанру» (г. зн. літаратурнай крытыкі. — А. В.). Але як ён разумее прынцыповасць і падрыхтаванасць? Літаральна тут жа, у тым жа абзацы, ён піша: «Няхай самакрытычна задумаюцца аўтары паасобных рэцэнзій, артыкулаў і манаграфій, калектыўных і індывідуальных зборнікаў, і яны абавязкова заўважаць, што ўвесь іх пафас скіраваны на праслаўленне некалькіх празаікаў і паэтаў...» і г. д. і да т. п. Бачыце, як гаворыць з крытыкамі нават іх сабрат па жанру. Але справа не толькі ў тоне. Справа ў тым, што крытык нейкім дзіўным спосабам ажыццяўляе на практыцы тую самую адказнасць за літаратуру і прынцыповасць, пра неабходнасць якіх гаворыць. Ён не вядзе размову па сутнасці справы, не гаворыць, напрыклад, што так вось крытык незаслужана ўзняў на шчыт твор аднаго пісьменніка і ў той жа час твор другога несправядліва ігнаруе. Ён адмаўляецца называць імёны і творы, не прыводзіць аргументы і прыклады, хаця гэта якраз і трэба было б рабіць у імя той жа справядлівасці і прынцыповасці, якой ён патрабуе ад іншых. Хаця менавіта такім шляхам, шляхам спрэчак і абмену думкамі, і знаходзіцца ісціна.

Так, цяжка не пагадзіцца з літоўскім крытыкам В. Кубілюсам, які піша ў «Вопросах литературы» пра «вялікі і цяжкі абавязак крытыка». «Я гавару цяжкі, — тлумачыць В. Кубілюс, — бо ў нас пісьменнікі падчас прывыкаюць да таго, каб крытыка стаяла на каленях і, узняўшы ўгору поўныя захаплення вочы, пела хвалебныя гімны. Ёсць многа спосабаў «зарвавшуюся» крытыку «поставить на место», асабліва калі самі аўтары дазваляюць сабе быць пракурорамі сваіх крытыкаў. І пры гэтым яны выступаюць ад імя ўсёй савецкай літаратуры: крытыкуючы мяне, тым самым падрываеш асновы самой савецкай літаратуры ці нават і таго горш...»

Праўда, павінен дадаць, пракуроры ад літаратуры, грозныя антыкрытыкі нічога не маюць супраць таго, каб скіраваць агонь крытыкі ў чый-небудзь іншы адрас. Больш таго, тут яны не пярэчаць нават супраць сумнай памяці рапаўскай даўбешкі (яе сінонім: крытычная аглобля). І крытык тут ім мроіцца ў вобразе крапівоўскага Брандмайстра, які кожны дымок прымае за небяспечны пажар і гатовы «праз дурную спешку закінуць сам у стружкі галавешку».